У Брэсцкай вобласці завяршыўся праект “IT-лагер”. У гэтым годзе інтэнсіў па сучасных тэхналогіях быў арганізаваны для амаль сотні выхаванцаў дзіцячых дамоў, а таксама дзяцей з сем'яў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Школьнікі вучыліся праграмаваць, ствараць сайты і канструяваць робатаў.
IT-лагер МТС праходзіў на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра "Колас" і дзіцячых аздараўленчых лагераў “Арляня” і “Салют” у Брэсцкай вобласці. Урокі праводзілі выкладчыкі Школы інфармацыйных тэхналогій па шасці тэматычных кірунках: “Робататэхніка”, “Стварэнне сайта”, “3D-мадэляванне”, “Праграмаванне ў Scratch і Kodu”, “Графічны дызайн” і “Дызайн інтэрфейсаў”.
Вучэбная праграма была распрацавана для школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Дзеці вывучалі асновы праграмавання, малявалі аб'ёмныя 3D-мадэлі, вучыліся самастойна ствараць робатаў. Для замацавання навыкаў яны распрацоўвалі сайты са зручным карыстальніцкім інтэрфейсам і пісалі праграмы для чат-ботаў.
У рамках праекта таксама прайшоў адкрыты ўрок, які правёў робат. Больш за 250 дзяцей даведаліся пра асноўныя прынцыпы робататэхнікі. Акрамя таго, кібер-педагог расказаў, з якіх элементаў складаецца прылада са штучным інтэлектам, дзе сёння выкарыстоўваюцца робаты і якія прафесіі будуць запатрабаваныя ў будучыні.
“IT-лагер” — сумесны праект кампаніі МТС і Міністэрства адукацыі. У гэтым годзе ён быў рэалізаваны ўжо ў трэці раз.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/it-lager
[2] https://zviazda.by/be/tags/robaty
[3] https://zviazda.by/be/tags/shkolniki-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachyya-damy