Што было, — было: адзін з вернікаў і ў адчаі, можна сказаць, у сінагогу прыйшоў, сказаў: «Рэбе, у мяне такія праблемы, такія праблемы! Я не магу з імі справіцца... Што рабіць? Што думаць?..» — «Мойша, — пачуў у адказ, — Бог кожнаму пасылае праблемы па ягоных сілах. Так што ў цябе адно з двух: альбо ты можаш з імі справіцца, альбо гэта не твае праблемы».
То-бок у Мойшы варыянтаў два. У нашым жа звяздоўскім конкурсе на лепшы подпіс да здымка, мусіць, больш за сто дваццаць два, а выбраць давядзецца адзін — найлепшы. Праўда, гэта будзе потым, а пакуль...
«Зноў доўгачаканая рубрыка! Нарэшце!.. Разумеем, што даецца яна не проста, — пішуць сужэнцы Астроўскія з Мінска, — але ж сёння без яе, без гумару, без чарговага задання ну проста ніяк!.. Гэты вось, новы здымак (можна яшчэ раз глянуць на верхні. — Аўт.) напомніў нам многае: і цудоўныя мясціны роднага краю, і ваеннае ліхалецце, і Чарнобыль... Яно і зразумела: вельмі шмат што жыццё кладзе нам на плечы...»
Адкуль, трэба разумець, і досыць сумнае:
Факт на здымку не з вясёлых:
Кветак шмат, ды гінуць пчолы,
Бо аграрнікі заўзята
Распыляюць хімікаты:
Ім што поле, то нагода,
А прыродзе — шкода, шкода,
Ад якой — і як заўсёды —
Шмат праблем...
Яшчэ і з мёдам.
Пра іншыя, не менш балючыя, нагадваюць іншыя чытачы — у тым ліку і ад імя героя... Спадар Віктар Сабалеўскі з Узды, у прыватнасці, піша:
Звабілі ад гмахаў
Родныя сялібы...
Ды ні ў лузе пахаў,
Ні ў ставочку рыбы.
Нібы марсіянін,
Здзіўлены, гуляю.
Ганьба нам, зямляне:
Чысціні шукаю!
А замест яе (і з тога ж канверта)...
Ля Дзвіны ці Нёмна,
Прыпяці ці Сожа
«Шчасцейка» раптоўна
Напаткаці можа:
Ці вада з мазутам,
Ці ў траве бляшанка...
Ад такіх пакутаў
Засцярогся Янка.
Цяжка ў процівагазе, вядома ж... А што рабіць? Зразумела, прыстасоўвацца. Вось і прыстасаваліся, бедныя. І людзі, і палеткі, і кветкі. Больш за тое... «Іх пылку, які ў час цвіцення рассейваюць тычынкі ў пошуках свайго песціка, заўсёды бывае з запасам. І не дзіва, што для чалавека пылок той можа стаць як моцным стымулятарам, так і моцным алергенам», — з веданнем справы піша спадар Іван Сіманёнак з Паставаў. Яго радкі:
Офіснаму клерку
Родная прырода
На пачатку лета
Прычыніла шкоду:
Засвярбела ў носе,
Набрынялі вочы,
Алергена носьбіт —
Жоўценькі пылочак.
Трэба разумець, якраз ад яго, лятучага, той клерк і сам бароніцца з дапамогай процівагаза, і (на думку спадара Міколы Кісяля з Мінска) іншым прапануе:
Той, хто любіць пахі лета,
Ды хвароб баіцца,
Хай запомніць, што вось гэтак
Можна бараніцца:
Усцягнуў процівагаз
І гуляй, як дзікабраз.
У тэму тут і радкі спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў:
Паглядзіце, ягамосці, —
Гэта з будучыні госці...
Стрэнеш недзе
ды сам-насам, —
Каб не стаў заікам часам.
А некалі ж, некалі гулялі зусім не так! «Усе цёплыя дні майго маленства, — успамінае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — прайшлі на вадаёмах. Каля нашай вёскі некалі здабывалі торф. Дык вось у былых кар'ерах і вялікай варонцы часоў вайны, запоўненых чысцюткай вадой, мы, дзеці, вучыліся плаваць, набіраліся спрыту і сіл, можа, нават лячыліся, бо там да ўсяго вадзіліся п'яўкі. Здаралася, што нейкія з іх маглі і «грызануць», а для здароўя ад гэтага толькі карысць...»
«Цяпер, — шкадуе спадар Гаўрыш, — тых вадаёмаў няма. На іншых таксама не пакупаешся, бо там то брудная вада, то забарона: нельга, значыць, ні купацца, ні рыбу лавіць... А дзе ж тады расці нашым дзецям ды ўнукам, дзе адпачываць дарослым?»
Актуальнае пытанне. І такі ж адказ:
Каб здаровымі застацца,
Пішуць, нельга тут купацца:
Цячэ хімія з палёў,
Ад яе хварэе кроў...
На пікет прыйшоў Арцём:
«Абаронім вадаём!»
Прыйшоў, як вы заўважылі, падрыхтаваўшыся — у процівагазе... Стаяць у ім, ну вядома ж, не мёд. (Прыкладна як хвораму... «Доктар, — шэпча той, — я ледзь дыхаю, я нічога не бачу...» — «Аплаціце рахункі, — чуе ў адказ, — і я тут жа загадаю, каб з галавы ў вас знялі мяшок».)
Як пасля гэтага чалавек задыхае, вы здагадаліся. А спадарыня Наталля Шкут са Светлагоршчыны яшчэ і напісала:
З прамзоны
ці не ў першы раз
На хутар выехаў Сярожа.
На твар надзеў процівагаз —
Азонам дыхаць ён не можа.
Кажуць, што ад яго і сапраўды галава пачынае балець, бо (заўвага ад спадарыні Валянціны Гудачковай:
Пахі траў — не для мужчын:
Падавайце ім бензін).
Тут, выходзіць, не тое «падалі». Вось хлапец і бароніцца. Ці ўсё ж трэніруецца?
Перад чым? Тое вядома спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:
Ясь знайшоў процівагаз
На гарышчы у дзядулі,
Прымярае ў першы раз:
Хутка ў войска... Там не гулі.
І ў салдаты, не у сваты:
Не заявіш: «Не пайду!»...
А надумаеш хавацца,
Дык пад рукі павядуць.
Зрэшты, можа, і сам папросіцца — як адзін студэнт: прыйшоў ён на першую пару — не тое ў політэхнічны, не тое ў радыё-, пад дыктоўку выкладчыка запісаў тэму заняткаў: «Рэчаісная функцыя камплекснай пераменнай. Сюр'ектыўныя, ін'ектыўныя і біяктыўныя функцыі» — і адразу ж на тэлефон: «Алё, ваенкамат? Я перадумаў. Калі ў вас можна прайсці медкамісію?»
Трэба разумець, захацеў хлапчына служыць. Чым гэта можа абярнуцца, убачыла на здымку спадарыня Гудачкова:
Навабранцу быў прыказ
Берагчы процівагаз!
Захаваў у час вучэнняў!
Ды... згубілася адзенне.
Што на беразе ракі ды ў такой вось высокай траве, мякка кажучы, небяспечна.
Чым канкрэтна, — ведае спадарыня Чыгрынава. Яна ж — не тое просіць, не тое засцерагае:
Не хадзіў бы ты, сынок,
Тут без ботаў і парток:
У трусы «нырне» вужака
І... мужчына ты — ніякі.
Дарэчы, пра мужчын (пра іх — як кажуць жанкі — любой часінай дарэчы)... І таму
Каля рэчкі, каля гаю
Свайго любага пазнаю:
У яго трусы малыя,
Ножкі тонкія, худыя, —
піша спадарыня Галіна Пятроўская са Смаргоншчыны, неяк «не заўважыўшы», процівагаз на твары. З таго ж канверта яшчэ восем заліхвацкіх радкоў:
Лета, рэчка, сенажаць —
Анямелая...
Клічу дзевак паляжаць,
Калі... смелыя.
Калі не? Калі доўга альбо і зусім не ідзе тая адна-адзіная, тады ўжо іншая карціна, іншы і настрой:
Свеціць сонца на ўсё неба,
Сэрца — птушкай у грудзях...
Мяне мілка разлюбіла —
Утаплюся у слязах.
А значыць, сам хлапчына іх пралівае (процівагаз на твары, каб гэтай слабіны нябачна было)... Ці ўсё ж не сам, а (паводле спадарыні Чыгрынавай)... яго крэдыторы да рэчкі «давялі» (ці, можа, і да ручкі):
Не пабіла грады градам,
Не пужаў нажом бандыт...
Ясь застаўся з голым задам
Праз даляравы крэдыт.
І тут вось што крыўдна, папярэджвалі чалавека: ён у банку быў, абмяркоўваў умовы крэдытавання, калі дзверы там расчыніліся і трое з пісталетамі ў гвалт: «Стаяць!.. Гэта аграбленне!» — «Ды я ведаю, — адказаў ім Ясь. — Але ж цешча ўсе вантробы ад'ела: «Бяры крэдыт...», ды «Бяры крэдыт...», «Будуй жыллё» ды «Будуй...»
Трэба разумець, «дабудаваўся» чалавеча: у палях ад крэдытораў хаваецца. А можа — як лічыць спадар Сіманёнак — тут зусім іншы варыянт, з рубрыкі «Крымінальная хроніка»? То-бок «пашчасціла» хлопцу дзеўку сустрэць, з якой так хораша ўсё пачыналася: падабрала, абагрэла... А ўрэшце — абабрала і выгнала. Гэта — калі апісваць празаічным радком, калі паэтычным...
Над купальскаю вадой
Пазнаватым ранкам
Топча жоўты зверабой
Голы-босы Янка.
Страціў розум ён і твар,
Да любошчаў падкі...
Не дапяў — у дзеўкі дар
Яшчэ той махляркі!
Між іншым, можа ён і ў хлопцаў быць. А вось які?
«Гадоў колькі таму ў адной з гарадскіх кватэр «парвала» трубу ацяплення, — успамінае спадар Мікалай Старых з Гомеля. — Сантэхнікі прыехалі на ліквідацыю аварыі. Дзверы адчынілі і як не рухнулі: кватэра (амаль да столі!) была завалена розным барахлом. А паколькі яно яшчэ і намокла... Іншага выйсця не было: пад вокны падагналі трактар, у прычэп паскідалі ўсё «дабро» і вывезлі на сметнік. Так што жывы Курылка!» — сцвярджае шаноўны Мікалай Валянцінавіч. Ад яго ж:
Ля ракі на гэты раз
Ясь знайшоў... процівагаз
І на кумпал свой надзеў...
Да сябе кіруе ў хлеў...
Кажа: «Усякая драбніца
Калі-небудзь ды згадзіцца...»
Ну а я зрабіў выснову:
Перад намі Плюшкін новы.
«А вось і не, зусім не!» — упэўнены сужэнцы Астроўскія:
Спорту ў нас даўно пашана:
Дайвінг — любы для Івана.
І на шчасце юнака
Ёсць празрыстая рака.
Там нырае ён заўзята.
То адзін, то разам з братам.
Чэмпіёнам хутка стане.
Мы — упэўнены ў Іване!
А спадарыня Любоў Чыгрынава «ківае» між тым на... Пятра, лічыць, што ён такі скарыстаўся сэлфі-палкай, якую тры гады таму жонка падарыла на 23 лютага: дастаў ёю трусы, што заваліліся за пральную машыну, і нават у іх прыбраўся, а потым
Бачу, у нас на сэлфі мода?
Вырашыў праславіцца:
Хтось «нанёс» тату з нагоды,
Ён у «масцы» плавіцца.
І каб толькі:
Закарцела-такі Пецю
«Засвяціцца» ў інтэрнэце,
Дык на твар у гэты раз
Нацягнуў процівагаз.
Карацей, чым бы дзіця ні цешылася... А бацькі пазіраюць ды ціхую гамонку вядуць: «Не ўяўляю, як мы будзем яго ад грудзей адлучаць?» — «Ну як?.. Скажам: «Сынок, ты ўжо вялікі, табе ў войска пара, мама з табой пайсці не можа»...
А таму напрыканцы — заклік ад спадарыні Пятроўскай:
У анлайнах, выбачайце,
Годзе, хлопчыкі, сядзець:
Болей грошай зарабляйце —
Жонкі знойдуць, дзе іх дзець!
(Размова дваіх: «Дарагая, калі нашы зберажэнні скласці разам, атрымаецца вялікая кучка?» — «Атрымаецца ямка»).
Вось на гэтай не вельмі вясёлай ноце і можна было б завяршыць чарговы агляд, калі б не трэ было падводзіць вынікі...
Такім чынам, на думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі пра два боты і аўтобус, пакінутыя некім у лесе (гл. нумар «Звязды» за 22 чэрвеня [5]), склалі спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска, Наталля Шкут са Светлагоршчыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Карына Цануніна з Вілейкі, спадары Мікалай Старых з Гомеля, Валерый Гаўрыш з Чавусаў і Мікалай Касмачэўскі....
З гэтым вось, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету на чацвёрты квартал 2019 года накіроўваецца ў Наваполацк.
Хочаце, каб «Звязда» прыходзіла і да вас? Як той казаў, не пытанне: афармляйце падпіску, альбо, уважліва паглядзеўшы на новы конкурсны здымак, тварыце! То-бок прыдумвайце кароткі (не больш за восем радкоў) подпіс (а можна і некалькі...), дасылайце ў рэдакцыю.
Шанц на выйгрыш мае
кожны.
Валянціна Доўнар
Фота Анатоля Клешчука
Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі строгага адбору, не трапілі на старонкі газеты — гэтым разам. Затое наступным...
Пішыце!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[5] http://zviazda.by/be/news/20190621/1561133162-mescy-yosc-z-durnoyu-slavay-dy-razumnym-aby-splavac
[6] https://zviazda.by/be/hto-kago