Фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка", у які выйшлі 15 хлопчыкаў і дзяўчынак, пройдзе ў Слоніме 31 жніўня, напярэдадні Дня беларускага пісьменства, паведамілі ў эфіры СТБ [1].
Удзельнікамі конкурсу сталі больш за 13 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў краіны. Паўфінал адбыўся ў чэрвені ў Нацыянальнай бібліятэцы, куды з'ехаліся пераможцы раённага, абласнога і Мінскага гарадскога этапаў конкурсу, каб паказаць свой артыстызм і майстэрства падчас выканання твораў беларускай літаратуры.
Журы ў складзе вядомых беларускіх пісьменнікаў адабрала юных чытальнікаў у чатырох узроставых катэгорыях (1-4-я класы, 5-6-я класы, 7-8-я класы, 9-10-я класы). Канкурсанты ў гэтым годзе часцей за ўсё выбіралі творы Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Аркадзя Куляшова, Алеся Бачылы, Рыгора Барадуліна. Асаблівую ўвагу яны надалі тэме малой радзімы і вайны.
Спасылкі
[1] http://www.ctv.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/zhyvaya-klasika