Шостая сесія Палаты прадстаўнікоў завяршыла сваю работу ў канцы чэрвеня, сёмая пачнецца ў кастрычніку. Але канікул у парламентарыяў не бывае: яны актыўна дапрацоўваюць да разгляду праекты законаў, займаюцца грамадска-палітычнай, міжнароднай дзейнасцю, працуюць у акругах.
«Звязда» сустрэлася ў Палаце прадстаўнікоў з членамі Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, дэпутаты расказалі пра набыты вопыт і самыя значныя, на іх погляд, законапраекты, за падрыхтоўку якіх адказвала камісія.
Асноўныя кірункі
Валянціна Ражанец: У Пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вызначаны асноўныя прыярытэты ўпэўненага курса нашай краіны: дабрабыт народа, міралюбівая знешняя палітыка і нацыянальная бяспека. Уласна кажучы, на гэта і накіравана работа парламента.
Мы разгледзелі шмат законапраектаў, але важная не лічба, а змест. Дэпутаты літаральна жылі гэтымі праектамі законаў, карпатліва над імі працавалі.
Адам Кавалька: Хачу паведаміць пра некаторыя з іх. Першы датычыцца замацавання ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе права сведкі запрашаць адваката для атрымання юрыдычнай дапамогі пры працэсуальных дзеяннях.
Гэтае права грунтуецца на артыкуле 62 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якім кожны мае права на юрыдычную дапамогу, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў. Права ўніверсальнае і не можа быць абмежавана. Разам з тым у нашым заканадаўстве да нядаўняга часу адсутнічалі прававыя нормы, якія рэгламентавалі ўдзел адваката сведкі ў крымінальным працэсе. У рабоце над праектам закона актыўна ўдзельнічалі Генеральная пракуратура, Следчы камітэт, Міністэрства ўнутраных спраў і іншыя. Пасля шматлікіх дыскусій заканадаўчы акт быў прыняты і 31 студзеня 2018 года ўступіў у сілу. Практыка паказала: сведкі карыстаюцца паслугамі адваката, юрысты адзначаюць прагрэсіўнасць прынятых змяненняў.
Вельмі насычаная была работа над законапраектам «Аб змяненні законаў» (па пытаннях паляўнічай гаспадаркі і палявання). Дакумент накіраваны на лібералізацыю праваадносін у гэтай сферы і рэалізацыю Указа кіраўніка нашай дзяржавы № 112. Праектам прапанавалася змякчыць адміністрацыйныя пакаранні за нязначныя парушэнні, дапушчаныя паляўнічым або карыстальнікам паляўнічых угоддзяў пры правядзенні палявання ці паляўніча-гаспадарчай дзейнасці. Гэта дазволіць у далейшым прымяняць меры маральнага ўздзеяння, а не штрафныя санкцыі.
Папярэдзіць беспарадкі і вяртанне «карычневай чумы»
Валерый Саўко: Я працаваў з законапраектам «Аб змяненні Закона «Аб масавых мерапрыемствах». Асноўная яго навацыя — увядзенне паведамляльнага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у прызначаных для гэтага месцах. Акрамя таго, законам прадугледжаны шэраг мер, якія накіраваны на забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі.
Мне таксама давялося ўзначальваць рабочую групу па падрыхтоўцы змяненняў у Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». У чэрвені ён быў прыняты ў другім чытанні.
Уводзіцца крымінальная адказнасць за наўмысную публічную рэабілітацыю нацызму нароўні з распальваннем расавай або іншай сацыяльнай варожасці і ўзмацняецца адміністрацыйная адказнасць за проціпраўныя дзеянні з нацысцкай сімволікай. «Які ў нашай краіне можа быць нацызм?» — такое пытанне ўзнікла ў мяне, напэўна, як і ў большасці беларусаў. Аднак прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў агучылі лічбы і паказалі фотаздымкі, якія шакіруюць. За апошнія тры гады ў 15 разоў вырасла колькасць выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюджванне нацысцкай сімволікі. Мы не павінны здраджваць памяці і забыць, колькі гора і пакут ад фашызму перанёс наш народ.
Валянціна Ражанец: Яшчэ адзін аспект работы над законапраектам — комплексны і шырокі падыход да вырашэння праблемы. Не толькі забарона, увядзенне крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці, але неабходнасць выхаваўчай работы ў сям'і, у дзіцячых садках, школах, выхаванне любові да сваёй малой радзімы, — уласна, з гэтага і пачынаецца патрыятызм.
Пра адказнасць
«Звязда»: Кампетэнцыя Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі досыць шырокая, вы рыхтавалі і законапраекты, якія датычацца лібералізацыі адміністрацыйнай адказнасці.
Васіль Баранік: Так, у прыватнасці — у сферы малога і сярэдняга бізнесу, якому вельмі важна забяспечыць далейшае развіццё і стварыць спрыяльныя ўмовы. Заканадаўчыя акты распрацаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дэкрэта Прэзідэнта № 7, зменшаны штрафы, выключаны шэраг не запатрабаваных практыкай, не адпавядаючых эканамічным рэаліям фармальных складаў адміністрацыйных правапарушэнняў. Праект закона, які я ў свой час вёў, абмежаваў злоўжыванні ў сферы кантролю. Закон уступіў у сілу і цяпер за праверкі, якія праведзены з грубымі парушэннямі заканадаўства, рэвізораў могуць аштрафаваць на суму ад 20 да 100 базавых велічынь.
Абараніць дзяцей
«Звязда»: Была яшчэ адна важная тэма ў рабоце Камісіі: абарона дзяцей ад інфармацыі, якая шкодзіць іх здароўю і развіццю.
Валянціна Ражанец: Закон, які датычыцца пытанняў абароны дзяцей ад інфармацыі, якая шкодзіць іх здароўю і развіццю, быў падрыхтаваны Камісіяй Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання і ўступіў у сілу 1 ліпеня 2017 года.
Абагульніўшы ўласны вопыт работы ў выбарчых акругах, члены камісіі прыйшлі да высновы, што неабходна не толькі вывучаць правапрымяняльную практыку, але і звярнуць асаблівую ўвагу на тлумачэнне сэнсу і зместу новых нормаў у заканадаўстве, якія маюць шырокі грамадскі рэзананс.
З гэтай мэтай 1 чэрвеня 2017 года ў горадзе Астравец Гродзенскай вобласці адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі, а таксама прайшлі сустрэчы ў працоўных калектывах, з жыхарамі рэгіёна, падчас якіх удзельнікі змаглі абмяняцца меркаваннямі і атрымаць адказы на пытанні. Такая форма работы, на думку Камісіі, мела станоўчы эфект. Нам разам са спецыялістамі варта больш шырока весці растлумачальную работу па змесце новых заканадаўчых нормаў, механізме іх рэалізацыі, актыўна выкарыстоўваць гэты найважнейшы інструмент у канструктыўным дыялогу з людзьмі.
Працягваючы сістэмную работу, адным з прыярытэтных кірункаў якой з'яўляецца абарона і рэалізацыя правоў і законных інтарэсаў дзіцяці, сёлета ў лютым правялі круглы стол, на якім былі абмеркаваны першыя вынікі рэалізацыі прынятага заканадаўчага рашэння.
У гутарцы акрамя парламентарыяў удзельнічалі прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, інфармацыі, унутраных спраў, пракуратуры, ЮНІСЕФ, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, сотавых аператараў і іншыя. Што мы, дарослыя, можам і павінны зрабіць яшчэ, каб дзяцінства не было азмрочана нечымі неправамернымі дзеяннямі, не былі скажоныя фарміраванне маральных прынцыпаў, пабудова прыярытэтаў і каштоўнасцяў падлеткаў? На гэтых і іншых пытаннях была засяроджана ўвага пры абмеркаванні вынікаў рэалізацыі прынятага заканадаўчага рашэння, ацэнцы яго эфектыўнасці, зразумеласці і даступнасці для выканання.
Мы глыбей падышлі да гэтай тэмы, калі працавалі над папраўкамі ў Закон «Аб сродках масавай інфармацыі». У спіс забароненай да распаўсюджання, напрыклад, была ўключана інфармацыя, накіраваная на прапаганду суіцыдальных дзеянняў. Разам з тым неабходна павышаць узровень інфармацыйнай культуры грамадства, фарміраваць пазіцыю непрымання дэструктыўнай інфармацыі. Над гэтым яшчэ належыць нямала папрацаваць.
«Звязда»: І тут мы зноў кажам пра выхаванне...
Валянціна Ражанец: Размова таксама пра самарэгуляцыю інфармацыйнай прасторы. Як дабіцца таго, каб людзям сталі нецікавыя сайты з «брудным» зместам, каб яны адрознівалі нейтральную інфармацыю ад небяспечнай? Кожны чалавек павінен разумець сваю адказнасць перад іншымі.
За перыяд дзейнасці шостага склікання на базе абласных газет «Гомельская праўда» і «Гродзенская праўда» адбыліся пашыраныя выязныя пасяджэнні Пастаяннай камісіі і Камісіі Парламенцкага сходу па інфармацыйнай палітыцы, на якіх разглядаліся асноўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця медыйнай сферы, абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Міжнародныя адносіны
«Звязда»: Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных парламенцкіх мерапрыемствах...
Адам Кавалька: На маю думку, аўтарытэт Беларусі ўзмацніўся. Удзел у такіх мерапрыемствах дае плён, і гэту дзейнасць трэба выкарыстоўваць для наладжвання супрацоўніцтва ў розных кірунках.
Валянціна Ражанец: Беларусь трэба ўбачыць і адчуць, бо часам распаўсюджаныя стэрэатыпы перашкаджаюць успрымаць нашу краіну непрадузята. І самы лепшы сродак — жывыя зносіны, дыялог. Прадстаўнікі нашай Камісіі рэгулярна ўдзельнічаюць у канферэнцыях і іншых мерапрыемствах пад эгідай ААН, АБСЕ, Савета Еўропы, у раўндах дыялогу па правах чалавека з Еўрапейскім саюзам і ЗША. Праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, замежнымі дыпламатамі.
Палітычная сталасць
«Звязда»: Якое ўражанне ў дэпутатаў ад работы непасрэдна ў выбарчых акругах? З якімі пытаннямі прыходзяць людзі?
Валерый Саўко: У асноўным з жыццёвымі: дзесьці трэба навесці парадак, уладкаваць дваровыя тэрыторыі, звяртаюцца наконт рамонту і будаўніцтва дарог. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя ўлады ведаюць праблемы і вырашаюць іх, і трэба разумець, што існуе пэўная чарговасць. Адначасова ўсё зрабіць немагчыма, да таго ж у асобных выпадках патрабуюцца немалыя фінансавыя ўкладанні.
Трэба адзначыць, што людзі выказваюць цікавасць да дзеючых законаў і ўносяць свае прапановы. На маю думку, і палітычная, і прававая адукаванасць нашага насельніцтва расце.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/palityka
[4] https://zviazda.by/be/parlament
[5] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou-nacyyanalnaga-shodu-belarusi
[6] https://zviazda.by/be/tags/deputaty
[7] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekt-0