XXIV Міжнародны пленэр па жывапісе "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве", прысвечаны Году малой радзімы, пройдзе ў верасні на тэрыторыі Беларусі і Расіі, паведамілі [1] БЕЛТА ў аргкамітэце.
Першая частка беларуска-расійскага праекта пройдзе на тэрыторыі Тульскай вобласці. 9 верасня беларускі склад мастакоў адправіцца працаваць у дзяржаўны мемарыяльны гісторыка-мастацкі і прыродны музей-запаведнік Васіля Паленава. "Прымаць удзельнікаў пленэру на расійскай зямлі стала добрай традыцыяй. Праграма знаходжання будзе насычанай. Плануюцца творчыя паездкі па навакольнай мясцовасці Тулы", - расказалі субяседнікі.
А 19 верасня мастакоў будзе сустракаць Магілёўская вобласць. Чакаецца, што да беларускіх майстроў далучацца таленавітыя жывапісцы з Афганістана, Казахстана, Расіі, Узбекістана, Украіны, Рэспублікі Карэя. Мастакі наведаюць Бялыніцкі і Шклоўскі раёны. "Госці змогуць не толькі азнаёміцца з беларускай прыродай, архітэктурай, мясцовымі жыхарамі, але і адчуць радасць сустрэч, падзяліцца вопытам, стварыць унікальныя жывапісныя палотны, - адзначылі субяседнікі. - Запланаваны майстар-класы, творчыя сустрэчы, вечары нацыянальных культур".
Для пленэрыстаў падрыхтавана і культурная праграма, якая ўключае пешаходную экскурсію па абласным цэнтры, знаёмства з музеямі горада, мемарыяльным комплексам "Буйніцкае поле".
Па выніках пленэру ў канцы верасня ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава адкрыецца выстава "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве". У экспазіцыю ўвойдуць лепшыя работы аўтараў.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/majstry-z-sjami-krain-prymuts-udzel-u-plenery-vobraz-radzimy-u-vyjaulenchym-mastatstve-80535-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/plener
[3] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyyaulenchae-mastactva
[5] https://zviazda.by/be/tags/mastak