Колькасць турыстаў, якія прыехалі ў Беларусь па бязвізавым рэжыме, у студзені-ліпені 2019 года склала каля 174 тыс. Гэта на 62 працэнты больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года, паведаміў [1] БЕЛТА намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме - начальнік аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч.
"Што датычыцца бязвізавага ўезду, то праз Нацыянальны аэрапорт Мінск і ў бязвізавыя зоны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей за сем месяцаў гэтага года прыбыло каля 174 тыс. чалавек. Гэта на 62 працэнты больш, чым за сем месяцаў мінулага года", - расказаў Віталь Грыцэвіч.
У Мінспорту разлічваюць, што колькасць бязвізавых турыстаў будзе расці і далей - 7 жніўня падпісаны ўказ нумар 300 аб аб'яднанні бязвізавых турыстычных зон Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Ён уступіць у сілу праз тры месяцы, таму, хутчэй за ўсё, эфект прынятых мер будзе відаць ужо ў наступным годзе.
"Для Мінспорту самае галоўнае - гэта павелічэнне часу знаходжання турыстаў на тэрыторыі Беларусі, адпаведна, рэгіёны змогуць атрымаць дадатковыя сродкі. Так, калі цяпер у сярэднім замежны грамадзянін праводзіць у бязвізавых зонах 2,5 дня, то пасля аб'яднання турыстычных зон, паводле ацэнак спецыялістаў, яны будуць ужо спыняцца на 3,5-4 дні", - адзначыў Віталь Грыцэвіч.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/turystychny-patok-u-belarus-pa-bjazvizavym-rezhyme-vyras-na-62-pratsenty-80662-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/turyst
[3] https://zviazda.by/be/tags/turyzm
[4] https://zviazda.by/be/tags/byazvizavy-rezhym