У Налібоцкай пушчы 31 жніўня пройдзе пошукавы рэаліці-квэст. У мерапрыемстве прыме ўдзел знакаміты вядучы і знаўца выжывання ў дзікай прыродзе Мікалай Драздоў. Мэта квэста, які правядзе мабільны аператар МТС сумесна з пошукава-выратавальным атрадам “Анёл”, -- даць магчымасць усім неабыякавым паспрабаваць сябе ў ролі валанцёра.
Квэст будзе максімальна набліжаны да пошукавай аперацыі. Камандам трэба будзе пабудаваць правільны маршрут і адшукаць лагер, дзе іх будзе чакаць Мікалай Драздоў. Для таго каб паспяхова справіцца з задачай квэста, удзельнікам трэба адшукаць арыенціры ў лесе па компасе, аказаць першую дапамогу і зрабіць прылады для выратавання з падручных сродкаў. Суправаджаць каманды будуць вопытныя інструктары.
У лагеры вядомы тэлевядучы правядзе майстар-клас па правілах паводзін у дзікай прыродзе і раскажа пра свае прыгоды на незаселеным востраве ў праекце “Апошні герой”.
Прыняць удзел у квэсце можа любы ахвотны старэйшы за 18 гадоў. Для гэтага трэба да 27 жніўня прайсці рэгістрацыю і зрабіць рэпост апошняга запісу з паблікаў “Анёла” (на выбар -- Facebook, ВК, Instagram, ОК) з хэштэгам #ЯидуискатьсМТС. Пасля гэтага валанцёры атрада выберуць удзельнікаў, імёны якіх будуць абвешчаны 29 жніўня.
“Мы хочам паказаць, што дапамагаць іншым вельмі важна і не так складана, як часам здаецца. Менавіта таму сцэнарый квэста максімальна набліжаны да ўмоў пошукава-выратавальнай аперацыі. Спадзяемся, што добраахвотнікі, якія пройдуць квэст, змогуць прымяніць свае навыкі ў будучыні і, магчыма, выратаваць камусьці жыццё. Акрамя таго, яны будуць ведаць, як паводзіць сябе ў лесе і ў іншай неспадзяванай сітуацыі”, -- растлумачылі ў кампаніі МТС.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/realici-kvest
[2] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-drazdou
[3] https://zviazda.by/be/tags/nalibockaya-pushcha