«Вас трэба пакараць, не месца вам у дзяржаўных органах! Гэта з-за вас, дзяўчынак саплівых, якія нічога не ведаюць пра сямейныя адносіны, у якіх няма сваіх дзяцей, суд няправільнае рашэнне прыняў і мяне ніхто не паслухаў. Вы ж з маёй былой жонкай згаварыліся»... Так крычаў Анатоль, махаў кулакамі і стукаў па стале, патрабуючы другое заключэнне, якое, на яго думку, стане асновай для адмены рашэння суда, які пастанавіў, што чатырохгадовая Палінка павінна жыць з маці. Такія пагрозы і папрокі для спецыялістаў па апецы (папячыцельстве), якіх, дарэчы, усяго 12 чалавек на дзевяць раёнаў сталіцы, не навіна і не рэдкасць. Найбольшая колькасць зваротаў у органы апекі і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама датычыцца менавіта сямейных спрэчак паміж былымі сужэнцамі аб вызначэнні парадку зносін і месца жыхарства дзяцей...
Незадаволеныя бацькі, як правіла, скардзяцца, што спецыялісты органаў апекі перадалі ў суд няправільнае заключэнне, таму выйшла не так, як яны жадалі. Або патрабуюць, каб судовую пастанову выконвала не служба органаў прымусовага вядзення, а спецыялісты апекі.
— Функцыі па апецы і папячыцельстве ў дачыненні да непаўналетніх ускладзены на ўпраўленні па адукацыі. І ва ўсіх раёнах сталіцы сапраўды працуе моладзь. Нягледзячы на тое, што іх мала, яны спраўляюцца. Тым больш што гэта адукаваныя, кампетэнтныя спецыялісты, якія мусяць кантраляваць свае паводзіны, паколькі яны дзяржслужачыя. Пры гэтым яны вымушаны выслухоўваць усе прэтэнзіі грамадзян, — каментуе Зінаіда ВАРАБ'ЁВА, загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. — Усе сітуацыі, спрэчкі, канфлікты пры абароне інтарэсаў дзяцей разглядаюцца з прыцягненнем сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў, устаноў адукацыі, спецыялістаў раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў (СПЦ) і цэнтраў карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. Аднак праблема ў тым, што, як паказвае практыка нашага ўдзелу ў судовых пасяджэннях па сямейных спрэчках, часта свабоды і інтарэсы дзяцей парушаюцца іх уласнымі бацькамі, якія злоўжываюць сваімі правамі на малых.
Сапраўды, часам даходзіць нават да таго, што адзін з бацькоў выкрадае дзіця ў другога — з якім малому прызначана жыць па судзе — і ўтойвае яго ад сваякоў, хаваецца, мяняе месца жыхарства. Такімі неправамернымі паводзінамі выкрадальнік парушае правы добрасумленнага бацькі, таму што адсутнічае эфектыўны механізм абароны законнага прадстаўніка дзіцяці.
— Адміністрацыйная працэдура, якая прадугледжвала б устанаўленне органам апекі і папячыцельства парадку ўдзелу ў выхаванні дзіцяці таго з бацькоў, які жыве асобна ад малога, у заканадаўстве краіны адсутнічае. Палажэннем аб органах апекі і папячыцельства на органы ўпраўлення адукацыяй абавязак вызначаць парадак удзелу ў выхаванні дзяцей асобна пражываючых ад іх бацькоў таксама не ўскладзены. Усе спрэчкі, што датычацца гэтага пытання, вырашаюцца судамі, а орган апекі і папячыцельства пры разглядзе такіх пытанняў прыцягваецца да ўдзелу ў справе згодна з артыкулам 86 Кодэкса аб шлюбе і сям'і, — сцвярджае спецыяліст. — Пры гэтым судовы разбор прызначаецца пасля атрымання ад органаў апекі і папячыцельства заключэння па сутнасці разглядаемай спрэчкі разам з дакументамі, дзе адлюстраваны выяўленыя абследаваннем фактычныя абставіны справы. Аднак заключэнне — гэта толькі адзін з доказаў, якія ацэньваюцца судом нароўні з іншымі. Яно не мае для суда загадзя ўстаноўленай сілы. Суд можа не пагадзіцца з вывадамі заключэння і вынесці іншае рашэнне, якое ён абавязаны матываваць. Калі ж абследаванне было недастаткова кампетэнтнае або кваліфікаванае, а вывады супярэчаць абставінам справы, або калі неабходна праверыць аб'ектыўнасць пазіцыі асобы, якая праводзіла абследаванне, суд мае права прызначыць паўторнае абследаванне.
З іншага боку, цяжкасць выканання рашэння суда па справах, звязаных з вызначэннем месца жыхарства дзіцяці і ўстанаўленнем парадку ажыццяўлення бацькоўскіх правоў, спрыяе безадказным і беспакараным паводзінам таго з бацькоў, хто не выконвае судовае рашэнне. Пры гэтым чым больш малое не бачыцца з адным з бацькоў, тым больш на яго ўплывае той, хто жыве з ім. Спрэчкі па выхаванні дзяцей працяглыя. І звычайна іх выйграе той, хто менш думае пра дзіця, для каго не важна, як іх дачка ці сын у далейшым пабудуюць узаемаадносіны ва ўласных сем'ях, хто не зважае на тое, што малыя выхоўваюцца ў непрыязнасці, а то і ў непрыманні ўласнай маці ці бацькі, мяркуе Зінаіда Вараб'ёва.
З кожным годам гэтая праблема, на жаль, толькі абвастраецца, што, у сваю чаргу, супярэчыць інтарэсам дзіцяці, якое ў выніку разлукі бацькоў знаходзіцца ў стрэсе. Пры гэтым заканадаўствам устаноўлены межы ажыццяўлення бацькоўскіх правоў, пры парушэнні якіх павінны ўключацца механізмы абароны і малога, і пацярпелага з бацькоў з прыцягненнем вінаватага боку да адказнасці. Аднак пакаранне за невыкананне рашэння суда ў выглядзе штрафу — гэта несур'ёзна. Яно толькі падкрэслівае, што законам прадугледжаны яўна недастатковыя меры ўздзеяння на таго з бацькоў, хто перашкаджае выхоўваць дзіця і клапаціцца пра яго другому, калі той жыве асобна ад малога, сцвярджае прадстаўніца Мінгарвыканкама.
— Нядаўна ў нас узнікла сітуацыя, калі прымусовае выкананне рашэння, звязанага з адабраннем дзіцяці і перадачай яго іншай асобе, запатрабавала змяшчэння падлетка ў прытулак СПЦ, дзе з ім займаюцца кваліфікаваныя спецыялісты ў галіне дзіцячай псіхалогіі. Аднак выпадкі такога ўладкавання дзяцей, уцягнутых у сямейны канфлікт, адзінкавыя, — гаворыць спецыяліст. — Думаю, што калі б дзеці знаходзіліся ў адным з прытулкаў, пакуль іх бацькі намагаюцца вырашыць свае праблемы, дарослыя змаглі б пераасэнсаваць сітуацыю і зрабіць нешта для яе ўрэгулявання перш за ўсё ў інтарэсах сваіх малых. Лічу, што ў сітуацыях сямейных канфліктаў, калі бакі не могуць дамовіцца, трэба абавязкова, па заяве аднаго з бацькоў, змяшчаць дзяцей у прытулак СПЦ за грошы, якія павінны выплачваць за іх утрыманне ва ўстанове і бацька, і маці.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/backi
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[5] https://zviazda.by/be/tags/specyyalisty-organau-apeki