Часам задумваешся, якую матывацыю знаходзяць людзі, гатовыя дваццаць шосты раз ехаць у Міжнародную навукова-асветніцкую экспедыцыю «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподня? Здавалася б: столькі пройдзена, так многа пабачана, тут чакаць нейкай навізны эмоцый і адчуванняў як быццам ужо i наіўна.
Сапраўды, за 25 год удзельнікі Экспедыцыі праехалі 32 150 км, прайшлі пешым Хрэсным Ходам 637 кіламетраў, выступілі ў 2645 аўдыторыях, наведалі сотні населеных пунктаў – што ў падобнай арыфметыцы памяняюць новыя пара дзясяткаў сустрэч ці новая тысяча вёрст?
Падманлівае ўражанне. Сёлетняя Экспедыцыя надзвычай адметная, адзін са старажылаў “Дарогі”, атрымаўшы падрабязнае апісанне маршруту, у адказ даслаў узрушаны водгук: «Неверагодна цікава!»
У папярэднія гады абедзве Святыні, Лампаду з Благадатным Агнём і цудадзейную Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрову Прасвятой Багародзіцы нам перадавалі ў кафедральным Свята-Духавым саборы. Аднак адносна нядаўна ікона прапісалася ў храме Уладзіміра Хіраскі ў Мінску, там, на Матусевіча, 33, адбылося шчаслiвае яднанне яўленага пад Баранавiчамi абраза і па-асабліваму чуйных да яго прыхаджан.
Справа ў тым, што iкона, якая блiснула ў каўшы экскаватара i прымусiла перапынiць знiшчэнне праваслаўных могiлак – металiчная, лiтая, i калi невiдушчыя людзi павобмацак, асцярожнымi дотыкамi вывучаюць рэльефныя выявы герояў знакамiтага сюжэту з хрысцiянскай гiсторыi, калi застываюць у нерухомасцi маўклiвага дыялогу са Святыняй…
Гэта ўзрушвае i прымушае паверыць словам, якiмi пазней, ужо адыходзячы ад аналоя, абавязкова падзеляцца сляпыя багамольцы: яны ўсхвалявана паведамяць пра незвычайную цеплыню, якую адчулi пальцамi, далоняй, сэрцам!
Прыхаджане храма Уладзiмiра Хiраскi надзвычай узнёсла вiтаюць Загор’е-Сталавiцкую iкону пасля вяртання з Экспедыцый, гэтым разам упершыню яны будуць урачыста выпраўляць яе на маршрут. Адбудзецца шчырая i светлая сумесная малiтва, якая пачнецца ў сем гадзiн ранiцы 28 жнiўня.
У 11 гадзiн у мiнскiм Свята-Духавым саборы «Дарогу да Святыняў» выправяць у пяцiдзённую паездку ў больш афiцыйнай атмасферы. Старт Экспедыцыi традыцыйна сiмвалiзуе пачатак святкавання Дня беларускага пiсьменства, таму прагучаць пад зводамi храма i малiтоўныя песнапеннi, i словы благаславення ў дарогу, i прамовы дзяржаўных асоб i вядомых дзеячоў культуры.
Не будуць падобныя адзiн да аднаго i ўсе iншыя прыпынкi на далейшым шляху Экспедыцыi. Да прыкладу, Мар’iна Горка, у якую «Дарога да Святыняў» прыбывае 28 жнiўня па абедзе, найперш павiнна ўразiць панарамнасцю запланаваных мерапрыемстваў. I калi б зайшла размова пра аптымальны сцэнарый рэалізацыі асноўнай задачы Экспедыцыi, “даваць жыхарам наведваемых населеных пунктаў уяўленне пра атмасферу, якая запануе ў сталiцы Дня пiсьменства”, многія пункты з увасабляемай на Пухавіцкай зямлі праграмы ў варыянт ідэальны ўвайшлі б абавязкова.
Удзельнiкам «Дарогi» тут прапануюць ад пачатку рассыпацца, нiбы iскрынкам, па ўсiм горадзе, каб правесцi дзевяць, a праз паўзу, неабходную для пераезду з месца на месца, яшчэ шэсць духоўна-асветнiцкiх cустрэч у самых розных па характару аўдыторыях (наведваюцца i школы, i бальнiца, i сацыяльны прытулак, i аддзел унутраных спраў!). Потым жа, сумесна са сваiмi слухачамi, лампаднiкi павiнны сiнхронна выйсцi i накiравацца на цэнтральную гарадскую плошчу. На якой ужо будуць сабраны людзi, запрошаныя на велiчны агульнагарадскi Хрэсны Ход.
Не iнiцыятарамi Экспедыцыi прыдуманы падобны алгарытм, ён нарадзiўся дзякуючы фантазii тых, хто ў далёкiм 2009-м сустракаў нас у памятных Лельчыцах: вось так жа з розных бакоў там сцякалiся калоны, i цяжка было зразумець, хто адчувае большае ўзрушэнне, людзi, якiя чакаюць – цi тыя, хто паволi наблiжаецца да перапоўненай народам плошчы...
Потым, пасля Хрэснага ходу i набажэнства, ужо ў прыцемках, на прыступках Мар’iнагорскага храма запалаюць свечкi з Благадатным Агнём, пад цiхiм бясхмарным небам (хочацца верыць, што надвор'е паспрыяе, хаця існуе варыянт i на выпадак дажджу) адбудзецца творчы вечар удзельнiкаў Экспедыцыi: маштабная, цi не так, задума!
А вось у Чысцi лейтматыў iншы, там ранiцай 30 жнiўня запануюць няспешлiвая чысцiня i прыгажосць. Сам характар пасёлка падказаў змяненне танальнасцi, гарадок на Маладзечаншчыне адразу ж абудзiў дзiцячыя мары пра казачнае паселiшча, клапатлiва ўбудаванае ў чароўнасць навакольных краявiдаў. Хрэсны ход якраз i пройдзе па cвяточна прыбраных вулiцах, потым шэсце перамясцiцца да аддаленай ад населенага пункта царквы – i з вышынi пагорка, на якi шырокiм амфiтэатрам узбягае манументальная лесвiца, адкрыецца Чысць ва ўсёй сваёй непаўторнасцi. Шырокi гарызонт абернецца шыкоўным фонам для выступленняў святароў, асветнiкаў, пiсьменнiкаў i артыстаў.
Iдэя, з якой, уласна, i ўзнiкла Экспедыцыя – запаўняць шчырым словам тую паўзу «А пагаварыць?», якая мiжволi ўзнiкае ў славянскiм сэрцы пасля велiчнага Хрэснага ходу, - найлепшым чынам матэрыялiзуецца менавiта ў падобных, на прыступках царквы, духоўна-творчых сустрэчах. Чароўныя пейзажы Чысцi, верыцца, зробяць сумесную размову асаблiва яркай i натхнёнай. Як там будуць шчыраваць нашы паэты i музыканты!
Вызначэнне для валожынскага этапу «Дарогi» падбiраецца таксама лёгка, «разнастайнасць». У раёне Экспедыцыя разаб’ецца на тры аўтаномныя групы, якiя будуць працаваць адначасова ў Ракаве, Iвянцы i ў вёсачцы Кiявец. Хоча нехта выслухаць найперш слова асветнiка i навукоўцы – калi ласка, Ракаў адкрые такую магчымасць, там будуць выступаць асобы, прозвiшчы якiх нават без пералiчэння займаемых пасад i навуковых здзяйсненняў пра многае распавядуць чалавеку, хаця ў малой ступенi зацiкаўленаму лiтаратурай. Вячаслаў Рагойша, Сцяпан Лаўшук, Анатоль Бутэвiч, Генадзь Пашкоў, Iван Чарота, сербскi пiсьменнiк Ранка Гойкавiч – цi не праўда, кампанiя звышсур'ёзная!
Ну, а Марыя Захарэвiч, Алесь Камоцкi, заслужаны аматарскi калектыў Рэспублiкi Беларусь фальклорны ансамбль «Гасцiнец» - гэта гарантыя таго, што размова на сустрэчы не атрымаецца занадта сухой i навукападобнай.
Мерапрыемствы ў Iвянцы (прыгадваецца наведанне Экспедыцыяй гэтага паселiшча ў 2008-м годзе) пройдуць пад знакам яднання i спагады: а як iнакш, калi ўзбоч дарогi стаяць i вiтаюць Хрэсны ход навучэнцы Iвянецкай дзiцячай школы-iнтэрната? Вочы дзяцей заўсёды уратуюць ад фальшы i няшчырасцi.
У Кiяўцы сумесная малiтва лампаднiкаў i прыхаджан прыхаджан храма Святой Жываначальнай Троiцы будзе няспешлiвай, даверлiвай i цiхай.
Вечарам 29 жнiўня Экспедыцыя прыбывае ў Свята-Елiсееўскi Лаўрышаўскi мужчынскi манастыр. Пазнавата, стане ўжо цямнець (сустрэча запланавана на 20.00), i тут дзейства арганічна расквеціцца феерычнасцю фарбаў i малюнкаў. Прадугледжаны праграмай i асвячэнне новай каплiцы, i гiганцкае кола Святла вакол царквы, утворанае прыхажанамi з запаленым на свечках Благадатным Агнём, i Хрэсны ход вакол манастыра (зноў жа са свечкамi!), на пляцоўцы Летняга храма распачнецца, пры любым надвор’i, падсвечаная полымем запаленых вогнiшчаў творчая сустрэча гаспадароў i гасцей…
Вiдовiшчна, маштабна, урачыста. А ранiцай 30-га жнiўня настрой iзноў iмгненна памяняецца: задуменная Любча, уважлiвыя вочы слухачоў на духоўна-творчай сустрэчы «Дарога да Святыняў: Любча», правядзенне якой запланавана на тэрыторыi, што прылягае да храма Святога прарока Iлii.
Далей маршрут вядзе ў Ваўкавыскi раён, дзе да гэтай пары Экспедыцыя не бывала нiколi (як, дарэчы, упершыню наведваюцца i Мар’iна Горка, i Чысць, i Кiявец; не перастаеш здзiўляцца неабсяжнасцi нашай Радзiмы, столькi гадоў калясiм па краiне – а не вычарпалi запасу гарадоў i пасёлкаў, у якiя раней не завiтвалi!).
Новы край – новыя парадкi: Ваўкавыск уразiць прадуманай строгасцю дакладна прапiсаных дэталяў. Лiтаральна да метра даводзілася агаворваць тут кожны паварот на маршруце Хрэснага ходу, узгадняліся нават дробныя нюансы – але ж і справа вырашалася надзвычай няпростая: неабходна было вельмі асцярожліва паяднаць у адзінае цэлае праваслаўную i каталiцкую паловы праграмы работы ў гэтым рэгіёне. У выніку кампрамісу дасягнуць шмат у чым удалося, да прыкладу: ранiцай 31 жнiўня частка ўдзельнiкаў «Дарогi да Святыняў» працуе на Ваўкавышчыне ў Храме Святога вялiкамучанiка Георгiя Перамоганосца ў гарадскiм пасёлку Краснасельскi – а частка занята на паралельным мерапрыемстве ў каталiцкiм Доме рэкалекцыйным у суседнiм паселiшчы Рось…
I, вядома, прыпамiн аб жыхарах Ваўкавыска, якiя прысутнiчалi на прэзентацыйных канферэнцыях, што праходзiлi ў Ваўкавыску 8 жнiўня: якiя цёплыя ўсмешкi, якiя адкрытыя i чыстыя твары! Узгадваеш – i ўзрастае нецярплiвасць чакання новай сустрэчы: кампраміснаму рэгламенту, якi дасягнуты дзякуючы намаганням настолькi маладых, дзейсных i прыгожых арганiзатараў, падпарадкоўваешся без усялякай напругi!
Традыцыйнае месца прыпынку «Дарогi да Святыняў» – Святое Поле ў Баранавiцкiм раёне. Але звычайна мы сюды прыязджалi ў буднi дзень, апоўднi, адпаведна народу на сумесную малiтву над прахам бязвiнна патрывожаных загiнулых i супачылых (тут, на Святым Полi, явiлася iкона, тут былi пахаваннi, бяздумна знiшчаныя ў часы бязбожжа) збiралася адносна нямнога. Гэтым годам прыбываем у суботу, людзей пэўна ж будзе значна болей, ды i праграма па Баранавiцкiм раёне даволі насычаная i разнастайная: духоўна-асветнiцкiя сустрэчы пройдуць у аграгарадку Сталовiчы, у музеi-сядзiбе Адама Мiцкевiча «Завоссе» (ох знойдзе там пра што пагаварыць i паспрачацца тая ж Ганна Вячаславаўна Запартыка, удзельнiк «Дарогi да Святыняў» i дырэктар Дзяржаўнага архiва-музею лiтаратуры i мастацтва!), у Гарадзiшчанскiм доме-iнтэрнаце для дзяцей-iнвалiдаў…
Верная сёлетняму дэвiзу, «Беларускае пiсьменства: вытокi i перспектывы – у духоўнасцi», экспедыцыя «Дарога да Святыняў» правядзе, у чым лёгка пераканацца, масу надзвычай розных па танальнасцi i гучанню сустрэч. Вечарам 31-га жнiўня яна прывязе ў сталiцу свята беларускага пiсьменства, горад Слонiм, Благадатны Агонь i памяць пра атрыманыя на маршруце эмоцыi i ўражаннi. I як зямля з усiх пройдзеных населенных пунктаў падсыплецца пад каранi высаджваемай на Слонiмшчыне Алеi Малiтвы, так i прыпамiны гэтыя аздобяць дадатковымi прамянямi панараму ўсенароднага святкавання Дня беларускага пiсьменства. Прыходзьце, людзi, на сустрэчы, будзе сапраўды цiкава!
Фотакарэспандэнт «Звязды» Яўген ПЯСЕЦКІ, пастаянны ўдзельнік экспедыцыі, ужо па традыцыі будзе весці на нашым сайце дзённік падарожжа. Заставайцеся з намі – будзе цікава!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/religiya
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/daroga-da-svyatynyau-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekspedycyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/blagadatny-agon-ad-groba-gaspodnya