Вельмі многае з нашага жыцця, а тым больш з жыцця нашых дзядоў і прадзедаў, сышло б у нябыт і, што называецца, беззваротна. Але ж калі-нікалі разгорнеш сямейны альбом, убачыш здымкі і...
Пад вось гэтым, самым даўнім, унізе надпіс: «Аграрная жараб'ёўка. Рассяленне на хутары сялян сяла Капланцы Ігуменскага павета Мінскай губерні. Члены камісіі і хадакі-сяляне». То-бок на фатаграфіі не што іншае, як факт гісторыі — сталыпінская аграрная рэформа, распачатая ў 1906 годзе. Яе мэтай, як пісалі ў падручніках па гісторыі, было прыглушыць рэвалюцыйны ўздым за кошт новых дробных землеўласнікаў, пашырыць сацыяльную падтрымку ўлады, павысіць эфектыўнасць сялянскай працы.
Таму не дзіва, што ў камісію па жараб'ёўцы ўваходзілі не толькі свяшчэннік Ілья Ліванаў, выконваючы абавязкі псаломшчыка Ігнат Сасіноўскі, благачынны свяшчэннік Мацвей Кіркевіч, але і найбольш аўтарытэтныя сяляне. У прыватнасці, чацвёрты справа сярод прысутных (за бацюшкам, худзенькі, з чорнай барадой) — мой прадзед Анісім Аляксеевіч Бурко.
Ён, паводле ўспамінаў, як і герой «Новай зямлі», цвёрда верыў, што
«...Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля — аснова ўсёй айчыне».
Дзве дачкі і тры сыны майго прадзеда слухаліся бацьку, шчыра працавалі, аднак...
Чалавек, як вядома, мяркуе, а вось размяркоўвае не столькі ён.
Старэйшы сын Анісіма Аляксеевіча Ціхон (чамусьці не Ціхан) — мой дзед, не вярнуўся з фінскай вайны. Нявестка, аплакаўшы пахаванку, пакінула непаўналетняе дзіця на старога, а сама яшчэ раз выйшла замуж.
Другі сын Піліп заўзята працаваў на выдзеленых яму дзесяцінах і, дзякаваць богу, меў з кім. Яго найпершай надзеяй і апорай былі сыны — хлопцы надзіва майстравыя, а да таго — яшчэ і музыканты: Ілья іграў на скрыпцы, Саша — на гармоніку, Мікола — на цымбалах, Цімох падбіваў у бубен...
Дзякуючы сваім здольнасцям, браты былі першымі кавалерамі, запатрабаванымі на ўсіх вечарынках і вяселлях.
Ладзіліся ў іх справы і па гаспадарцы. У сям'і меліся касілка і малатарня, два кані, дзве каровы, свінні, авечкі, гусі... Усе мужчыны — прычым з ювелірнай дакладнасцю — выконвалі сталярныя і цяслярныя работы, ніколі не карысталіся наёмнай працай і на той час лічыліся досыць заможнымі...
Акурат вось такіх, як вядома з гісторыі, савецкая ўлада прызнавала кулакамі, і далей іх лёсу ўжо ніхто не зайздросціў.
Вось і Піліп перад высылкай у Сібір пакінуў свайму бацьку, старому Аніську, адмысловую ступу з таўкачом, у якой мая матуля-ўдава (муж загінуў у час Вялікай Айчыннай) таўкла льняное семя ды церла каноплі для пецярых дзяцей і дзеда Аніські...
Засталася на ўспамін і яшчэ адна добрая рэч — куфар, усю накрыўку якога мая матуля «спісала» вялікай колькасцю палачак — уласных працадзён у калгасе. Уся астатняя маёмасць «кулацкай» сям'і была разрабавана, дом — перададзены пад пачатковую школу. І толькі праз дзесяцігоддзі, пасля рэабілітацыі бацькі, аднаму з пяці яго ацалелых у вайне сыноў — бязрукаму інваліду, дзяржава такі сплаціла кампенсацыю ў суме 100 рублёў...
Найлягчэйшым, магчыма, было жыццё самага малодшага з нашчадкаў прадзеда Аніські. Ён, Міхаіл, падросшы да юнака, вырашыў наведаць месца ссылкі свайго брата Піліпа ў сібірскім горадзе Бійску. Там ён пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай — дачкой свяшчэнніка, ажаніўся, потым вярнуўся на радзіму, і, пасля заканчэння педінстытута, працаваў дырэктарам Бардзілаўскай школы.
...Што датычыцца дачок прадзеда Анісіма, то выдзеленая зямля шчасця ім не прынесла: адна з іх у лепшы свет сышла інвалідам у вёсцы Хватаўцы, другая — у Каменным Барку.
Вось такім чынам абярнулася аграрная жараб'ёўка (а па вялікім рахунку дык і сапраўднае лёсаванне!) для аднаго з яе ўдзельнікаў — Анісіма Аляксеевіча Бурко.
Ніна Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён
Два гады таму «Звязда» расказвала, як у вёсцы Ёвічы адкрывалі мемарыял памяці 92 мірных жыхароў, спаленых фашыстамі ў лютым 1943-га. Манумент гэты цікавы, у прыватнасці тым, што ён адзіны ў Жыткавіцкім раёне, узведзены выключна на сродкі нашчадкаў.
Імёны ахвяр аднаўлялі па кнізе «Памяць» і ўспамінах відавочцаў, у тым ліку — адзінай на сённяшні дзень сведкі тых страшных падзей Вольгі Кірылаўны Катовіч. Яна, тады сямігадовая, ратавалася ў лесе, потым дапамагала пераносіць і хаваць астанкі спаленых аднавяскоўцаў на грамадзянскіх могілках...
А не так даўно ў Ёвічах адбылася яшчэ адна ўрачыстая падзея. Тыя самыя нашчадкі зноў сабралі грошы і на гэтым сакральным месцы ўзвялі звон. Варта адзначыць, што яго — з асаблівым гучаннем — замаўлялі на заводзе ў Падмаскоўі, і ў вёску бясплатна даставілі беларускія дальнабойшчыкі.
Перш чым ушанаваць памяць бязвінных ахвяр (а гэта ў асноўным дзеці, старыя) хвілінай маўчання, званы асвяцілі, памінальную службу правёў настаяцель царквы аграгарадка Ленін айцец Зміцер.
Хочацца выказаць асаблівыя словы падзякі людзям, якія арганізавалі гэту святую справу: Вользе Пятроўне Мета (Чопчыц), Жанне Мікалаеўне Катовіч, Еве Міхайлаўне Цехановіч, Аляксандру Канстанцінавічу Катку, Мікалаю Іванавічу Дарафею, Мікалаю Уладзіміравічу Катовічу і многім іншым.
Тамара Трафімовіч,
в. Мілевічы, Жыткавіцкі раён
Гэтага хлопца, аднакласніка майго сына, я добра ведаў, бо раней ён жыў у нашым пад'ездзе, да таго ж змалку вылучаўся тым, што быў высокі, моцны. І голас меў адпаведны — досыць грубы, але...
Якраз з ім, Мішавым голасам, час ад часу нешта здаралася. Ну, напрыклад, варта было хлопцу, не ведаючы ўрока, выйсці да дошкі, і ад гэтай грубасці нічога не заставалася: голас ператвараўся ў звычайны піск.
Вучні (а ўпотай і настаўнікі) спачатку смяяліся з яго, але ж потым неяк прывыклі — перасталі звяртаць увагу, нават забыліся.
Помніла хіба настаўніца рускай мовы і літаратуры: яна, калі была не ў гуморы, выклікала Мішу да дошкі і прасіла прачытаць які-небудзь верш — накшталт «Барадзіно». Вучань чытаў, клас слухаў — настаўніца, хаваючы твар у далонях. І дзеці па яе дрыжачых плячах здагадваліся, што яна смяецца... А яшчэ яны ведалі, што потым, адсмяяўшыся, яна падабрэе і павядзе ўрок зусім па-іншаму.
Яўген Шастакоў, г. Гомель
Музыка... Разам з намі яна і весяліцца, і плача. Песні — на ўсе выпадкі жыцця, прычым першыя, ад мамы, немаўляты чуюць ледзь не адразу пасля з'яўлення на свет. І потым — у садку, у школе, у святы і будні, пры сустрэчах з сябрамі...
Здавалася б, музыка ўвесь час да месца: яна можа падняць настрой альбо наадварот — дапамагчы засяродзіцца, сабрацца з думкамі. Значыць, вось яны — лекі для душы. Аднак...
Апошнім часам з'явілася мода слухаць музыку ў навушніках — у транспарце, на вуліцы, у краме. Асобныя «меламаны» нават падчас разлікаў за свае пакупкі не кантактуюць з прадаўцамі.
Нехта скажа, што гэта — забава моладзі. Але ж у навушніках можна сустрэць і тых, хто ў свой час на «ўсю катушку» ўключаў магнітолу, вешаў яе на плячо і хадзіў па вуліцах. Ім, даўно пасівелым, таксама хочацца на сваёй нейкай хвалі дабрацца да патрэбнага месца, прабавіць час, з дапамогай любімых песень справіцца з жыццёвымі праблемамі. Што, здавалася б, зразумела: калі ў чалавека зламаная правая рука, ён пачынае карыстацца левай. Так і з псіхікай: мы стараемся зберагчы тое, што пакутуе, што баліць. Але ж пры гэтым, на жаль, можам нажыць яшчэ большыя праблемы.
Ну сапраўды: чалавек у навушніках многага не заўважае, не чуе, да яго складана дастукацца. І «паклікалі — не звярнуў увагі» — гэта яшчэ дробязі. Здаралася, на жаль, калі такі вось слухач, пераходзячы дарогу, не зрэагаваў на машыну, а то і на цягнік.
Да таго ж частае праслухоўванне музыкі ў навушніках дрэнна ўплывае на слых.
Такім чынам музыка і дапамагае чалавеку, і прыводзіць яго да бяды. Пазбегнуць яе можа з правільна падабранай гучнасцю (пры якой можна чуць гаворку паблізу). А калі з'яўляецца жаданне нешта «ўрубіць» пагучней, то, як раяць спецыялісты, не больш чым на паўтары гадзіны ў дзень, прычым з перапынкамі хвілін на 15—20.
Што датычыцца навушнікаў на вуліцы, то варта ўзяць сабе за правіла здымаць іх у кожным патэнцыйна небяспечным месцы.
Ілона Папова, студэнтка БрДУ імя А. С. Пушкіна
«Падчапіла Соня летам кавалера з інтэрнэту...»
Я навокал кіну вокам
І прыпевачкі складу,
Пасылаю недалёка:
У любімую «Звязду».
* * *
Неяк шэфа без машыны
На дарозе дождж застаў.
Лёцьма беглі падхалімы:
Каб хаця ж ён не растаў!
* * *
І вясною, і улетку
На праспектах —
Краскі, кветкі...
На задворках, ох, бяда —
Дзьмухаўцы і лебяда.
* * *
Сэлфі — трэндавы «тавар»,
Хоць бы чым праславіцца:
Хто тату «наб'е» на твар,
Хто на зад — і хваліцца.
* * *
Вітаміны пастаўляюць
Польшча, Індыя, Кітай.
На Палессі —
хоць павесся! —
Прападае ўраджай.
* * *
Людцы, чулі ці не чулі
Аб сярэбранай цыбулі?
Залатою бульба стала
Ды брыльянтавае сала.
* * *
Падчапіла Соня летам
Кавалера з інтэрнэту.
Быў разумнік,
быў падводнік...
Яшчэ той...
альфонс-нягоднік!
Любоў Чыгрынава, г. Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/z-redakcyynay-poshty