Вільня,1829 год. У горадзе з вялікім поспехам дае канцэрт дзесяцігадовы хлопчык-піяніст з Мінска. Фларыян Міладоўскі — так звалі, як сказалі б сёння, вундэркінда: яшчэ да свайго дэбюту быў знакаміты сярод віленскай інтэлігенцыі сваімі творамі — шэрагам мазурак, паланэзаў і вальсаў.
Геніямі нараджаюцца
Фларыян Міладоўскі нарадзіўся 4 мая 1819 года ў Мінску. Згодна з матэрыяламі часопіса «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», яго бацька Фабіян паходзіў са шляхетнага роду Міладоўскіх, што валодалі некалі маёнткам Навадворкі ў Навагрудскім павеце. Але неўзабаве род збяднеў, і, страціўшы зямлю, яго прадстаўнікі перабраліся ў Мінск. Там Фабіян Міладоўскі пачаў даваць прыватныя ўрокі музыкі і, паводле сучаснікаў, быў «добрым музыкантам і сур’ёзна займаўся кампазіцыяй». Першым настаўнікам ён стаў і для свайго сына. Раннія ўрокі фартэпіяннай ігры, частыя музычныя вечары, дзе бацькоўскі дом збіраў мясцовых аматараў, ды прыродны талент спалучыліся, і маленькі Фларыян пачаў паказваць здольнасці не па гадах дзіўныя. Настолькі, што адукацыі бацькі стала ўжо не хапаць. Таму Міладоўскія пераязджаюць у Вільню: з таленавітым хлопчыкам згадзіўся займацца вядомы ў горадзе кампазітар Фердынанд Цібэ. Пра поспех новага настаўніка сведчыць канцэрт дзесяцігадовага піяніста Фларыяна, дзе ён выконваў няпростыя творы нават для дасведчаных музыкаў: «Сёмы канцэрт для фартэпіяна» Даніэля Готліба Штэйбельта і «Варыяцыі» Карла Чэрні. Газета Kurier Litewski пісала пра гэтую падзею так: «У выступленні юнага музыканта адчуваліся вялікія здольнасці, незвычайная смеласць, прысутнасць духу, дакладнасць рытму, бегласць і пачуццё».
Хутка Фларыян Міладоўскі перарос і свайго педагога Фердынанда Цібэ. Новага настаўніка, як ні дзіўна, знайшлі ў Мінску, які з гэтай жа мэтай калісьці пакінулі. Толькі праслухаўшы хлопчыка, у лік сваіх вучняў яго згадзіўся прыняць Дамінік Стэфановіч — пачынальнік беларускага піянізму, кіраўнік Мінскага гарадскога аркестра і адзін з самых аўтарытэтных музыкаў усяго краю. Менавіта Стэфановіч прывіў Міладоўскаму арыгінальнасць і ўнікальнасць выканання, як і ўсім сваім вучням, у лік якіх уваходзіць Каміла Марцінкевіч (піяністка, кампазітар, удзельніца рэвалюцыйнага руху і дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча), а таксама стваральнік першай класічнай нацыянальнай беларускай оперы Станіслаў Манюшка. З апошнім Фларыяна Міладоўскага ўсё жыццё звязвала сяброўства: абодва геніяльныя музыкі, вучні аднаго педагога, да таго ж равеснікі. Вядомы кнігавыдавец і літаратар Аляксандр Валіцкі пісаў пра сяброў так: «Міладоўскі і Манюшка да апошняга часу былі ў Літве дзвюма пальмамі ў выпаленай пустэльні, пад ценем якіх музыка магла знайсці сабе прытулак». Сапраўды, калі Яна Баршчэўскага і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча па заслугах лічаць заснавальнікамі новай беларускай літаратуры, то ў музычнай культуры гэтыя лаўры, безумоўна, належаць Станіславу Манюшку і Фларыяну Міладоўскаму.
У 1836 годзе вядомы беларускі мецэнат і аматар мастацтва Бенедыкт Тышкевіч запрасіў Міладоўскага ў свой маёнтак Чырвоны Двор у якасці настаўніка музыкі для дачок і дырыжора аркестра. У кароткі час пад кіраўніцтвам кампазітара правінцыйны сімфанічны аркестр стаў адным з лепшых прыватных музычных калектываў у Еўропе. Аднак па парадзе Манюшкі ў 1941 годзе Фларыян Міладоўскі вырашыў працягнуць адукацыю ў Берліне, дзе асабіста пасябраваў з Феліксам Мендэльсонам-Бартольдзі — той дапамагаў яму ва ўдасканаленні кампазіцыі. Пасля нямецкай сталіцы кампазітара чакалі Вена і Францыя, а таксама знаёмства з такімі вялікімі музыкамі, як Фрыдэрык Шапэн і Ферэнц Ліст. Апошні па рэкамендацыі Станіслава Манюшкі нават змясціў «Экспромт» Міладоўскага ў сваім зборніку Das Pianoforte.
Праз два гады музыка вярнуўся на радзіму і працягнуў працу ў Чырвоным Двары. Аднак пасля смерці Тышкевіча аркестр давялося распусціць. У гэты цяжкі час Фларыяну Міладоўскаму зноў прыйшоў на дапамогу даўні сябар — Станіслаў Манюшка, які прапанаваў перабрацца ў Вільню, што музыка і зрабіў. А пазней — у маёнтак Мацкі недалёка ад Мінска. У маляўнічай глушы Фларыян Міладоўскі надзвычай шмат пісаў. Менавіта там з’явіўся яго самы знакаміты твор — аперэта «Канкурэнты» на словы Міхала Лапіцкага і Уладзіслава Сыракомлі, прэм’ера якой адбылася ў Мінску ў 1861 годзе. Пасля гэтага творца эмігрыраваў у Францыю і больш ніколі не вяртаўся на радзіму. Апошнія трыццаць гадоў свайго жыцця ён правёў у горадзе СэнКлеман, дзе выкладаў у Вышэйшай музычнай школе. 8 ліпеня 1889 года кампазітар памёр, перажыўшы свайго сябра Станіслава Манюшку амаль на дваццаць гадоў.
З гісторыі роду
Нельга назваць род Міладоўскіх вельмі старажытным: у яго не было свайго герба. Але пачынаючы з XVII стагоддзя гэтае прозвішча пачало гучаць у многіх важных падзеях краіны. У «Гербоўніку польскай шляхты» Севярына Урускага род Міладоўскіх апісваецца так: «На Белай Русі. Ян-Багуміл, нашчадак маёнтка Пшэчоды, што ў Навагрудскім ваяводстве 1630 г. КшыштаўКанстанцін вылучыўся ў вайне з казакамі 1648 г. Казімір з Мінскага ваяводства падпісаў элексію 1674 г. Канстанцін, Антон, Вінцэнт і іншыя з ваяводства падпісалі паспалітае рушэнне 1698 г. Вінцэнт падпісаў элексію 1733 г. з Навагрудскім ваяводствам. Дамінік і Якаб, староннікі Аўгуста ІІІ. Марцыяна, аршанская скарбнічанка, жонка Яна Лудзінскага, літоўскага гандляра віном 1760 г.». У «Польскім гербоўніку» Каспера Нясецкага род Міладоўскіх асвятляецца наступным чынам: «З Княства Літоўскага. Кшыштаў Канстанцін Міладоўскі, слаўны ваяр на зямлі Аршанскай 1648 г. Казімір у Мінску 1674 г.».
Ганна ВАРОНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mastactva