Вядомы беларус з Кішынёва Вячаслаў Ігнаценка, які атрымаў сёлета высокае званне “Маэстра мастацтваў Рэспублікі Малдова”, прывёз на Бацькаўшчыну чарговую персанальную выставу — пад назвай “Далёкае–блізкае”
На гэты раз выстава разгорнута ў Гомелі, у прысожскім Палацы Румянцавых і Паскевічаў. Пра тое напісалі розныя СМІ, падалі прыгожыя тэле- і фотарэпартажы. Мы ж “падсвецім” тое, што засталося, як кажуць, за кадрам у часе асвятлення знакавай падзеі.
Выбар месца для творчага праекта ў Год малой радзімы лёгка зразумець: Гомельшчына — родны кут майстра. Родам мастак, ушанаваны, дарэчы, у 2015-м беларускім медалём Францыска Скарыны, з берагоў Дняпра: з вёскі Пярэдзелкі Лоеўскага раёна. Вучань вядомых творцаў Сяргея Каткова і Віталя Цвіркі. Цяпер да таго ж — сябар Саюза мастакоў Малдовы, намесніка старшыні рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Беларускае таварыства ў Рэспубліцы Малдова”. Пра тое, што не згубіўся таленавіты беларус і ў замежжы, сведчыць сёлетняя важная падзея: з рук Прэзідэнта Ігара Дадона Вячаслаў Ігнаценка ўвесну атрымаў медаль і пасведчанне на ганаровае званне. Якое, кажа, па-беларуску гучыць прыкладна так: “Маэстра мастацтваў Рэспублікі Малдова”. Віншуем, зямляк-маэстра!
Ён — сталы наш аўтар, даўні сябар газеты. Час ад часу мы пішам пра ягоныя творчыя дасягненні, персанальныя выставы — якіх было больш за 50, прычым у розных краінах. Мастак з Кішынёва, так склалася, не здраджвае традыцыі: гасцюючы ў Мінску, знаходзіць час заглянуць у рэдакцыю “ГР”. Каб падзяліцца навінамі, падарыць чарговы буклет з аўтографам “ад беларуса Малдовы”, ці малдаўскі сувенір, паказаць новыя эскізы на аркушыках-чацвяртушках. У Мінску жывуць ягоныя сябры, сярод іх і вядомы майстар пейзажа Валеры Шкаруба, унікальная майстрыха-мастачка Любоў Кірылава — яны з сястрой працуюць у рэдкай аўтарскай тэхніцы ў стылі “АртДэка”. Дарэчы, пра выставу сясцёр-мастачак Веры Блінцовай і Любові Кірылавай мы калісь пісалі з адметным падзагалоўкам “На выстаўцы ў мінскім Палацы мастацтва гулялі вышываныя каты і расцвіталі тканевыя лілеі” — гл. “Вышываны крэатыў” — ГР, 6.10. 2008.
А яшчэ ў Мінску жыве сын мастака Мсціслаў — псіхолаг, працуе ў адной з кампаній спецыялістам па кадрах. Так што ў Мінску спадару Вячаславу — цёпла і ўтульна.
На гэты раз у рэдакцыі мы й сфатаграфавалі яго з чарговым, гомельскім буклетам у руках. Запрашаў на выставу, але ж… Мы размаўлялі па тэлефоне з куратаркай выставы Аленай Калугінай. Даведаліся, што летась мастак, як быў у Гомелі, заяўку пакінуў, каб выставіць на Бацькаўшчыне свае работы. Яго пачулі, прапанову падтрымалі. Паколькі меркавалася паказаць у асноўным невялікія памерам пейзажы Беларусі й Малдовы, эскізнага плана, то Алена прапанавала зрабіць экспазіцыю ў прахадной галерэі, у гістарычнай частцы палаца. Праз яе ходзяць наведнікі-турысты. Мастаку рашэнне прыйшлося даспадобы. “Адабралі 34 работы, — удакладняе Вячаслаў. — Гэта эцюды памерам 30 на 35 і чатыры большыя працы на палатне. У асноўным пейзажы беларускія, з Лоеўшчыны пад Гомелем, ёсць некалькі з Малдовы”.
У размове згадаў, што ў Гомелі ў Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі ў 2014‑м ён упершыню выстаўляўся: тады прадставіў абстрактныя кампазіцыі. Цяпер паказвае рэалістычны жывапіс — як своеасаблівую творчую справаздачу землякам у Год малой радзімы.
Хваляваўся: як пройдзе вернісаж? Мы разважалі, што, на добры толк, на падобныя імпрэзы варта б запрашаць (а ў Малдове ёсць практыка: рассылаць і разносіць запрашэнні) вядомых людзей рэгіёна: прадстаўнікоў улады, творчай інтэлігенцыі, настаўнікаў, журналістаў… Тады гэта будзе сапраўды культурная падзея. Бо не сакрэт: судакарненне з высокім мастацтвам усім на карысць, незалежна ад узросту, прычым — у любую пару, пры любым грамадскім ладзе. У любую эпоху, нават інтэрнэта.
…Здаецца, у Гомелі ўсё склалася найлепшым чынам. Калі Вячаслаў тэлефанаваў у рэдакцыю пасля вернісажу, то быў вельмі ўсцешаны: святочнаю атмасферай, цікаўнасцю гамяльчан да мастацтва. Пачуў шмат шчырых, цёплых словаў ад землякоў, у тым ліку і калег-мастакоў, ад прадстаўніка Гомельскага аблвыканкама Сяргея Разанава. Мастак папрасіў праз газету выказаць вялікую ўдзячнасць кіраўніцы Беларускага культурнага цэнтра ў Кішынёве Ганне Бабінай. Па-першае, дзякуючы ёй былі аформлены ў прыгожыя рамкі выставачныя працы, зроблены выставачныя буклеты. Па-другое, Ганна Яўгенаўна выкупіла ў мастака й падарыла музею-палацу ягоную працу “Ладдзя Харона” з “Чарнобыльскага цыклу” — у дадатак да карціны “Рыжы лес”, падоранай раней.
Іван Ждановіч
Дарэчы. На сайце Гомельскага палацава-паркавага ансамбля пададзена інфармацыя пра цікавы мастацкі праект-выставу “100 гадоў. 100 імёнаў” (і на афішы выставы Вячаслава Ігнаценкі ёсць такі лагатып), падрыхтаваны Беларускім саюзам мастакоў. З усіх куткоў Беларусі (ёсць і з замежжа!) пад дахам палаца сабраны працы сяброў БСМ, ураджэнцаў Гомельскай зямлі, той самай малой радзімы, пад знакам якой другі год праходзяць шматлікія культурныя імпрэзы. У экспазіцыі — рознаколеравы дыван мастацтва, зроблены з нітак, якім на Гомельшчыне выток. Цэлых сто твораў мастацтва ў розных тэхніках і жанрах прадстаўлена ў адным месцы!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy