...Дзядзька Мар'ян у той дзень, што называецца, захаўтурыў: на ўласным трактарку прывёз суседу бульбу. Разам яны разгрузілі мяшкі, разам селі за стол: гавораць, частуюцца — хораша сядзяць, бо яно ж чарку браць — не гной выкідаць...
Адзінае — выпіўкі мала, а болей гаспадыня і грама не дае, на сваім стаіць: маўляў, выпілі і досыць, бо ты, Мар'янка, на трактары... І табе, гаспадар, пара аглядацца — свінні стаяць галодныя.
Але ж Юзіку, калі той пад мухай, ужо не да свіней і тым больш не да жонкі, бо калі яе слухаць...
Карацей, перамігнуліся яны з дзядзькам Мар'янам і ўдвух патэпалі з хаты на вуліцу. Там па чарзе ўскараскаліся на дзядзькаў трактарок ды «панесліся» ў найбліжэйшую краму.
Ехалі, віхляючы, дарогай палявой, потым неяк «ускочылі» (не прамахнуліся!) на вузкаваты масток цераз рэчку. А вось на ім, ужо крышачку збочыўшы, трактарок... не ўтрымаўся — паволі занурыў у ваду.
Першым з яе вынырнуў маладзейшы — Юзік:
— Гэ-эй, Мар'ян, — клікнуў ён суседа, — ты дзе?
Ніхто не адазваўся, таму спалоханы Юзік зноў сігануў пад трактар.
У гэты ж час, але з другога боку, паказалася галава Мар'яна:
— Юзі-ік, ты дзе?! — загалёкаў ён і, набраўшы паветра, вярнуўся ў ваду... З якой тут жа (і зноў жа з іншага боку) з'явілася галава суседа.
— Мар'ян! Ты жывы? — загалёкаў ён і, яшчэ раз з ім «размінуўшыся», пагрузіўся ў рэчку...
Выплыў, шалёна хапаючы паветра, ужо ля берага, выскачыў з вады і з крыкам: «Людзі, ратуйце!..» панёсся да вёскі.
У гэты ж час, не знайшоўшы суседа ні ў вадзе, ні на беразе, дзядзька Мар'ян ужо горка выў:
— Во-о-о... Даба-авілі-і-і... У-у-уто-оп!!! І што ж зараз будзе-е? Што мне ўдаве Юзевай сказаць? Лю-дзі!..
Яны, скліканыя «тапельцам», тым часам ужо беглі да рэчкі — не тое ратаваць, не тое гараваць па Мар'яне, і «агучвала» гэтую «працэсію» жонка Юзі:
— Во што нарабіла праклятая гарэлка! — крыкма крычала яна. — Ды хай бы я тую бульбу на гарбе сваім панасіла-а! На халеру мне быў яго трактар?!
Гэтыя два галасы імкліва ішлі на збліжэнне і ўрэшце...
Юзік з Мар'янам — абодва мокрыя і жывыя! — моцна абняліся, нават, казалі, заплакалі...
Ці кінулі потым піць?
Хацелася б сказаць: «Ну вядома ж!», але...
Зыгмунд Дзякевіч, в. Пенценішкі, Воранаўскі раён
Гэтых трох мужчын-пенсіянераў аб'яднала адзінота. Аўдавелі яны хто раней, хто пазней і ўдары лёсу прынялі па-рознаму. Іван, напрыклад, вырашыў, што болей жаніцца не будзе, і без жонкі не прападзе. Можа, хоць начытаецца: пасля вайны не было калі, скончыў толькі пяць класаў. А далей трэба было працаваць. Паслухаўся маці, пайшоў у калгас, але ж на кніжкі «падсеў». Чытаў усё, што траплялася: газеты, часопісы, розныя даведнікі. Жонка, нябожчыца, аж шалела, бачачы гаспадара за чытвом...
А вось прыяцелі яго, Васіль ды Міхась, «без баб сваіх» зусім не маглі. Разгуляліся, распіліся яны, як той казаў, на сабачую пугу. Дзяцей ды ўнукаў ад сябе адвадзілі, бо каму ж спадабаецца прыязджаць да такіх вось бацькаў: дамы ў іх брудам зараслі, гаспадаркі звяліся, гароды запушчаны...
У Івана ж усё чын чынам было: поўны падворак курэй, сабака з катом, у гародзе і бульбачка, і капуста з буракамі...
Хіба з цыбуляй першы год непрыемнасць выйшла. Нейкі баламут на рынку насенне прадаваў (галоўнае — зусім нядорага!), казаў, што пасадзіць трэба ўвосень, тады ранні вітамін будзе ледзь не з-пад снегу.
Іван аж тры місачкі ўзяў, як след рассадзіў... І града вясной сапраўды аддзячыла: закрасавала... Цюльпанамі.
Адным словам, Іван (з тых часоў яшчэ і Цюльпан) па-людску жыў і шмат каму жыць памагаў. Сябрам па няшчасці, Васілю з Міхасём, і пагатоў, бо яны часцяком канцы з канцамі не зводзілі, без капейкі заставаліся. Праўда, паўтаралася гэта ці не кожны месяц. А таму цярпенне ў крэдытора ўрэшце лопнула.
— Вось што, —- сказаў аднойчы, — я вам не маці Тэрэза. Сваіх мазгоў не маеце, не ўмееце грошы размеркаваць, дык жаніцеся. Вунь Марыля адна, і Таццяна аўдавела... Наперад!
Дружбакі паслухалі яго — схадзілі ў «разведку». І вярнуліся ні з чым, бо жанчыны ведалі гэтых выпівох як аблупленых: не захацелі такога «шчасця».
— Вось каб не ведалі... Мы б, можа, з імі па-новаму зажылі, — памарылі ўдаўцы ў доме Цюльпана.
Той задумаўся і прынёс з каморкі цэлы стос газет:
— Чытайце, — сказаў. — Тут шлюбныя аб'явы.
— Што — у кожным нумары? — здзівіўся Міхась. — Дык гэта ж колькі ў нас адзінокіх?
— І ёсць такія прывабныя! — загарэліся вочы ў Васіля, як трохі пачытаў.
— Ага... Яны прывабныя — для цябе, — заўважыў Цюльпан. — А ты для іх? Ну вось паглядзі: шукаюць жаніхоў з кватэрамі, з машынамі, без шкодных звычак і розных праблем. Гэта ж не пра вас? Так што і вы шукайце каго з прасцейшых. А потым тэлефануйце ды з богам, як той казаў!
...Праз нейкі тыдзень Міхася з Васілём стала не пазнаць: акуратна пастрыжаныя, па модзе прыбраныя (дарэчы прыйшліся мяхі з адзеннем, што сыны прывезлі Цюльпану), яны збіраліся ў дарогу.
Было гэта ранняй вясной, і з таго часу, з'ехаўшы, ні адзін, ні другі ў вёску не вярнуліся.
Званілі, праўда, абодва. Казалі, што пашчасціла ім з жанчынамі, што ў іх і зімаваць застануцца.
— Во што значыць рэклама! — дзівіўся Іван. — Нават такія «ацяробкі» даспадобы прыйшліся! Дык, можа, і мне каго пашукаць?
Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў
Адзінота — як навала...
Шмат каго яна дастала.
І таму
— часцей кабеты —
Шлюць аб'явы ў газеты.
Зоська ўсё там указала:
Рост,
узрост,
сваю вагу.
Для цікаўных прыпісала,
Што ўсё-ўсё, маўляў, магу:
Ма́ю хату, гаспадарку,
Малачко сваё і скварку,
Ёсць грыбочкі, агурочкі,
Нават дроў на два гадочкі...
І праз тыдзень
на падворак
Жаніхі...
Ажно чацвёра:
З Пінска, Мінска, Гродна, Горак.
(Ну што многа, то не гора).
Мінскі — страшненькі, патлаты,
Пінскі —- жах які насаты
І нягеглы з Горак, трэці:
Аж яго хістае вецер.
А чацвёрты, божа ж мой,
Зух-мужчына!
Сніўся ёй!
Гаспадыня кліча ў хату,
Дзе даўно ўсяго багата...
Зух зайшоў не абы-як —
Сходу выставіў каньяк.
Ну і Зося свой графін —
Самагонкі з журавін
(Падвучыла цётка Верка,
Каб наладзіла праверку...).
Ну, калі такое дзела,
Хата мігам загудзела.
Зух у Зоські за сталом
Стаў амаль гаспадаром:
На ўсіх зверху пазірае,
Чаркі «хлопцам» напаўняе...
Першым звіўся той патлаты
(Ён быў загадзя паддаты).
Ціха,
сам,
сышоў нягеглы
(Мусіць, слабенькія нервы?).
Пінскі ж
смаліць папяросы
Без упынку
ды без спросу:
Гаспадыні ажно млосна...
З-за стала пагнала злосна.
Засталіся ў хаце ўдвух
Зосечка ды мілы друг...
Цалаваліся адчайна.
Што далей?
Хай будзе тайнай.
...Тыдзень госцік той кайфуе,
Есць ды п'е ў сваю ахвоту,
Толькі ж яўна не мяркуе
Разам брацца за работу.
Падкі хіба да інтыму...
Ды і ў гэткую часіну
Усё выпытвае, харошы:
Дзе ляжаць у хаце... грошы?
І валюту хоць патрохі,
Ды выманьвае з «панчохі»...
Ад чаго ў жанчыны —
страх
(Не зусім жа знесла дах?):
Ёй не хочацца бясконца
У сябе трымаць альфонса.
...Факт, што ўсё ў нашай Зосі
Яшчэ добра абышлося.
Хоць
пасля такой праявы
Зараклася слаць аб'явы.
Любоў Чыгрынава, г. Мінск.
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар
Ад яе ж чарговае і шчырае: «Пішыце», бо ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае, і маленькае рэдакцыйнае — працуе. Пераможцаў чакаюць прызы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou