Сёлетняе лета, здаецца, вырашыла завяршыць свой час мажорным акордам. Цёплае і без ападкаў надвор'е, якое пануе ў Беларусі ўжо больш за тыдзень, свае пазіцыі пакуль здаваць не збіраецца. Падрабязней пра сінаптычную абстаноўку расказалі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У пятніцу, аднак, антыцыклон, які забяспечыў нам камфортнае надвор'е цягам апошніх дзён пачне адступаць. З Польшчы да нас будзе змяшчацца франтальны падзел. Але істотна надвор'е ён не пагоршыць. Пераважна па паўночна-заходняй палове чакаюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Але будзе цёпла — 21—27 цяпла, а па захадзе і наогул да плюс 31.
У суботу франтальны падзел разам з дажджамі перамесціцца на ўсходнія раёны Беларусі. А з захаду да нас прыйдзе новы цёплы антыцыклон. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі згусцяцца невялікія туманы. Слупкі тэрмометраў уначы пакажуць ад 12 да 17 са знакам «плюс», а ўдзень будзе ад 22 да 29 градусаў.
Пачатак верасня выдасца яшчэ цяплейшы. У нядзелю ападкаў на тэрыторыі Беларусі не чакаецца ўвогуле, а вось у панядзелак па крайнім захадзе невялікія навальнічныя дажджы ўсё ж магчымыя. Ноччу і раніцай чакаюцца слабыя туманы. Вецер будзе лёгкі, але ў панядзелак узмоцніцца да ўмеранага. Тэмпература паветра ўдзень дасягне 25—32 градусаў. Уначы таксама холадна не будзе — ад 10 да 18 цяпла.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1