Урачыстае адкрыццё новага будынка Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ адбудзецца 9 верасня па вуліцы Рэвалюцыйная, 11. Перарэзванне чырвонай стужачкі пройдзе з удзелам міністра адукацыі Беларусі Ігара Карпенкі, рэктара БДУ Андрэя Караля, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла КНР у Беларусі Цуй Ціміна, намесніка генеральнага дырэктара Штаб-кватэры інстытутаў Канфуцыя Чжаа Гочэна (КНР), а таксама дэлегацыі з Даляньскага політэхнічнага універсітэта, паведаміла прэс-служба БДУ.
Чатырохпавярховы будынак плошчай 3600 квадратных метраў у гістарычным цэнтры Мінска капітальна адрамантавалі і аснасцілі інавацыйным абсталяваннем. На першым паверсе размешчаны службовыя, тэхнічныя і дапаможныя памяшканні. Тут знаходзяцца ўніверсальная зала для мерапрыемстваў і малая канферэнц-зала. Яны прызначаны для правядзення форумаў, мерапрыемстваў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Зала разлічана на 100 чалавек і абсталявана сучаснай аўдыё-і відэатэхніка, сярод якой высакаякасная відэасцяна. Гэта некалькі экранаў, сабраных у адзін вялікі і здольных дэманстраваць адзіную карцінку высокага дазволу. Відэасцяна будзе выкарыстоўвацца для прагляду фільмаў, прэзентацый, сеансаў аўдыё- і відэасувязі. Таксама для ўніверсальнай залы закуплена сістэма сінхроннага перакладу, якая дазваляе працаваць з чатырма мовамі. Сінхраністы будуць размяшчацца ў двух кабінах з павышанай гукаізаляцыяй.
Другі паверх будынка займаюць адміністрацыя інстытута і некалькі лінгафонных кабінетаў, на трэцім і чацвёртым размешчана каля 20 аўдыторый. Навучальныя класы змяшчаюць ад 12 да 40 чалавек і абсталяваны мульцібордами, праектарамі, тэлевізарамі, маркернымі дошкамі.
Лінгафонныя кабінеты аснашчаны высакакласнымі камп’ютарамі і навушнікамі. На камп’ютарах устаноўлены адмысловыя праграмы для вывучэння кітайскай мовы “NIBELUNG” і “Lingvo”, якія палягчаюць работу выкладчыкаў са студэнтамі.
У планах інстытута - стварэнне ўнікальнай бібліятэкі Кітая і адкрыццё крамы кітайскай кнігі. Мяркуецца, што дадзеныя ўмовы будуць садзейнічаць далейшай эфектыўнай дзейнасці Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ і дапамогуць стаць яму вядучым у Беларусі адукацыйна-культурным, навукова-даследчым і інфармацыйна-аналітычным цэнтрам кітаязнаўства.
Урачыстае адкрыццё новага будынка пройдзе ў рамках Еўрапейскага форуму інстытутаў Канфуцыя.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-instytut-kitayaznaustva-bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/budynak
[3] https://zviazda.by/be/tags/bibliyateka