Балеты «Альпійская балада», «Маленькі прынц» і «Тыль Уленшпігель», опера «Майстар і Маргарыта», шэсць сімфоній, «Палеская сюіта» і «Беларуская рапсодыя», урачыстыя маршы, лірычныя інструментальныя п'есы, танцы і гумарэскі, а яшчэ песні для ўпадабаных гледачамі спектакляў і кінастужак «Беларусьфільма» — творчая спадчына народнага артыста СССР і БССР, кампазітара Яўгена Глебава насамрэч неабсяжная.
Нават без усякіх памятных дат творы Глебава гучаць, жывуць і застаюцца запатрабаванымі ў мноства выканаўцаў і шырокай публікі. Сёлета ж да 90-годдзя з дня нараджэння Яўгена Глебава і Года малой радзімы Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі зладзіла па ўсіх рэгіёнах вялікі гастрольна-канцэртны тур, які з 1 да 10 верасня праходзіць на адкрытых пляцоўках ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. Памяць прафесара, які аддаў амаль 30 гадоў жыцця працы ў Акадэміі музыкі, ушаноўвае студэнцкі духавы аркестр пад кіраўніцтвам дырыжора, дэкана аркестравага факультэта Максіма Расохі.
У прыватнасці, учора канцэрт у фармаце опэн-эйру адбыўся на плошчы зорак у Магілёве, 8 верасня музыка Глебава будзе гучаць на Білецкім спуску ў Гомелі (пачатак канцэрта а 17-й гадзіне), а фінішнай кропкай творчага праекта стане плошча Свабоды ў Мінску (канцэрт у Верхнім горадзе пачнецца з 20.30).
Творчы праект «Музычная спадчына Радзімы», падтрыманы Міністэрствам культуры і ўсімі абласнымі і гарадскімі выканаўчымі камітэтамі, рэалізаваны за кошт сродкаў гранта спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-glebau
[5] https://zviazda.by/be/tags/kampazitar
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-dzyarzhaunaya-akademiya-muzyki-0