Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі адкрыўся ў Мінску. Звярнуцца сюды могуць вучні, іх бацькі і настаўнікі. Пры жаданні - ананімна.
Знайсці цэнтр нескладана. Размяшчаецца ён у адным з інтэрнатаў Студэнцкай вёскі, на вуліцы Чурлёніса, 3. Працуе тут каманда з 10 чалавек - гэта навукоўцы і выкладчыкі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка, а таксама кваліфікаваныя практыкі. Кіруе цэнтрам Вольга МАЦЮХОВА, сямейны псіхолаг з 14-гадовым стажам.
- Сёння ў кожнай школе абавязковая прысутнасць педагога-псіхолага, які адказвае за псіхалагічнае здароўе дзяцей. Аднак рэсурсаў устаноў адукацыі ў крызісных сітуацыях часам недастаткова, таму адкрыццё Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі надзвычай актуальнае, - падкрэслівае міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА.
Спецыялісты цэнтра будуць аказваць кваліфікаваную псіхалагічную дапамогу навучэнцам і студэнтам, бацькам і педагагічным работнікам, якія апынуліся ў крызісных сітуацыях. Пракансультуюць тут і бацькоў гіперактыўных дзяцей, а таксама настаўнікаў, якія сутыкнуліся з прафесійным выгараннем. Атрымаць дапамогу можна па тэлефоне (8-017-300-10-06), або асабіста прыйсці на кансультацыю. Працаваць з дзіцём ці дарослым будуць да таго часу, пакуль не выцягнуць яго з крызісу. Уся дапамога аказваецца бясплатна.
Для настаўнікаў, сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў з усёй краіны супрацоўнікі цэнтра плануюць праводзіць навучальныя семінары. Акрамя таго, для работнікаў устаноў адукацыі, дзяцей і бацькоў будуць распрацоўвацца метадычныя дапаможнікі, практыкумы, рэкамендацыі па стварэнні і падтрыманні бяспечнага адукацыйнага асяроддзя.
Шчыльнае ўзаемадзеянне Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі з рэгіянальнымі сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі забяспечыць своечасовае і прафесійнае рэагаванне на крызісныя падзеі на месцах.
У планах - прызначыць для кожнай вобласці краіны свайго супервізара. Чалавек з нязвыклай пакуль для слыху пасадай - гэта вопытны псіхолаг. У складаных сітуацыях да яго па параду змогуць звяртацца іншыя спецыялісты.
Таксама ў бліжэйшы час на базе РЦПП плануецца стварэнне міжведамаснага каардынацыйнага савета, куды ўвойдуць прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, іншых дзяржаўных органаў, а таксама ўстаноў адукацыі і навуковых арганізацый.
Адкрыццю цэнтра папярэднічала вывучэнне вопыту суседніх краін. У перспектыве плануецца наладзіць стажыроўкі беларускіх педагогаў і псіхолагаў за мяжой і запрашаць замежных спецыялістаў для таго, каб павысіць узровень аказання псіхалагічнай дапамогі.
Менавіта на базе факультэта псіхалогіі БДПУ збіраліся спецыялісты ва ўсіх крызісных сітуацыях - ад трагедыі на Нямізе да выбуху ў метро. Зараз ёсць мэта – стварыць на базе цэнтра сістэму экстранай дапамогі.Будуць займацца ў цэнтры і закрытымі ўстановамі, маніторыць сітуацыю ў іх, каб падлеткі атрымлівалі адпаведную падтрымку.
У кастрычніку ў цэнтра запрацуе свой сайт. Там будзе чат, дзе дарослыя і дзеці змогуць кругласутачна задаваць свае пытанні псіхолагам. У планах стварыць аддзел тэлефоннага кансультавання, каб нават ноччу людзі маглі звяртацца па дапамогу.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya