Са старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолем Ісачанкам Прэзідэнт абмеркаваў пытанні развіцця рэгіёна ў сацыяльнай, будаўнічай сферах. Асабліва спыніліся на дзяржпадтрымцы прамысловасці.
Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава ўвесь час не можа цягнуць на плячах прадпрыемствы і аказваць ім матэрыяльную падтрымку без гарантый. «Там аж да 35-га года адтэрміноўкі, растэрміноўкі, крэдыты і гэтак далей», — удакладніў кіраўнік краіны.
Для вырашэння гэтых пытанняў губернатар звяртаўся ва ўрад: «Яны табе сказалі, не-не, мы да Прэзідэнта не пойдзем. Устаноўка такая. І яны вырашылі, ці ты вырашыў напрамую з Прэзідэнтам вырашыць гэтыя пытанні. Я гэта спецыяльна публічна кажу, каб і іншыя разумелі, што прынцып работы адзін. Я гатоў выслухоўваць праблемы, складаныя праблемы, якія трэба вырашаць, іх заўсёды хапае і ў нас, і ў іншых дзяржавах. Але рашенне гэтых праблем не павінна адкладвацца (калі тычыцца падтрымкі і дапамогі з боку дзяржавы) на няпэўныя часы, калі нас з табой не будзе. Растэрміноўкі вы такія прапаноўваеце часам», — сказаў лідар дзяржавы.
Яшчэ адно пытанне, на якое патрабуе адказ Прэзідэнт, — за кошт каго будуць падтрымліваць прамыслоўцаў.
Па словах кіраўніка краіны, першая праблема стратных прадпрыемстваў — кадры. «Як толькі мяняем кіраўніка, адразу з’яўляецца нейкі ўсплёск актыўнасці на прадпрыемствах. Потым ён за 10 гадоў кладзецца на пасаду і не варушыцца, а мы ўсё яму даем адтэрміноўкі, растэрміноўкі і забяспечваем яму бюджэтныя ўліванні», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Існуючыя праблемы неабходна вырашаць усім, у тым ліку і працоўнаму калектыву прадпрыемства — такі прынцып прапанаваў Прэзідэнт губернатару.
«Калі ёсць пытанне, я скажу, будзем мы яго вырашаць, ці не, калі будзем, за кошт каго. Калі пазычыць грошай на год-два, я ўжо казаў,— калі ласка, можам пазычыць, але на год, на два. І не дай Бог, калі хтосьці іх не верне», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Выкладзеныя на сустрэчы пытанні датычацца менавіта невыканання абавязкаў.
Падзякаваў Анатоль Ісачанка за падпісаны Прэзідэнтам загад па фінансаваму аздараўленню холдынгу «Мясамалпрам», які забяспечыў стабільную працу ў гэтай сферы ў сельскай гаспадарцы. «За першае паўгоддзе мы атрымалі дзесьці 75 мільёнаў прыбытку. Выручка павялічылася на аднаго працоўнага, практычна 25 тысяч стала», — далажыў губернатар Мінскай вобласці.
«Вось у такім плане я гатоў табе дапамагаць і падтрымліваць. Дапамаглі, абавязкі выконваюцца, пад’ём пайшоў. Калі ласка, па любым прадпрыемстве. Але не ў бездань», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Некаторыя падрабязнасці сустрэчы з лідарам краіны Анатоль Ісачанка расказаў журналістам: «Таксама былі ўзняты пытанні далейшага развіцця нашай Мінскай вобласці ў плане адукацыі, аховы здароўя, будаўніцтва і іншыя пытанні. Былі абазначаны падыходы для вырашэння гэтых пытанняў, што мы плануем рабіць, за кошт якіх рэсурсаў. У асноўным гэта нашы крыніцы, абласны бюджэт, плюс крэдытная маса. Прэзідэнтам гэтыя падыходы былі падтрыманы. Нам застаецца толькі працаваць».
Агучыў губернатар і высновы абмеркавання датацый для прадпрыемстваў — дзяржпадтрымка будзе аказана тым, хто яе аддасць.
Па словах Анатоля Ісачанкі, па выніках сямі месяцаў усе паказчыкі па эканамічным развіцці вобласцю выконваюцца. Тэмпы росту — пяць працэнтаў, і па годзе гэту лічбу плануюць утрымаць.
Амаль 30 працэнтаў жылля, якое ўзводзіцца ў рэспубліцы, будуецца ў Мінскай вобласці, таму старшыня Мінаблвыканкама звярнуў увагу на даручэнне ў сферы будаўніцтва. «Тут таксама былі абазначаны падыходы — прыярытэт надаваць тым прадпрыемствам ці забудоўшчыкам, у якіх ёсць поўнасцю свая база, механізмы, будаўнічае абсталяванне. І яны могуць не толькі кагосьці наняць, а самі заходзіць і будаваць», — канстатаваў Анатоль Ісачанка.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/anatol-isachanka