Ці магчыма еўрапейцу спасцігнуць дзэн і засвоіць жывапіс тушшу? У чым асаблівасці японскай чайнай цырымоніі і колькі трэба вучыцца мастацтву ікебаны? Адказы на гэтыя і мноства іншых пытанняў дасць сёмы па ліку фестываль «Японская восень у Беларусі». Распачынаецца ён ужо сёння і па традыцыі пройдзе з верасня да лістапада, прадстаўляючы ў розных гарадах нашай краіны элементы традыцыйнай і сучаснай японскай культуры.
Першае сёлета мерапрыемства «Японскай восені ў Мінску» — семінар па культуры дзэн — правядзе ў сталічным Доме дружбы Сахаку Мацусіта, настаяцель храма Цёкодзі ў японскай прэфектуры Сідзуока, які раскажа, як спалучаць філасофію і практыку дзэн, каб зрабіць цікавейшай паўсядзённасць. У далейшай праграме фестывалю — Тыдзень сучаснага японскага кіно, майстар-класы па арыгамі, прасторавай аплікацыі, каліграфіі і суміэ (жывапіс тушшу), выстаўка і майстар-класы па ікебане, музычныя вечары, спартыўныя турніры па слочане (сучасны від японскіх адзінаборстваў, свабоднае фехтаванне на бяспечных мячах), каратэ, японскім маджонгу, адукацыйныя лекцыі і семінары. Арганізатар фестывалю — пасольства Японіі ў Беларусі.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/yaponiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/merapryemstva