На хвалі часу, у плыні жыцця [1]
Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»
Адзін з першых: Адам Бабарэка – новы герой віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”
Працягваецца сумесная праца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Выдавецкага дома “Звязда” над віртуальным праектам на партале НББ “На хвалі часу, у плыні жыцця”.
Сёлета адзначаецца 120-годдзе празаіка і паэта, філосафа, крытыка Адама Антонавіча Бабарэкі (1899–1938) [2]. Разам з партнёрамі Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала і прапануе вашай увазе новы раздзел да юбілея даследчыка. “Маладнякоўскі” Бялінскі – такое вызначэнне замацавалася за аўтарам у 1920-я гг. Бабарэка – адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў літаратурна-мастацкіх згуртаванняў “Маладняк” і “Узвышша”.
У спадчыне Адама Бабарэкі ўсяго адна кніга – “Апавяданні” [3] (1925), выдадзеная ў серыі “Кніжніца «Маладняка»”, з поўным тэкстам якой можна пазнаёміцца ў межах віртуальнага праекта на партале НББ. Аднак яго творчая спадчына значна большая і ахоплівае розныя накірункі: паэзія, проза, публіцыстыка, філасофія, дзённікі, лісты, літаратурна-крытычныя працы. Пазнаёміцца з яго спадчынай стала магчыма пасля вяртання дакументаў на радзіму і выхаду “Збора твораў: у 2 т. / Адам Бабарэка” [4] (Вільня, 2011), падрыхтаванага дачкой пісьменніка Алесяй Бабарэкай, Ганнай Запартыкай і Віктарам Жыбулем.
Асобная падборка дакументаў новага віртуальнага раздзела прысвечана даследаванням творчасці Адама Бабарэкі. Яна дапаможа ўсім зацікаўленым больш грунтоўна пазнаёміцца з гэтай таленавітай асобай. Яго жыццю і творчасці прысвечаны кнігі У. Конана “Адам Бабарэка” [5] (1976) і М. Ількевіча “Адам Бабарека: арест – лагерь – смерть: расправа со ссыльными белорусами в Кирове, 1937–1938 гг.” [6] (1999), дзе сабраны матэрыялы, якія раней былі недаступнымі шырокай грамадскасці. Асаблівую цікавасць уяўляюць даследаванні эпісталярнай спадчыны Адама Бабарэкі. Некаторыя з артыкулаў сучасных аўтараў (Д. Давідоўскага, Г. Запартыкі, В. Жыбуля, Т. Лаўрык, Л. Рублеўскай) алічбаваны і даступны чытачу.
Адам Бабарэка быў арыштаваны 25 ліпеня 1930 г. у Мінску па справе “Саюза вызвалення Беларусі” і высланы ў Кіраўскую вобласць. Пісьменнік не меў магчымасці друкавацца, але, адчуваючы сваё прызванне, працягваў працаваць і пісаць літаратуразнаўчыя, філасофскія доследы, лісты да сяброў і сям’і.
Вялікі ўклад у вывучэнне спадчыны таленавітага даследчыка зрабіла Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, пры непасрэдным удзеле якой вярталася спадчына Адама Бабарэкі на радзіму ў канцы ХХ ст. Дзякуючы архіву-музею была падрыхтавана фотагалерэя для праекта, якую складаюць унікальныя фотаздымкі з сямейнага архіва крытыка, фота з пісьменнікамі, а таксама выявамі асабістых рэчаў, дакументаў, рукапісаў і лістоў аўтара. Частка даступных кожнаму фотаздымкаў – з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Цяпер на партале НББ даследчыкам даецца магчымасць пазнаёміцца з архіўнымі дакументамі, пры неабходнасці выкарыстоўваць іх са спасылкай на іх захавальнікаў.
Больш падрабязна пазнаёміцца з праектам “На хвалі часу, у плыні жыцця” [7] можна на партале НББ.
Матэрыял прадастаўлены інфармацыйна-аналітычным аддзелам НББ
Спасылкі
[1] https://www.nlb.by/by/infarmatsyynyya-resursy/elektronnyya-infarmatsyynyya-resursy/resursy-natsyyanalnay-bibliyateki-belarusi/virtualnyya-praekty-vysta-ki-i-kalektsyi/virtualnyya-praekty-bibliyateki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/?back_url_admin=%252Fbitrix%252Fadmin%252Fiblock_list_admin.php%253FIBLOCK_ID%253D66%2526type%253Dprojects_by%2526lang%253Dby%2526find_section_section%253D4604
[2] https://www.nlb.by/by/infarmatsyynyya-resursy/elektronnyya-infarmatsyynyya-resursy/resursy-natsyyanalnay-bibliyateki-belarusi/virtualnyya-praekty-vysta-ki-i-kalektsyi/virtualnyya-praekty-bibliyateki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/common/317420/
[3] https://e-catalog.nlb.by/Record/BY-NLB-br229362
[4] https://e-catalog.nlb.by/Collection/BY-NLB-br0000677031
[5] https://e-catalog.nlb.by/Record/BY-NLB-br737498
[6] https://e-catalog.nlb.by/Record/BY-NLB-br139422
[7] https://www.nlb.by/by/infarmatsyynyya-resursy/elektronnyya-infarmatsyynyya-resursy/resursy-natsyyanalnay-bibliyateki-belarusi/virtualnyya-praekty-vysta-ki-i-kalektsyi/virtualnyya-praekty-bibliyateki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/?back_url_admin
[8] https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/adzin-z-pershykh-adam-babareka-novy-geroy-virtualnaga-praekta-na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/
[9] https://zviazda.by/be/tags/adam-babareka
[10] https://zviazda.by/be/tags/na-hvali-chasu
[11] https://zviazda.by/be/tags/u-plyni-zhyccya
[12] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka-belarusi