Удзельнікі 24-й ўкраінскай экспедыцыі ў Антарктыду знайшлі "згубленую" Ледніковую пячору з азёрамі і ракой, піша [1] РИА Новости са спасылкай на прэс-службу Міністэрства адукацыі і навукі Украіны.
Пячору на востраве Галіндэз, дзе знаходзіцца ўкраінская станцыя "Акадэмік Вярнандскі", знайшлі яшчэ падчас першых антарктычных экспедыцый. "Уваход у яе быў з процілеглага ад станцыі берага выспы, пад вяршыняй ледніка. Аднак аказалася, што некалькі гадоў таму гэты ледавік ссунуўся ў акіян і ўваход заваліла", - распавялі ў міністэрстве.
Кіраўнік 24-й экспедыцыі Ігар Дзікі прызнаўся, што выявіць пячору удалося не адразу. "Было некалькі няўдалых спробаў знайсці яе з боку праліва Пенола. А вось у ледніку з боку старой брытанскай базы-музея хаткі Вордэ нам пашанцавала: мы знайшлі ўваход у згубленую пячору", - паведаміў ён.
Агульная шырыня хадоў пячоры, якія пралягаюць на трох паверхах, складае каля 200 метраў, у ёй знаходзяцца падлёдная рака і два возера. Акрамя таго, навукоўцы знайшлі пяро птушкі, якое "дакладна не належыць пінгвіну". Узоры для даследаванняў ўжо адправілі ва Украіну.
Спасылкі
[1] https://ria.ru/20190912/1558593919.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/antarktyda
[3] https://zviazda.by/be/tags/pyachora
[4] https://zviazda.by/be/tags/ukraina
[5] https://zviazda.by/be/tags/dasledvanni