13 і 14 верасня на пляцоўцы каля Палаца спорту (пр-т Пераможцаў, 4) адбудзецца акцыя сталічнай міліцыі “За бяспечны горад ̶ разам!” у рамках закрыцця мотасезона #HOGRallyMinsk.
Як паведамілі ва УДАІ МУС, на свяце будзе арганізавана работа шматлікіх інтэрактыўных пляцовак, якія пацешаць дзяцей і не пакінуць абыякавымі дарослых. Маленькім наведвальнікам можна будзе паспрабаваць свае сілы ў караоке, зрабіць модны аквагрым, здаць экзамен на права “кіравання транспартным сродкам”, атрымаць сваё першае пасведчанне кіроўцы, сабраць займальны пазл, пазнаёміцца з узбраеннем АМАП і размаляваць сапраўдны аўтамабіль GEELY. Але самым галоўным сюрпрызам стане магчымасць пабываць у “навучальным класе на колах” -- спецыялізаванным аўтобусе-трэнажоры ДІБДР МУС Расійскай Федэрацыі “Школа дарожнай бяспекі”, якіх у свеце ўсяго некалькі штук.
Выстава міліцэйскай рэтратэхнікі, цікавыя майстар-класы, займальныя конкурсы нагадаюць пра важнасць выканання правілаў дарожнага руху ўсімі яго ўдзельнікамі. Добры настрой, смачныя прызы і падарункі гарантаваныя. Уваход на мерапрыемства вольны.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mus-dai
[2] https://zviazda.by/be/tags/za-byaspechny-gorad-razam