Вядома, не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. А ў Брэсце апошнім часам у працэсе падрыхтоўкі да 1000-годдзя зроблена так многа, што няёмка было б дакараць за асобныя хібы. Але памылкі ўсё ж лепей выпраўляць. Таму і пішу гэтыя радкі.
Зусім незадоўга да афіцыйных святкаванняў у цэнтральнай частцы горада з'явіліся новыя прыпыначныя павільёны. Замест старых навесаў усталявалі стыльныя, сучасныя. Памяняліся і надпісы на іх. Цяпер назвы прыпынкаў значацца на беларускай мове і лацініцай.
І вось пасля адпачынку выходжу на прыпынку, куды езджу апошнія 28 гадоў... і не пазнаю. Прыпынак называўся МОПРа, а на ім напісана МАДРа.
Яно і МОПРа — не лепшая назва для вуліцы, але гучыць неяк лепш, бо прывычная. Дык вось, усё жыццё я лічыла, што абрэвіятура — МОПРа — расшыфроўваецца як «Міжнародная арганізацыя прафсаюзаў рабочых», па-руску МОПРа. Ды і, відаць, не я адна прыдумала сваю расшыфроўку, бо ніхто толкам не памятаў, чаму так назвалі вуліцу. Гадоў пятнаццаць таму даводзілася назіраць, як маленькі хлопчык тузаў маці за руку і пытаўся: «Мама, а хто такі Мопр?» І маладая жанчына доўга не думаючы адказала: «Відаць, той, хто гэту вуліцу называў».
А калі сёлета мянялі шыльды, паднялі дакументы, знайшлі старое рашэнне выканкама, паводле якога вуліца названая ў гонар міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі. Яе, відавочна, няма на свеце вельмі даўно. А назва ў сучасных рэаліях гучыць, мякка кажучы, дзіўна, бо аддалена патыхае нейкімі беспарадкамі, экспартам рэвалюцый. Але гэта адно.
Другая праблема, што ў гэтай крыху недарэчнай абрэвіятуры куча памылак. Калі ўжо дакладна скарачаць, то будзе наогул МАДБРа, ледзь не чупакабра. Ды і спецыялісты гавораць, што абрэвіятура МОПР будзе пісацца як МОПР і па-беларуску, бо запазычаная з рускай мовы.
А дні тры таму пачула, як новы надпіс абмяркоўваюць двое дзядзькоў. Адзін кажа: «А што за Мадра такая? Можа, Мадэра хацелі напісаць, ды літару прапусцілі». «О, Мадэра ў савецкія часы была смачная!» — заўважыў другі.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/regiyony
[5] https://zviazda.by/be/tags/brest
[6] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne