Старажытны абутак як сувенір і лекавы сродак
Старыя лапці звычайна спальвалі ў пачатку вясны, на Масленіцу, новыя рабілі ў пачатку восені. На Ушэсце казалі: «Бога ў лапці абуваем і на неба адпраўляем». Існавала і такое павер’е: хто на Гракоўніка, што прыпадае на сярэдзіну красавіка, у новыя лапці абуецца, у таго ўвесь дзень будзе шыя рыпець. Як амаль кожны важны прадмет, што выкарыстоўваўся ў гаспадарцы, лапці нашы продкі шанавалі, выраблялі па правілах, а майстэрства іх пляцення перадавалі з пакалення ў пакаленне.
Не праклінайце
Лапцяў ліповых,
Не пагарджайце
Лапцяў лазовых.
З імі шануйце
Цяжкую працу.
Так пісаў падчас Першай расійскай рэвалюцыі Янка Купала, а праз два дзесяцігоддзі рэвалюцыянер Міхась Чарот выдаў паэму «Беларусь лапцюжная». Сапраўды, доўгі час у літаратуры і культуры лапці былі сімвалам беднасці ды неадукаванасці беларускага селяніна, яго цяжкай працы, безвыходнасці сацыяльнага становішча. Але ўжо сёння, праз стагоддзе, лапці — сувенір і экалагічны, ды нават лекавы абутак. Навукоўцы даказалі іх зручнасць, рацыянальнасць выкарыстання і паказалі логіку, якой кіраваліся нашы продкі, калі іх насілі.
Напэўна, з-за простасці вырабу, таннасці матэрыялу і нетрываласці такога абутку правілы пляцення лапцей не запісвалі, а проста тлумачылі вусна. Таму ў многіх мясцінах краіны рамяство ў яго традыцыйным выглядзе не захавалася. Але на Дрыбіншчыне плесці лапці сёння могуць нават дзеці. Раней гэты занятак быў распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Дрыбінскага раёна, а цяпер адноўлены мясцовымі майстрамі і з’яўляецца аб’ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны.
Лапці — самы старажытны абутак ва Усходняй Еўропе, вельмі зручны, лёгкі, прасторны, ногі яго амаль не адчуваюць. І ў спякоту, і ў холад продкі хадзілі ў лапцях. У наш час фактычна як абутак не выкарыстоўваюцца — хутчэй сувенір, лекавы сродак (навукоўцы даказалі карысць нашэння лапцей для паляпшэння кровазвароту, дактары асабліва рэкамендуць хадзіць у іх людзям сталага ўзросту і цяжарным жанчынам), элемент сцэнічнага касцюма, а яшчэ важны элемент народных абрадаў.
З аднаго боку, лапці — зусім просты і танны абутак. Але ён выратоўваў нашых продкаў і ўлетку, і ўзімку. Вельмі зручнымі былі ва ўмовах балоцістай мясцовасці Дрыбіншчыны: вада і бруд у іх не затрымліваліся. Найбольш трывалымі лічыліся лыкавыя лапці, зробленыя з ліпы. Яны і мяккія. Мясцовыя жыхары здабывалі лыка ў лесе ці набывалі на кірмашах. Вырабляліся лапці двума спосабамі — прамым цi касым пляценнем.
Традыцыйныя дрыбінскія лапці — з адкрытымі насамі і пяткай. Па баках выпляталіся петлі, праз якія прапускалі вяроўку ці лыка («аборы»), каб зацягнуць вакол нагі. Лапці не насілі без анучы — кавалка тканіны даўжынёй і шырынёй прыкладна паўметра. У залежнасці ад пары года анучы былі парцяныя ці суконныя. Першыя насілі, калі было цёпла, а другія — зімой, позняй восенню і ранняй вясной. У якасці зімовых ануч часцей за ўсё выкарыстоўвалі кавалкі старога андарака ці кашулі. У вялікія маразы ступню, закручаную ў суконку, абкладвалі яшчэ сенам або мяккай саломай. А зверху заварочвалі ў белыя палатняныя анучы. «Святочны» варыянт лапцей вылучаўся асаблівай белізной і акуратнасцю. Навіваць анучы і завязваць аборы вучылі з маленства, і дзеці да гадоў дзесяці добра засвойвалі гэта ўменне.
Таму нядзіўна, што сёння ў Дом рамёстваў у Дрыбіне вельмі часта дасылаюць заяўкі з гарадоў Беларусі, Расіі, Германіі. Вырабленыя на заказ лапці становяцца экспанатамі музеяў. Апроч таго, яны сталі аб’ектамі даследавання навукоўцаў, экалагічна чыстым абуткам для адпачынку.
Марына ВЕСЯЛУХА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mastactva