«Золата» і «бронзу» заваявалі беларускія школьнікі на XІІІ Міжнароднай алімпіядзе па навуках аб Зямлі (ІESO 2019) у Паўднёвай Карэі.
Залатой узнагародай у складзе міжнароднай каманды ў практычным туры ўганараваны дзевяцікласнік віцебскай гімназіі № 2 Дзмітрый Міхаська. А вучань 9 класа брэсцкай гімназіі № 1 Дзяніс Рабчук стаў бронзавым прызёрам у індывідуальным заліку.
У склад нацыянальнай зборнай таксама ўвайшлі дзесяцікласнікі гродзенскай гарадской гімназіі Уладзіслаў Вайняловіч і гомельскай гімназіі № 10 Аляксандр Шпакоўскі.
Хлопцы выступалі пад кіраўніцтвам дэкана факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Дзмітрыя Курловіча і дацэнта кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін ВНУ Людмілы Факеевай. Таксама падрыхтоўкай беларускіх школьнікаў займаліся супрацоўнікі Інстытута геалогіі Навукова-практычнага цэнтра па геалогіі.
Усяго ў алімпіядзе прыняло ўдзел больш за 160 школьнікаў з 43 краін свету. Навучэнцам прапаноўвалася вызначыць мінералы і горныя пароды, выявіць небяспечныя геолага-геамарфалагічныя працэсы, адказаць на пытанні, звязаныя са змяненнем клімату, берагавымі працэсамі, якасцю водных рэсурсаў і іншыя.
XІV Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі пройдзе ў 2020 годзе ў Расіі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyada