...Гасцініцу ў тым горадзе ахоўвалі два сімпатычныя сабакі. Звалі іх Ружа і Бязмен.
— Дзіўныя мянушкі, — засмяяліся мы.
Наша праважатая не згадзілася:
— Бачыце, колькі дамоў, — уздыхнула яна. — Уяўляеце, колькі кватэр? І амаль у кожнай — што ні ружа, то бязмен.
Казала пра гэта адна з найстарэйшых і найлепшых гінеколагаў горада, і не верыць ёй, вядома ж, не выпадала. Да таго ж на зямлю апускаўся вечар, людзі вярталіся з работы — у вокнах кватэр запальвалі святло.
Тры акны на трэцім паверсе заставаліся чорнымі.
Яшчэ ўчора, здаецца, там жыла сям'я, як сям'я (прынамсі, знешне): дарослыя зранку спяшаліся на работу, малы — у школу. Першым ён вяртаўся і дамоў, нешта браў «пажаваць», садзіўся за ўрокі. Потым прыбягала маці, заступала на кухню грэць-гатаваць, і яны вячэралі. Бацьку даўно не чакалі. Ён, як сказаў, «зарабляе грошы мазгамі», а таму па вечарах мае права недзе пасядзець, выпіць (як мінімум піва), пагуляць... Не, на шчасце і як быццам не з дзеўкамі: да 11—12 вечара ён мог прасядзець за камп'ютарам, гуляючы ў «танкі» ці нешта яшчэ.
— Ты б хоць зрэдку парой прыходзіў дадому, — ноч-апоўнач збіраючы на стол, уздыхала Паліна. — Можа, дапамог бы што, разам павячэралі б, пагаварылі... І ў выхадныя, добра было б пад'ехаць на дачу. Ганак зусім разваліўся...
Слухаць гэтую «пласцінку» Віталік «цярпець ненавідзеў». Казаў, што яму без розніцы, што есці і ў чыёй кампаніі, пытаў, аб чым яму размаўляць з васьмігадовым дзіцем, даводзіў, што выхадныя для таго і даюцца, каб чалавек адпачыў, а не гарбаціўся ў цешчы на дачы...
І дома (як тая цешча казала) ён ніткі не рваў: жонка забылася напамінаць, што ў пакоях даўно пара памяняць шпалеры, што ў кухні «распаўзаецца» мэбля, што ў лоджыі — самае месца для закатак, але няма ніякіх паліц... Ды што там — у прыбіральні адарвалася неяк зашчапка. Мужу часу не было прыкруціць. А Паліна, паспрабаваўшы, толькі «раскалупала» дзверы...
Пасля гэтага разоў колькі наўмысна «рвалася» ў той закутак следам за мужам — можна сказаць, заспявала на ўнітазе. Толькі пасля гэтага ён узяў у рукі адвёртку...
Як можна «падбіць» гаспадара на іншыя «подзвігі», Паліна не ведала: працуючы і ў адзіночку гадуючы сына, у многім дапамагаючы сваёй маці і свекрыві, яна, здаецца, змірылася з «фіктыўнасцю» шлюбу. Ведала, што на добры толк яго даўно пара скасаваць... Але ж на свае вочы бачыла, як цяжка (і дзецьмі найперш) перажываюцца разводы-раз'езды ў іншых сем'ях, і таму ніяк не рашалася. Да таго ж — хто б яе зразумеў: муж не п'е, не б'е, грошы зарабляе...
За тыя, што яна адклала на рамонт — хоць бы ў адным пакоі (муж сказаў, што сёлета зрабіць у яго зноў не атрымаецца), — Паліна вырашыла звазіць малога на мора — сесці з ім у цягнік ці ў самалёт, праехаць альбо праляцець над зямлёй і апынуцца...
Разам з сынам яны доўга марылі — выбіралі месца, пракладвалі маршрут, збіралі рэчы і вось...
Ім пашчасціла з самага пачатку — з гасцініцай, з надвор'ем. Шторанічкі яны спяшаліся на пляж, купаліся ў цёплай марской вадзе, валяліся на чыстым гарачым пяску, хадзілі па вуліцах старажытнага мястэчка, зазіраючы пры гэтым то ў храм, то ў музей, то ў парк, ездзілі на экскурсіі... А нарэшце, стаміўшыся, доўга-доўга вячэралі на адкрытай верандзе — успаміналі, перабіралі ўсе ўражанні, усе справы пражытага дня...
І стравы, дарэчы, таксама, бо ў іх рэстаране з так званым шведскім сталом было столькі ўсяго ні разу не каштаванага, што малы нават «графік» склаў, што выбраць заўтра, а што паслязаўтра...
Хіба праз тыдзень ён здаволіўся: сказаў, што зойме столік, а з'есць — ну проста ўсё...
Маці — хлопчык сачыў — нешта выбірала, а тым часам да яго стала з поўным падносам кіраваў нейкі дзядзька.
— Пан не будзе супраць, калі я тут сяду? — папытаўся ён.
І па-беларуску, як быццам, але ж Рома не ведаў, што адказаць. Добра — з'явілася маці.
— Нех пані дазволіць мне павячэраць, — не тое паставіў перад фактам, не тое папрасіўся гэты «нярускі».
Паліна акінула позіркам залу (у ёй сапраўды неяк зашмат народу) і, сцепануўшы плячом, згадзілася.
Паляка звалі Яцэк. Яго продкі па лініі маці былі з-пад Гродна, і ён так смешна размаўляў па-беларуску...
Ромік — малы — яго папраўляў, вучыў, як трэба.
А назаўтра ўжо Яцэк адшукаў іх на пляжы і падрадзіўся «паквітацца» — павучыць Рому плаваць.
— Марна... Мы сем дзён на гэта патрацілі, — уздыхнула Паліна. — Два метры па-сабачы... Больш — не атрымалася.
— Дык то ж у вас, — смяяўся новы знаёмец. — А вось у нас...
Яны, двое — дарослы і малы — па чарзе, адзін перад адным, перабіралі рукамі-нагамі, кідалі гэты занятак, проста дурэлі на мелкаводдзі, потым зноў пачыналі «ўрок», а Паліна, гледзячы на іх, думала... Думала пра мужа, пра мужчын. Ну чаму, напрыклад, роднаму бацьку нецікава размаўляць са сваім сынком, нечаму навучыць яго, некуды схадзіць ці з'ездзіць (а хоць бы і цяпер, на мора), а вось гэты, чужы, ну як прыкіпеў!.. Не, не да яе (бо яна б умомант адшыла!), а да дзіцяці: з такой цікавасцю слухае, з такой павагай гаворыць...
Пакуль падумала, сын... паплыў: закрычаў ад радасці, потым яе ж спалохаўся і «пайшоў» на дно, але побач быў Яцэк...
Яны зноў вячэралі ўтраіх.
І назаўтра снедалі, купаліся, ездзілі на экскурсію. «Хлопцы» тады крыху адсталі ад групы — затрымаліся ля свежых раскопак. Гід гукнуў:
— Э-э, папаша с ребёнком! Не отставайте!
І Яцэк (Паліна ўбачыла) нібы зачапіўся за нешта — спатыкнуўся, выпусціў руку малога, пабітым сабакам глянуў на маці, і было ў гэтым позірку нешта такое...
Іх водпуск канчаўся, ім пара было ад'язджаць — Яцэк праводзіў, пасадзіў на самалёт, папрасіў дазволу напісаць, высылаць фатаграфіі — сыну.
Маці не пярэчыла.
І пасля водпуску не сварылася больш на Рому, што сядзіць за планшэтам, бо цяпер яна ведала, што гэта не ў пустых «стралялках-даганялках», а яшчэ і ў шчырых сяброўскіх зносінах з добрым разумным чалавекам, які Рому быў вельмі патрэбны... Ды і Яцэку, здаецца, таксама.
З часам Паліна дазналася, што жыве ён адзін у вялікім доме бліз Кракава, што ў яго свой бізнес, што разоў колькі на год ён бывае ў Беларусі.
Не сказаць, каб яна чакала яго прыезду, але ж думала, што гэта некалі здарыцца...
І сапраўды — ён прыехаў. Пазваніў у суботу раніцай і менавіта ёй (чаго ніколі не было), сказаў, што вельмі хацеў бы ўбачыцца, павіншаваць Рому з мінулым днём нараджэння. І яны, ужо «прыбраўшыся» і сабраўшыся ехаць на лецішча, выклікалі таксі — з сынам панесліся на вакзал, потым — і ўсе разам — махнулі ў заапарк, у Батанічны сад, дзе спачатку было кафэ і дзе іх ужо чакаў па-святочнаму накрыты стол.
— Я віншаваў цябе з днём народзінаў, — сказаў імянінніку Яцэк. — Але гэта на словах. Сёння — час падарункаў. І я шмат чаго накупляў, але і на жаль, не маю права аддаць... Таму я прыехаў, каб сказаць табе, што вы з мамай — вельмі дарагія мне людзі... Нават самыя дарагія... Дарагія настолькі, што я вельмі хацеў бы дарыць вам святы — сёння і кожны дзень... Калі вы дазволіце...
Яцэк запытальна глядзеў на Паліну. Малы — таксама: «Ну скажы яму «так»!» — моўчкі ўмольваў ён.
І маці хацела, можа, нават сказала — шчасцем, якім засвяціліся вочы, удзячнай усмешкай, міжвольным рухам рукі...
Да слоў пакуль не дайшло.
Хіба да ўчынкаў?
Пасля водпуску яна не ўставала больш апоўначы, каб мужу падаць вячэру, раніцой на спінку крэсла не вешала яму свежую сарочку, перастала пра нешта пытацца: прыйшоў — добра, пайшоў — таксама.
Муж, як ні дзіўна, гэта заўважыў, хоць і не хутка. Аднойчы нават сказаў, што прыедзе — забярэ іх з лецішча і такі паправіць там ганак.
Работы было — на пару гадзін, а ўжо ж потым гонару...
Цешча любімы пірог спякла, пляшку паставіла.
Ён чакаў, што і жонка, як некалі, вечарам пасля лазні (Віталь яе не любіў) з гарбатай і прысмакамі падымецца ў яго пакой на гарышчы, але...
Не паднялася.
Тады (чаго ніколі не было — нават з нагоды!) ён узяў і купіў ёй кветкі.
І з работы стаў адразу прыязджаць дамоў. І пірожныя неяк купляў. І спрабаваў сваіх разгаварыць. Але гэта ў яго чамусьці не атрымалася: сын спяшаўся да сябе, жонка — то да хатніх спраў, а то...
Яна — ці бачыце — дзяцінства ўспомніла, села... маляваць. І было б там што (Віталік бачыў): на ўсіх карцінах — мора і людзі на беразе. Недзе — двое — быццам Ён і Яна, а недзе ўжо трое (яшчэ і дзіця)... Ці малых ужо шмат.
Паліна (ён ведаў гэта) хацела другое дзіця, альбо нават дваіх... Ён — пяць гадоў, пакуль не было кватэры, машыны, прыстойнага рамонту — не хацеў і першага...
Але ж — калі на тое пайшло — то няхай! Аднойчы, сабраўшыся з думкамі, ён так і сказаў, што яго, маўляў, справа, маленькая... Што ён («ну, халера з ім»!) згодны «ўтрымліваць» і яе, і дзяцей, але не больш...
— А ўжо не трэба — ні больш, ні менш, — спакойна ўсміхнулася жонка. — Мы разводзімся, сын застаецца са мной.
— Дзе застаецца? — як за саломіну ўхапіўся муж. — Гэта мая жылплошча!.. І грошай я вам не дам!
— Кватэра нам не патрэбна, грошы, здаецца, таксама... Жыві, як знаеш. Як хочаш...
Віталь — і толькі цяпер, здаецца — ведаў, ЯК. Да смешнага проста! Прачнуўшыся, «адным носам», ён хацеў бы згадваць, што ў іх на сняданак, накідваць на плечы свежую кашулю, абдымаць любімую (!) Паліну, за руку вітацца з малым і казаць яму, напрыклад, што сёння вечарам яны ўсёй сям'ёй...
Дагэтуль ён (і разумны ж, як быццам: вунь колькі разоў выйграваў у «дурнога» камп'ютара!) ніколі не думаў, што побач столькі месцаў, куды можна схадзіць з дзіцем і жонкай... Ён забыўся, калі быў у кіно і ў лесе, у спартзале, на нейкім канцэрце ці выстаўцы. Ён толькі чуў пра аграсядзібы і паездкі ў іншыя гарады і краіны. Ды што там — да роднай маці ён завітваў на Каляды і 8-га Сакавіка!.. А недзе ж там, у гаражы, гадамі ржавелі яго канькі і ровар (жонка з сынам на сваіх каталіся), недзе там заставаліся яго кніжкі і альбомы з маркамі. Іх цікава было б паказаць сыну. І нават перавезці — купіць што з мэблі... А то і ўсю...
Паліна мела рацыю: трэба было (і даўно) зрабіць нацяжныя столі, паклеіць шпалеры (жонка яшчэ пазалетась купіла і неяк прывалакла), памяняць гнілыя вокны.
І мэбля ў іх сапраўды старая, прычым — немаведама, чыя: засталася ад мінулых жыльцоў. Ён тады сказаў Паліне, што гэта на час, пакуль даўгі аддадуць, пакуль нейкія грошы заробяць.
Ну, зарабілі... Ён (вядома ж, болей за жонку)... І што? Каб усё злажыць»? Ці — каб жыць?..
ЯК, — цяпер ён ведаў і хацеў: парываўся сказаць Паліне... Хоць і разумеў, што гэта ўжо марна. Яго жонка ніколі не прымала паспешлівых рашэнняў: кожнае — а тым болей важнае — доўга абдумвала, каб потым не перадумваць — не вяртацца назад.
...На горад, на гасцінічны двор (пад аховай Ружы і Бязмена) даўно апусціўся вечар, людзі, вярнуўшыся з работы, запалілі святло.
Тры акны на трэцім паверсе заставаліся чорнымі.
Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/dalyoka-i-blizka
[5] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar-1