Вось так заедзеш у самую глыбінку і нечакана для сябе адкрыеш невядомыя старонкі гісторыі апошняй вайны. Нават з падручнікаў мы ведаем, што многія вёскі ў лясах палілі, жыхароў на месцы расстрэльвалі альбо нават палілі зажыва, а ў гета трымалі яўрэйскае насельніцтва, каб потым знішчыць. Але ж, відаць, формы і метады расправы ў карнікаў былі надта разнастайныя. Зоя Алехнік расказвае, што жыхароў іх маленькай вёскі Галік, што побач з Навасёлкамі, вывезлі паромам на гэты бок канала і зрабілі нешта накшталт гета, жанчын трымалі ў адным з дамоў у Антопалі, мужчын — у Драгічыне...
Праз Дняпроўска-Бугскі канал паромам перапраўляліся заўсёды. Раней, згадвае 80-гадовая Зоя Андрэеўна, паром быў у іншым месцы, цяпер пераправа падыходзіць да галоўнай вуліцы ў Навасёлках, а хата нашай гераіні найбліжэйшая да парома. Дык вось, Зоя тады была зусім маленькая, але самыя першыя ўспаміны звязаныя менавіта з вайной, са страхам. Недзе гэтыя ўспаміны трывала ўпляліся ў расказы бацькоў, і цяпер цяжка размежаваць, што сама помніць, а што ведае з расказаў старэйшых. Але ж добра ведае, што рабілася ў тыя страшныя гады. У бацькоў была вялікая сям'я, дзевяць дзяцей, жылі дружна, не гаравалі. За каналам у лесе, дзе схавалася іх маленькая вёска, людзі заўсёды адно аднаго падтрымлівалі. Тут неяк адразу ўзніклі першыя партызанскія атрады, спрыяльная абстаноўка. Старэйшы брат Зоі адным з першых у вёсцы сышоў у партызаны. Цяпер яна разважае, што дарэмна такі малады, неабстраляны юнак ірваўся на вайну, яго стрыечны брат падбіў. Так і злажыў галаву 17-гадовы хлопец, не спазнаўшы жыцця.
— А бацька мой быў разумны чалавек, — разважае жанчына. — Ён разумеў, што навакольную партызанку акупанты жыхарам не даруюць. І ўнутрана рыхтаваўся да магчымых уцёкаў. Але ж усё роўна, калі прыйшлі немцы і загадалі ўсім ісці да парома, бацькі разгубіліся, пайшлі з усімі. Многія людзі верылі, што іх проста перасяляюць, збіралі пажыткі, выганялі з хлявоў жывёлу. Бацька пастараўся дамовіцца з адным з немцаў, падкупіў нечым, нешта даў загадзя падрыхтаванае. І яго разам з сям'ёй пакінулі нібы падганяць жывёлу, пераправіць скаціну іншым паромам, пасля людзей. Так мы не папалі разам з усімі ў гэтыя дамы-гета, — згадвае Зоя Андрэеўна. — Але там была мая бабуля разам з іншымі жанчынамі, мама насіла ёй перадачы. Некаторы час патрымалі людзей у Антопалі, у Драгічыне, а потым пагрузілі ў таварныя вагоны і некуды павезлі. Адны казалі, што ў Кобрыне расстралялі, іншыя — нібыта іх завезлі ў канцэнтрацыйны лагер і спалілі ў газавых камерах. Словам, ніхто дакладна не ведае, дзе людзі прапалі: ні магілы няма, ні звестак. Навасёлкі таксама тады спалілі, а людзей вывезлі...
Цяжка ўсё гэта ўспамінаць, — уздыхае Зоя Андрэеўна. — Нейкі час цясніліся ў сваякоў, потым жылі ў зямлянках. А пасля ўжо нават палонныя немцы дапамагалі жыллё будаваць. Памятаю, як двое з іх на нашым полі бульбу капалі. Бацька з іншымі мужчынамі ішлі і заўважылі, а той, хто іх ахоўваў, дае майму бацьку вялікую палку і кажа: «Можаш біць». Але бацька кія не ўзяў, разумеў, што з голаду яны пайшлі тую бульбу капаць. Яшчэ помню, як партызаны расстрэльвалі тых, хто пайшоў у паліцыю служыць, расстрэльвалі разам з сем'ямі... Страшная вайна была, любая вайна — нялюдская справа, унукам так кажу і праўнукам: галоўнае, каб яны ніколі не ўбачылі войнаў.
Не сказаць, што Зоя Алехнік пражыла лёгкае жыццё. Замуж выйшла рана, у 18 гадоў, адна за адной нарадзіліся пяць дачок. Але сямейнае жыццё не складвалася, бо занадта часта гаспадар зазіраў у чарку. Разышліся з ім. І дзяцей уздымала, і на рабоце паспявала, даяркай у калгасе была доўгі час. Але ж ніколі не ўпадала ў роспач, заўсёды спявала. Колькі сябе помніць, удзельнічала ў калгаснай самадзейнасці, раней у іх пры клубе быў фальклорны калектыў. Усе дажынкі, зажынкі, святы вёскі, мерапрыемствы ў суседніх калгасах і сельсаветах без іх прыпевак і танцаў не абыходзіліся. Цяпер калектыў па зразумелых прычынах распаўся.
А ў яе застаўся толькі велізарны стос фотаздымкаў. Зоя Андрэеўна дастае з шуфляды свае альбомы і пачынае экскурс у гісторыю гастрольнай дзейнасці іх калектыву. Да кожнай фатаграфіі яна дае грунтоўны каментарый. Вось справаздачна-выбарны сход калгаса, і яна — на сцэне з музыкантам, а вось свята на дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі, і выступае іх былы фальклорны калектыў у прыгожых касцюмах. А тут на раённым мерапрыемстве гаспадыня з Навасёлак стаіць побач з караваем, спечаным сваімі рукамі. Яшчэ адзін кадр зрабілі, калі начальнік райаддзела культуры ўручае ёй памятны сувенір як актыўнай удзельніцы самадзейнасці. «Вунь тая крыштальная ваза для цукерак яшчэ стаіць», — паказвае на прыгожую пасудзіну памаладзелая ад прыемных успамінаў гаспадыня.
Пытаю, ці часта перабірае-праглядвае яна гэтыя здымкі, і чую ў адказ, што не надта часта, але ж, бывае, захочацца згадаць. Спяваць цяпер не выпадае, як раней, дык хоць паглядзець, успомніць сябровак па выступленнях. Хоць і заспяваць, калі ёсць нагода, яна ніколі не супраць. А раней нават зажынаць першы сноп у калгасе без яе не пачыналі. «Аднойчы, — успамінае суразмоўніца, — брат з Сочы прыехаў, сядзім за сталом, а тут загадчык клуба прыбягае: «Андрэеўна, там камбайн стаіць, жанчыны з сярпамі прыйшлі, ніхто ж і коласа не сажне, пакуль вы зажыначную не заспяваеце». Ну, я і пайшла. Потым вяртаюся дадому, а брат кажа: «Можа, і нам заспяваеш тое, што ў полі?» Я, вядома, заспявала, не звяртала ўвагі, што ён тыкаў пальцам у нейкую маленькую скрыначку на падаконніку. А калі скончыла песню, ён уключыў — аказваецца, запісаў мой голас на магнітафон. Сказаў — на памяць. Колькі гадоў прайшло з той пары!
Брат мой быў вельмі добры ўрач, нейрахірург. Калі прыязджаў пагасціць, усе людзі з акругі ішлі нібы да знахара якога, усім даваў парады, стараўся нечым дапамагчы. Няма ўжо яго. Пахаваны ў Сочы, другі брат пахаваны ў Архангельску, яшчэ адзін — у Саратаве. Усю вялікую сям'ю майго бацькі раскідаў лёс па свеце, — расказвае далей жанчына.
А вось мая сям'я ўся пры мне, усе дочкі ўладкаваліся ў Брэсцкай вобласці. Старэйшая працуе ў Брэсце ў бібліятэцы пры абласной бальніцы. Тамара ў Астромічах Кобрынскага раёна загадвае домам культуры. О, яна сапраўдны работнік культуры, іграе, спявае, арганізоўвае святы! Адна дачка жыве побач са мной. Праўда, муж яе нядаўна перажыў абшырны інфаркт, цяпер праходзіць рэабілітацыю. Перажываю за іх. Усе дочкі выраслі прыстойнымі людзьмі, сталі добрымі маці сямействаў. Усе зяці таксама добрыя, працавітыя. Што яшчэ трэба? Пенсію атрымліваю добрую, каб не дзецям дапамагаць, не ведаю, куды б гэтыя грошы дзявала, — смяецца пенсіянерка.
— Да гэтай пары дапамагаеце? — задаю амаль правакацыйнае пытанне.
— А вы хіба не чулі такую показку: што гэта за маці, якая дзяцей да пенсіі не пракорміць? — зусім па-маладому смяецца Зоя Андрэеўна. І расказвае, як нядаўна з адным паромшчыкам размаўляла. Разгаварыліся, ён часова працаваў, даўно тут не быў, спытаў пра яе, а потым сказаў дзяжурнае: «Я вас і не пазнаў адразу. Багатая будзеце». А яна ў адказ: «А я і так багатая на ўсю акругу: пяць дачок, пяць зяцёў, дзевяць унукаў, адзінаццаць праўнукаў».
— Ну і праўда, — згадзіўся паромшчык — тут ніхто не параўнаецца з вамі.
Зоя Андрэеўна выйшла правесці нас за весніцы. Хадзіць ёй ужо цяжкавата, а вось вышыванне стала цяпер любімым заняткам. Вышывае сурвэткі, ручнікі і дорыць унукам і праўнукам, якія даволі часта прыязджаюць. Так што ёсць нагода паглядваць на паром.
Паром з даўніх часоў уплывае на жыццё тых, хто пасяліўся на гэтым беразе канала. Хоць і працуе паромная пераправа кругласутачна ў летні час, а зімой пераправай служыць баржа, вёска паступова стала згасаць. Нават рыбгас, які знаходзіцца ў Навасёлках, сітуацыю не выратаваў. Раней нават домікі для працаўнікоў рыбгаса будавалі, цяпер яны стаяць пустыя. Работнікі рыбнай гаспадаркі купілі або пабудавалі жыллё ў іншых населеных пунктах ды пераехалі. Ды і сам рыбгас цяпер не ў бліскучым фінансавым становішчы. А ў сяле жыве легенда, што ў лепшыя савецкія часы хацелі пабудаваць мост, а кіраўніцтва рыбгаса пахавала ідэю, бо баяліся, што стане многа ахвотных красці рыбу. Так гэта ці не, дакладна ніхто не ведае, але мост не сталі ўзводзіць, і вёска паступова абмялела. Цяпер у Навасёлках пастаянна пражываюць шматдзетная сям'я мясцовага фермера, дачка Зоі Андрэеўны з мужам ды некалькі пажылых пенсіянераў. Праўда, частку дамоў купілі рыбаловы-аматары, каб было куды заехаць у сезон рыбалкі.
Старшыня сельскага Савета Міхаіл Шчэрбач расказаў, што вясковую хату тут, здаралася, набывалі за 300 ці 500 долараў у эквіваленце, хоць у іншых населеных пунктах на беразе канала, там, дзе ёсць цвёрдая дарога, цэны даходзяць да 10 тысяч умоўных адзінак. Краявіды ж і магчымасці для адпачынку наўкол аднолькавыя. Толькі калі ёсць выбар, большасць выбірае жыццё без пераправы. А вось для замежнікаў гэты паром — экзотыка, асабліва тутэйшы, на механічнай цязе. У іншых месцах паромы на маторах, а тут металічным вяслом цягнуць канат. Калі хто з турыстаў заязджае, то з задавальненнем фатаграфуе гэты працэс.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi
[4] https://zviazda.by/be/tags/vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/navasyolki
[6] https://zviazda.by/be/tags/dragichynski-rayon
[7] https://zviazda.by/be/tags/aposhniya-zhyhary