Пад такой назвай Міністэрства ўнутраных спраў арганізавала турнір па міні-футболе сярод падлеткаў.
Праходзіў ён тры дні на базе спартыўна-аздараўленчага лагера «Зялёны бор», што месціцца ў пасёлку Зялёнае Мінскага раёна. Склад гульцоў быў незвычайны: з дзевяці ўдзельнікаў кожнай каманды — сямёра падлеткаў і юнакоў, прычым гэта маладыя людзі, датычна якіх інспекцыі па справах непаўналетніх вядуць індывідуальную прафілактычную работу. Таксама ў камандах было па два міліцыянеры. Асобную дружыну на спаборніцтвы вылучыў спецыялізаваны ліцэй МУС.
Перамогу атрымалі сталічныя футбалісты, якія ў вырашальным матчы адзначыліся двума галамі ў вароты гасцей з горада над Бугам, што сталі сярэбранымі прызёрамі. Трэцяе места — у прадстаўнікоў Віцебшчыны. Узнагароды камандам-трыумфатарам уручыў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка. Ён зазначыў, што такія турніры дазваляюць умацаваць пачуццё таварыскасці.
Ва ўрачыстай цырымоніі таксама ўдзельнічалі славуты беларускі футбаліст Аляксандр Глеб і прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у нашай краіне Рашэд Мустафа Сарвар.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота МУС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/razam-da-peramogi
[4] https://zviazda.by/be/tags/mini-futbol
[5] https://zviazda.by/be/tags/mus