На карце Мёрскага раёна значацца тры вёскі з падобнымі назвамі: Басянкі 1-я, Басянкі 2-я, Басянкі 3-я. Цяпер ніхто так не гаворыць, бо ўсе Басянкі зліліся ў агульнае паселішча. Калісьці тут быў заможны калгас імя Пушкіна (бюст паэта і дасюль стаіць у скверыку перад будынкамі былых канторы і клуба). Нажаль, ад той славы нічога не засталося. Няма ні школы, ні крамы, ні бібліятэкі.
Басянкі – вёска пенсіянераў, нягледзячы, што жывуць тут і школьнікі, і, нават некалькі немаўлят. Засталася толькі пошта з адным паштальёнам (ён жа і загадчык) і ФАП. Яго загадчыца, медыцынскі работнік Вольга Міхнёнак дваццаць чатыры гады вярнулася на радзіму і па-ранейшаму даглядае сваіх старэйшых землякоў. Адзінаццаць вёсак абслугоўвае Вольга, каб паспяваць да хворых, ёй прыходзіцца часта карыстацца веласіпедам.
А яшчэ Басянкі называюць інтэрнацыянальнай вёскай – тут жывуць змешаныя беларуска-украінскія сем’і. У свой час маладыя ўкраінкі прыязджалі на працу ў калгас (не хапала працоўных рук), некаторыя выйшлі замуж за мясцовых хлопцаў і засталіся назаўсёды на мёрскай зямлі. Павел і Алена Шамровічы жывуць тут у міры і згодзе трыццаць пяць гадоў, часта наведваюць малую радзіму Алены – Львоўшчыну.
Першыя ранішнія маразы не засталі знянацку басянкоўцаў – усю бульбу і карняплоды выкапалі, агароды ўзаралі, бульбянішча спалілі. Засталіся толькі познія кветкі. Вёска падрыхтавалася да зімы.
Анатоль Кляшчук
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/treba-doma-byvac-chascey