Дзесяць гадоў таму сваё выступленне ў кіеўскім палацы «Україна» майстар мастацкага слова, Герой Украіны Дмытро Паўлычка, чыё 90-годдзе адзначаецца гэтымі днямі, распачаў вершам свайго духоўнага настаўніка Івана Франко:
Хто ў першай чвэрці жыцця
Ведаў не здабыў,
У другой чвэрці жыцця
Дабра не нажыў,
А ў трэцяй чвэрці жыцця
Сумленным не быў, —
Той скажа ў чацвёртай:
«Усё роўна як і на свеце не жыў!»
І дадаў: «Часам мне здаецца, ведамі і маёмасцю я такі ўбогі, а праз розныя цяжкія абставіны быў такі несумленны, што ажно хочацца крыкнуць: “Усё роўна як і на свеце не жыў!”». Ведаючы добра Дмытра Васільевіча і ягоную творчасць, хачу адзначыць: гэта прамовіла яго высокая патрабавальнасць да сябе.
З ранняй маладосці яго жыццёвым і творчым ідэалам сталі жыццё і творчасць украінскага генія, блізкага земляка Івана Франко. Жыццё актыўнага грамадзяніна, якога прыніжэнні, нават турмы не маглі адлучыць ад барацьбы з уладамі тагачаснай Аўстра-Венгрыі, куды ўваходзілі заходнеўкраінскія землі. Творчасць, скіраваная на інтэлектуальны, патрыятычны ўздым украінцаў.
«Гранаслоў» — так называецца адна з многіх яго паэтычных кніг. Д. Паўлычка не проста піша, складае вершы, а менавіта граніць у іх кожнае слова. Ён ніколі не гуляў у словы і не гуляў словамі. Ён імкнуўся, каб у кожным яго творы палаў «агонь у адзенні слова» (І. Франко). Пра гэта сведчаць назвы яго кніг — ад «Любові і ненависті» (1953) і да нядаўніх вершаваных зборнікаў «Яса» і «Мова» (2019).
Грамадзянская смеласць, публіцыстычная зоркасць, філасофская засяроджанасць, дэмакратызм, палкае адстойванне агульначалавечых, па сутнасці Боскіх, маральна-этычных пастулатаў, шчыры патрыятызм — гэтым вызначаецца глыбінная сутнасць Паўлычкі як асобы і як пісьменніка. І нішто — ні выключэнне яго з аспірантуры Львоўскага ўніверсітэта за адстойванне роднай мовы, ні знішчэнне 18-тысячнага наклада кнігі «Правда кличе!» (1958) за антысталінскі верш «Калі памёр крывавы Тарквемада…» — не змусіла яго схіліцца перад ідэалагічным фарысействам і крывадушшам.
Ды не толькі мовай паэзіі дапамагаў Паўлычка сваім землякам «устаць з каленяў». Агонь быў не толькі ў яго словах, але і ў многіх дзеяннях, учынках. Праўда, які агонь, такое і слова. Пачуццё кахання да жанчыны, любові да роднай зямлі, роднага народа, роднай мовы, бацькоў, сяброў, добрых людзей і цэлых народаў — і такі агонь палае не толькі ў асобных вершаваных цыклах Паўлычкі («Настаўнікам і сябрам», «Кіеўскія санеты» і інш.), але нават у цэлых зборніках яго вершаў («Сонети падільскої осені», 1973; «Таємниця твого обличчя», 1979).
Як і наш Максім Танк, украінскі паэт, услаўляючы каханне як найбольшую каштоўнасць жыцця, звяртаецца часам і да жанру эратычнай лірыкі, што надае яго паэзіі асаблівую шчырасць: «Якая ты прыгожая! Ды кроку // З табою ў лес я не зраблю й тайком, // Дзе чорт даўно ўжо не навідавоку // Чакае нас са зваблівым пітвом» («Якая ты прыгожая!..»). Альбо: «Ціха яблыкам даспелым // Ты упала ў ложа траў. // Маладое тваё цела // Я ад строяў вызваляў» («Ціха яблыкам даспелым...»)...
Сучасная еўрапейская версіфікацыя нярэдка адмаўляецца ад класічнай сілаба-тонікі, рыфмы, нават ад знакаў прыпынку, прапісных літар, баіцца быць западозранай у сувязі з традыцыямі вуснай народнай творчасці і літаратурнай класікі. У выніку многія вершы не «дарастаюць» да вышынь паэзіі, не выклікаюць эмоцый, яны існуюць як рэбусы-загадкі, тэксты-забаўлянкі.
У супрацьлегласць такой тэндэнцыі Паўлычка, які цудоўна ведае сусветную паэзію, не цураецца, у прыватнасці, верлібра, ні ў ранні перыяд творчасці, ні цяпер не імкнецца быць «модным», «мадэрным», «авангардным». Наадварот, у яго паэзіі пругка струменяць крыніцы роднага фальклору, украінскай і сусветнай класічнай вершатворчасці. Не дзіва, што асобныя яго вершы сталі папулярнымі песнямі («Два кольори», «Лелеченьки», «Я стужився, мила, за тобою», «Дзвенить у зорях небо чисте» і інш). Відаць, як ніхто ў сучаснай украінскай паэзіі Паўлычка выкарыстоўвае так званыя цвёрдыя формы верша (трыялеты, тэрцыны, секстыны, рубаі і інш.). Што да санетаў, то тут, мне падаецца, Паўлычку ўвогуле няма роўных. Ён аўтар дзясяткаў выдатных санетаў. Працягваючы традыцыі І. Франко (цыклы «Вольныя санеты», «Турэмныя санеты»), ён стварыў некалькі сваіх вялікіх санетных цыклаў («Львоўскія санеты», «Белыя санеты», «Санеты падольскай восені», «Балючыя санеты» і інш.). Пры гэтым варта згадаць ім адным укладзеную, перакладзеную з 25 моў свету (!), забяспечаную кваліфікаванай прадмовай і даведкамі пра 117 аўтараў (!) унікальную анталогію «Світовий сонет» (1983). Там, дарэчы, знайшлося месца і для 11 санетаў Янкі Купалы і 2 — М. Багдановіча. Дадам, дарэчы, што Паўлычка пазней пераклаў і астатнія 11 санетаў Песняра — для кнігі Янкі Купалы «Санеты» (2002), куды ўвайшлі гэтыя купалаўскія творы ў перакладах на асноўныя еўрапейскія мовы.
А Паўлычка ж пераклаў на ўкраінскую мову не толькі санетапісцаў. За вялікую аўтарскую «Анталогію балгарскай паэзіі» (2006) яму ўдзячныя не толькі ўкраінцы, але і балгары, за «Анталогію славацкай паэзіі» (1997) — славакі, за «Анталогію рускай паэзіі» (2004) — расіяне… Услед за І. Франко, які актыўна далучаў украінцаў да скарбаў многіх замежных літаратур (у яго 52-томным Зборы твораў нямала тамоў адведзена перакладам), Паўлычка нястомна займаецца і гэтай складанай працай — паэтычным перакладам.
Так, у яго 10-томным зборы выбраных паэтычных твораў (2010—2011) першыя 4 тамы аддадзены ўласнай паэзіі, а астатнія шэсць — перакладной. Сюды ўвайшлі пераклады вершаваных твораў (у тым ліку ўсе 154 санеты Шэкспіра) з 57 (!) літаратур свету. У 5-м томе змешчана вялікая нізка твораў «З беларускай паэзіі», якую склалі пераклады многіх вершаў Янкі Купалы, асобных санетаў М. Багдановіча, а таксама твораў Максіма Танка, П. Броўкі, А. Куляшова, Е. Лось, Н. Гілевіча, Г. Бураўкіна, Я. Сіпакова, С. Законнікава, С. Панізніка, А. Разанава, Вальжыны Морт.
Увогуле, у Паўлычкі да Беларусі асаблівая любоўпрыхільнасць. Тут ён бываў неаднойчы, з зацікаўленасцю, радасцю, а часам і з трывогай пісаў пра Беларусь прозаю і вершам (вершы «Вітанне Беларусі», «На магіле Васіля Быкава», цыкл «Беларускія акорды» і інш.), падтрымліваў і падтрымлівае з асобнымі беларускімі пісьменнікамі сяброўскія адносіны. На жаль, яго блізкія сябры Р. Барадулін, Г. Бураўкін, В. Быкаў і Н. Гілевіч ужо адышлі ў іншы свет. Пра асобных з іх (В. Быкава, Р. Барадуліна, Н. Гілевіча), пра беларускую літаратуру і беларускую мову ўвогуле Паўлычка хораша выказаўся ў 2-м томе яго вялікага двухтомніка «Літаратуразнаўства. Крытыка: Сусветная літаратура» (2007; 1-ы том прысвечаны ўкраінскай літаратуры), а таксама ў 5-томным зборы публіцыстыкі «Спогади» (2015—2019). Пра адносіны яго да нас, беларусаў, да Беларусі сведчаць і яго шматлікія інскрыпты, адзін з якіх — дарчы надпіс аўтару гэтага артыкула на кнізе «Грім у січні» (2016) — хочацца тут працытаваць: «Якби я дожив до такої години, коли білоруси всі до єдиного заговорять рідною мовою, сказав би собі — відходь, ти почув нарешті те, про що мріяв! Слава Білорусі, незалежній європейській державі! Д. Павличко. Київ. 26.І.2017».
Вячаслаў РАГОЙША
*** «Вызваляю цябе ад твайго народу…»
Голас Бога, пачуты апосталам Паўлам.
Ты скінеш мовы роднае кайданне,
Зямлі і песні роднае, але —
Хоць для цябе сваім чужынец стане,
Ды зажывеш ты ў іншай кабале.
І зноўку зажадаеш ты свабоды,
Зноў скура з цябе ссунецца твая.
І з Божае прамудрасці і згоды
Растоптаны ты будзеш, як змяя.
1988.
На магіле Васіля Быкава
На магіле Васіля Быкава
Камень з белаю жылаю,
Быццам бліскавіца застыгла ў ім,
Грымнуўшы з неба.
Я дакрануўся, а яна пячэ,
Гэта не з неба, а скрозь камень
Агонь вялікага беларускага болю цячэ,
З сэрца зямлі, дзе Васіль Быкаў спачывае.
Беларусь, тваё сэрца
Нават пад каменем не памірае,
А ў руку маю б’ецца,
Б’ецца ў маё сэрца.
Верш напісаны 6.ІІ.2009 г. у Мінску.
Пераклад з украінскай В. Рагойшы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura