Хто сказаў, што з сыходам летняга цяпла варта згортваць сезон падарожжаў? Гэта не можа быць праўдай ні ў якім разе. Рана ці позна жыццё ў мегаполісе з адчуваннем пастаяннай спешкі і перманентным стрэсам прымусіць кінуць усе справы і ірвануць хоць куды дзеля здабыцця душэўнага спакою. Калі вы жыхар сталіцы, то прапануем не пакінуць без увагі пасёлак Смілавічы. Пра тое, наколькі гэта старажытнае беларускае мястэчка прывабнае ў перыяд залатой восені, карэспандэнт «Звязды» зняў відэасюжэт.
Пра такую транспартную сувязь з Мінскам могуць памарыць нават некаторыя аддаленыя сталічныя мікрараёны. Як быццам спецыяльна для раптоўнай ідэі выехаць за горад, у Смілавічы кожныя 10-20 хвілін ходзіць шустры аўтобус. Ехаць па шашы М4 усяго нічога — азірнуцца не паспееш.
Смілавічы — цікавы пасёлак, і яго галоўнай славутасцю лічыцца палацава-паркавы ансамбль Манюшкаў. Старадаўняя брама з чароўнай цаглянай вартоўняй знаходзіцца за хвіліну ад цэнтральнай плошчы. Бачыш алею да сядзібы, апранутую зараз у залатую лістоту, — і ўяўляеш, як Станіслаў Манюшка, дзед вядомага кампазітара, ехаў па ёй, верагодна, у карэце, любуючыся зачараваннем батанічнага саду, створанага ім жа.
На жаль, праз стагоддзі да нас дайшлі практычна цэлымі толькі некалькі пралётаў аўтэнтычнай агароджы ўладанняў магната. І на яшчэ большы жаль, планам пазнаёміцца бліжэй з самой сядзібай, якая складаецца з старой і новай частак, можа перашкаджаць сучасны плот, які апяразвае старажытныя будынкі з велізарным запасам. Мясцовыя жыхары кажуць, што ідзе рэстаўрацыя комплексу (гэта зразумела і па рыштаваннях). Пры гэтым яны сцвярджаюць: актыўныя аднаўленчыя працы не вядуцца ўжо даўно. Няхай гэтая тэма будзе для асобнай публікацыі.
Добра, што хараство навакольнай прыгажосці нішто азмрочыць не можа. Хай і даводзіцца любавацца архітэктурай праз плот. Як той казаў: дзякуй, што жывы празрысты.
Дзмітрый СУГАНЯЕЎ
Фота і відэа аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/dzmitryj_suhaniajeu
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/garadski-pasyolak-smilavichy
[6] https://zviazda.by/be/tags/smilavichy
[7] https://zviazda.by/be/tags/manyushki-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/stanislau-manyushka
[9] https://zviazda.by/be/tags/vosen
[10] https://zviazda.by/be/tags/kastrychnik
[11] https://zviazda.by/be/tags/videa
[12] https://zviazda.by/be/tags/zamalyouki