Да сярэдзіны лістапада нашым грамадзянам трэба заплаціць зямельны падатак і падатак на нерухомасць. Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны. Але гэта, па рашэнні суда...
Спачатку адкажам на тры галоўныя пытанні: дзе яго выплаціць? Што рабіць, калі няма паведамлення? Як плаціць падатак у АРІП?
Начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька ўдакладняе, што аплаціць збор можна любым зручным для плацельшчыка спосабам: наяўнымі праз банк, дома на канапе запаўняючы графу інтэрнэт-банкінгу, праз пошту, падатковую інспекцыю, сельскія саветы.
Калі вам не даслалі плацёжку і вы не ведаеце выстаўленай сумы падатку, то можна па сваім уліковым нумары (УНП) паглядзець у асабістым кабінеце АРІП, ці выстаўлена сума да аплаты. Тут жа можна аформіць атрыманне апавяшчэнняў аб выстаўленні рахункаў на электронную пошту ці ў месенджар Vіber і Telegram. Калі вы не памятаеце нумар УНП, які складаецца з 7 знакаў, то яго можна ўдакладніць у сельскім (пасялковым) савеце. Гэты нумар магчыма таксама даведацца на сайце Міністэрства па падатках і зборах, для гэтага дастаткова ўвесці сваё прозвішча, імя і імя па бацьку. Ну а калі ж сума да аплаты не выстаўлена, то можна (трэба!) звярнуцца ў сваю падатковую інспекцыю, каб спецыялісты разлічылі падатак.
Для выплаты падаткаў у АРІП трэба ведаць свой уліковы нумар плацельшчыка (усё той жа УНП) і найменне падатковай інспекцыі, на карысць якой неабходна зрабіць плацёж. Для выплаты трэба па чарзе набраць: сістэму «Разлік», потым уводзім «падаткі», адпаведны рэгіён (горад ці раён), ІМПЗ пэўнага раёна (або сельскага савета), від падатку (зямельны падатак або падатак на нерухомасць) і ўводзім УНП. Гэта сцісла аб практыцы. А зараз інфармацыя дзеля разважання.
Палова «заможных» падаткі не плаціць
У нашай краіне на ўліку ў падатковых органах знаходзіцца амаль 3 млн фізічных асоб, якія валодаюць альбо карыстаюцца аб'ектамі нерухомасці. «З іх крыху менш за палову грамадзян маюць права на льготы, адпаведна, падаткі ім не налічваюць і паведамленне на выплату не накіроўваюць. Большасць ільготнікаў — пенсіянеры», — адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення.
Асобная катэгорыя — гэта інваліды І або ІІ групы, шматдзетныя сем'і, непаўналетнія дзеці, грамадзяне, прызнаныя недзеяздольнымі. Але ў дачыненні да асобных аб'ектаў ёсць асаблівасць. Так, жылыя дамы, якія належаць гэтым грамадзянам, вызваляюцца ад падатку на нерухомасць, а зямельныя ўчасткі — на зямельны падатак, толькі ў тым выпадку, калі ў гэтых дамах не прапісаны працаздольныя грамадзяне. Таму, калі з пенсіянерам прапісаны яго працаздольныя дзеці, грамадзянін будзе абавязаны выплачваць падаткі. Сёлета сума налічаных плацяжоў па падатках на раллю і нерухомасць склала 133 мільёны рублёў. Але за выключэннем ільготнікаў да выплаты прад'яўлена толькі 58 мільёнаў рублёў.
Асноўная маса паведамленняў аб неабходнасці выплаты згаданых падаткаў накіроўваецца па пошце. Але ёсць і іншыя спосабы: накіраванне электроннага паведамлення ў асабісты кабінет фізічнай асобы, які адкрыты са згоды падаткаплацельшчыка на партале МПЗ, а таксама ўручэнне асабіста. Калі паведамленне адпраўлена па пошце альбо ў асабісты кабінет, яно лічыцца ўручаным у 10-дзённы тэрмін з моманту яго адпраўлення. Па пошце сёлета было накіравана 1,5 млн паведамленняў, яшчэ 175 тысяч — у электронным выглядзе праз асабісты кабінет.
«Колькасць электронных паведамленняў штогод расце. Мы праводзім актыўную работу з грамадзянамі па растлумачэнні магчымасці іх атрымання. Каб падключыцца да асабістага кабінета і атрымліваць такія паведамленні, трэба прыйсці ў падатковы орган з пашпартам і напісаць заяву», — дадаў Міхаіл Расолька.
Зарэгістраваўшыся ў асабістым кабінеце, можна атрымаць розныя паслугі ад падатковых органаў. Знаходзячыся ў любым пункце зямнога шара, паглядзець суму падатку, які падлягае да выплаты, свае плацяжы. Гэта сусветная тэндэнцыя — максімальна даступныя дыстанцыйныя адносіны з падатковымі органамі.
Усярэднены падатак на нерухомасць 40 рублёў
Так, такі падатак у год трэба заплаціць сярэдняму ўладальніку хаткі, дачы, участка або «радавога гнязда». Дарэчы, у Мінску самы высокі кадастравы кошт зямельных участкаў, а таксама самая высокая ацэначная цана будынкаў і збудаванняў. Гэта ўплывае на памер маёмасных падаткаў. «Падатак на нерухомасць у сярэднім па краіне склаў 40 рублёў на аднаго плацельшчыка, пры гэтым у Мінску — 65 рублёў. Памер зямельнага падатку ў сярэднім па Беларусі — 18 рублёў, у сталіцы — 116 рублёў», — расказаў прадстаўнік міністэрства. Як бачыце, розніца значная. Пры гэтым у асобных сітуацыях сумы падаткаў могуць быць значна вышэй за сярэднія.
— Бываў у нас і 600 рублёў падатак на нерухомасць. А зямельны падатак у Мінску можа быць і 200 рублёў. Чым даражэйшы дом, тым большы ў такога чалавека і падатак. Гэта залежыць ад плошчы і месцазнаходжання зямельнага ўчастка, а ў галоўным мегаполісе краіны досыць шмат прыватнага сектара, які знаходзіцца практычна ў цэнтры горада, — пракаментаваў Міхаіл Расолька.
Кватэра плюс... кватэра
Калі ў чалавека ёсць адна кватэра (ці, скажам, адзін пакой у кватэры), то яму не трэба плаціць падатак на нерухомасць. Аднак калі іх дзве або больш, то ад падатку будзе вызваляцца толькі адна з іх. За астатнія прыйдзецца заплаціць. Сёлета людзей, у якіх ва ўласнасці ёсць больш чым адно жылое памяшканне ў шматкватэрным доме, аказалася больш за 220 тысяч чалавек.
Найбольшая іх колькасць у Мінску, гэта больш за 67 тысяч грамадзян. У астатніх абласцях у сярэднім ад 20 да 28 тысяч, некалькі больш у Гомельскай вобласці — 35 тысяч чалавек. Міхаіл Расолька адзначыў, што такіх плацельшчыкаў з кожным годам становіцца ўсё больш.
— Яшчэ некалькі гадоў таму іх было крыху больш за 100 тысяч. Гэта значыць, за пяць гадоў колькасць павялічылася амаль удвая — заўважыў Міхаіл Расолька. — Сярод іх шмат тых, у каго ва ўласнасці ёсць кватэра і пакой. Напрыклад, трохпакаёвая кватэра па спадчыне дзеліцца паміж трыма дзецьмі. Атрымліваецца, у кагосьці з іх можа быць свая кватэра, а пасля атрымання спадчыны — яшчэ пакой.
Міхаіл Расолька нагадаў, што чалавек сам можа выбраць, па якім са сваіх памяшканняў ён будзе плаціць падатак. Але калі ён не паведаміць аб гэтым у падатковыя органы, то яму льготу аўтаматычна дадуць па першым памяшканні, якое аказалася ў яго ва ўласнасці.
Стаўкі да 10 разоў не павялічацца
З гэтага года ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Падатковага кодэкса. У цэлым стаўкі і льготы па маёмасных падатках засталіся на ранейшым узроўні, але ёсць і некаторыя змены.
Напрыклад, ужо сёлета адменена права абласных (Мінскага гарадскога) Саветаў дэпутатаў павялічваць да 10 разоў стаўкі падатку на нерухомасць па капітальных будынках, якія не выкарыстоўваюцца або выкарыстоўваюцца неэфектыўна. «Мэтай дзесяціразовага павелічэння было прымусіць уласніка нерухомасці эфектыўна выкарыстоўваць будынак, каб ён не прастойваў. Але як паказала практыка, падаткаабкладанне па павышаных стаўках не з'яўляецца эфектыўным інструментам, і было прынята рашэнне адмовіцца ад гэтай нормы», — растлумачыў спецыяліст.
Таксама з 2019 года адменены дзесяціразовы каэфіцыент да ставак зямельнага падатку ў дачыненні да зямельных участкаў, прадстаўленых у часовае карыстанне і своечасова не вернутых, самавольна занятых, якія выкарыстоўваюцца не па мэтавым прызначэнні. За такія парушэнні належыць адміністрацыйная адказнасць, таму павышанае падаткаабкладанне палічылі залішнім. Акрамя таго, устаноўлена, што сёлета мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права павялічваць (памяншаць) стаўкі падатку на нерухомасць і зямельнага падатку асобным катэгорыям плацельшчыкаў не больш чым у 2,5 раза, а з 2020-га — не больш чым у два разы.
Патрэбныя нюансы
Чытачоў «Звязды» цікавіў адзін прыватны, але распаўсюджаны выпадак. У вёсках, у садовых таварыствах у многіх з іх ёсць нерухомая маёмасць. Яна перайшла ад памерлых бацькоў (іншых сваякоў) па спадчыне. Часта такія будынкі ўжо вельмі старыя і практычна нічога не каштуюць. Але па дакументах, за іх трэба плаціць з кожным годам усё большыя сумы (яны індэксуюцца).
Міхаіл Расолька адзначыў, што ў выпадку нязгоды грамадзяніна з вынікамі гэтай ацэнкі, ён можа звярнуцца да незалежных ацэншчыкаў, якія маюць ліцэнзію, па рыначную ацэнку свайго будынка. Калі рыначная ацэнка будзе ніжэйшая, чым тая, якая дзейнічае, тады падатак будзе пералічаны, а пераплачаныя грошы вернутыя.
І яшчэ. Пры нявыплаце зямельнага падатку і падатку на нерухомасць своечасова за кожны каляндарны дзень пратэрміноўкі налічваюцца пені. Акрамя таго, нявыплата або няпоўная аплата плацельшчыкам сум падаткаў цягнуць накладанне штрафу. Сумы падаткаў, якія не былі выплачаны ў бюджэт добраахвотна, спаганяюцца ў прымусовым парадку праз суд з налічэннем пені за кожны каляндарны дзень пратэрміноўкі. За нявыплату або няпоўную аплату накладаецца штраф у памеры 15 працэнтаў ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 0,5 базавай велічыні (12,25 рубля).
У тэму
Міністэрства па падатках і зборах папярэджвае плацельшчыкаў аб рассыланні шкоднасных паведамленняў нібыта ад імя міністэрства.
«На электронныя адрасы плацельшчыкаў паступаюць паведамленні з электроннага адраса nalog.gov@tut.by (нібыта ад імя Міністэрства па падатках і зборах), якія ўтрымліваюць шкоднаснае праграмнае забеспячэнне. МПЗ просіць праяўляць пільнасць пры выкарыстанні электроннай пошты і ўважліва глядзець на адпраўніка, які выкарыстоўвае ў сваім электронным адрасе даменнае імя падатковых органаў», — адзначылі ў міністэрстве. МПЗ нагадвае, што рассыланне паведамленняў і абвестак адбываецца толькі праз цэнтр інфармавання плацельшчыкаў з выкарыстаннем даменнага імені @nalog.gov.by
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/padatki