Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Маскоўскага РУУС г. Мінска ўстанавілі асобы маладых людзей, якія выкралі ў новага знаёмага буйную суму грошай.
Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, вяртаючыся дадому, 57-гадовы мужчына сустрэў каля пад'езда двух маладых людзей, з якімі завязалася размова. У працэсе стасункаў сталы чалавек прапанаваў хлопцам падняцца да яго ў кватэру і працягнуць знаёмства за распіццём алкагольных напояў. Праз некаторы час мужчына заснуў, а маладыя людзі, скарыстаўшыся выпадкам, здзейснілі крадзеж грашовых сродкаў, двух наручных гадзіннікаў, залатых і сярэбраных вырабаў, пасля чаго з'ехалі ў Расійскую Федэрацыю. Агульная сума шкоды склала каля 20000 долараў. Цікава, што злачынны заробак адзін з фігурантаў паспеў зафіксаваць на фота.
У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў аператыўнікі ў Мінску затрымалі раней судзімага за хуліганства 18-гадовага мінчаніна і 19-гадовага хлопца, які не прыцягваўся да адказнасці. Хлопцы патлумачылі, што вярнуліся ў Беларусь, бо ў іх скончыліся грашовыя сродкі.
Праваахоўнымі органамі праводзіцца далейшая праверка з мэтай выяўлення датычнасці затрыманых да злачынстваў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і нашай краіны.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв'ю: fdlx.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[2] https://zviazda.by/be/tags/groshy
[3] https://zviazda.by/be/tags/milicyya