Сотні экспертаў прынялі ўдзел у міжнародным форуме «Мінскага дыялогу» на тэму «Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані». Зрэшты, форум, без перабольшання, стаў значнай падзеяй не толькі ў асяроддзі экспертнай супольнасці. Беларуская сталіца прыцягнула да сябе ўвагу палітыкаў як да актыўнай дыскусійнай пляцоўцы па найважнейшых рэгіянальных праблемах. Тым больш, што цэлы шэраг важных заяў па гэтай тэме зрабіў, выступаючы на пленарнай сесіі форуму, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
На гэты раз у беларускую сталіцу, каб абмеркаваць надзённыя праблемы геапалітычнага парадку дня, з’ехаліся больш за семсот афіцыйных асоб і вядучых экспертаў Беларусі, Расіі, Кітая, ЕС, ЗША, дзяржаў Усходняй Еўропы, Паўднёвага Каўказа і Цэнтральнай Азіі. Ажыўленая і шматбаковая дыскусія вялася ў мінскім гатэлі «Marriott». Магутным рэфрэнам практычна ва ўсіх выступах гучала, бадай, самая галоўная думка: Беларусь застаецца эпіцэнтрам рэгіянальнай міратворчасці — надзейным і прызнаным. На гэты аспект звярталі ўвагу практычна ўсе міжнародныя эксперты. Пра тое, што за Мінскам ўсё больш замацоўваецца статус міжнароднай дыялогавай пляцоўкі, на якой ідзе актыўны пошук шляхоў вырашэння канфліктаў, вылучаюцца і аналізуюцца сур’ёзныя ініцыятывы, казаў, у прыватнасці, на форуме Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. І тое, што ў адной зале сабраліся вядомыя дзеючыя і былыя палітыкі, дыпламаты і парламентарыі, прадстаўнікі АБСЕ, Еўразійскага эканамічнага саюза, Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы і НАТО, а таксама аўтарытэтныя палітолагі ды эксперты, кіраўнікі вядучых аналітычных фондаў і фабрык думкі, сведчыла, на думку Уладзіміра Макея, пра тое, што прапанаваныя да абмеркавання пытанні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі вельмі надзённыя і актуальныя.
Становіцца відавочным, што «Мінскі дыялог» сёння — гэта самая прадстаўнічая канферэнцыя па міжнародных адносінах, якая праходзіць у Беларусі. Яе асаблівасць — канцэнтрацыя тых экспертаў, якія накіраваны на стабільнасць і стрымліванне напружанасці ва Усходняй Еўропе. Гэта не авантурысты і не радыкалы, не зацыкленыя на якіх-небудзь ідэалагічных пунктах людзі. Важна, што многія з іх (можа быць, нават большасць) блізкія не палітычным партыям або ідэалагічным рухам, а перш за ўсё ўрадам сваіх краін. Адносны тэхнакратызм гэтага кола экспертаў спалучаецца з цяперашнім курсам Беларусі быць донарам рэгіянальнай бяспекі. Для сучаснай Еўропы, узбударажанай мноствам праблем, такі — з'ява рэдкая.
Як адзначаюць назіральнікі, Мінск зарэкамендаваў сябе як пастаяннае месца, дзе праходзяць розныя міжнародныя сустрэчы. Тут асаблівую ролю адыгралі і ўсім вядомыя перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Акрамя таго, Беларусь займае асаблівую пазіцыю на міжнароднай арэне, якую можна ахарактарызаваць адным словам — міратворчасць. Мы не навязваемся ў міратворцы, а прадстаўляем сваю пляцоўку для абмеркавання найбольш актуальных пытанняў. Акрамя таго, сам парадак дня цяперашняга форуму казаў пра тое, што галоўнае — гэта пытанні рэгіянальнай і сусветнай бяспекі. Усходняя Еўропа апынулася ў эпіцэнтры геапалітычнага супрацьстаяння, і Беларусь вельмі зацікаўлена, каб зняць гэтую напружанасць. Цяпер ідзе гаворка пра тое, што рабіць у сітуацыі, якая склалася і як дамовіцца глабальным гульцам.
У другі дзень работы канферэнцыі, у пленарнай сесіі «У пошуках парадку міру і супрацоўніцтва для Еўропы» прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Вядома, гэта адназначна падкрэсліла асаблівую статутнасць канферэнцыі, у які раз нагадаўшы, што Мінск усё больш упэўнена іграе ролю ўніверсальнай міжнароднай пляцоўкі па вырашэнні глабальных праблем сучаснасці. Што Беларусь ужо — не проста геаграфічны цэнтр Еўропы, але і эпіцэнтр канструктыўнага дыялогу паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем. Тэма форуму «Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані» кажа сама за сябе. Свет наблізіўся да небяспечнай рысы. І калі сёння нічога не рабіць, то заўтра можа быць ужо позна. Надышоў час не проста абмяркоўваць праблемы, а дзейнічаць. І дзейнічаць вынікова. Менавіта ў гэтым заключаўся галоўны мэсэдж Прэзідэнта Беларусі, які выступіў на канферэнцыі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, у прыватнасці, што пошук адэкватных і своечасовых адказаў на выклікі сучаснасці з’яўляецца на дадзеным этапе адной з найважнейшых задач экспертнай супольнасці, а таксама палітыкаў. Пра гэта ў тым ліку сведчаць праведзеныя ў апошні час у Беларусі знешнепалітычныя форумы па шырокай тэматыцы: ад інфармацыйнай бяспекі, гандлю людзьмі да тэрарызму. Гэта сведчыць пра відавочны рост цікавасці заходняй і ўсходняй аўдыторый да Мінска як пляцоўкі для дыялогу. «Адысці ад краю бездані» — гэтыя словы ў тэме канферэнцыі, на думку Прэзідэнта Беларусі, гранічна дакладна выказваюць сутнасць галоўнай праблемы ў сусветнай супольнасці. Беспрэцэдэнтная напружанасць у міжнародных адносінах, расхістванне асноў інтэрнацыянальнай бяспекі, рост колькасці рэгіянальных канфліктаў закранаюць большасць кантынентаў: «Мы ўжо пачалі біць у набат, заклікаючы спыніць супрацьстаянне. У апошні час асабліва шмат гаворым пра неабходнасць дыялогу, умацаванне мер даверу і пошуку кампрамісаў. Але свет, на жаль, лепш не становіцца. Больш за тое, мы з’яўляемся сведкамі новага вітка стратэгічнага суперніцтва так званых вялікіх дзяржаў, «палюсоў сілы», як вы іх ахрысцілі. Гандлёвыя войны і санкцыйнае супрацьстаянне набіраюць усё большыя абароты. Узмацняецца барацьба за энерганосьбіты і сыравінныя рэсурсы». Цалкам відавочна: у спісе сучасных выклікаў чалавецтву дамінуюць пагрозы бяспекі. Пры гэтым, не прамінуў заўважыць Аляксандр Лукашэнка, шматбаковыя пляцоўкі, уключаючы Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, АБСЕ, становяцца месцам высвятлення адносін, а не вырашэння праблем. «Сістэма ваенна-палітычных стрымак і проціваг развальваецца на вачах, а міжнародныя арганізацыі пакуль не могуць спыніць гэты працэс. Можа быць, і не хочуць. А можа быць, тыя, хто дамінуе ў гэтых арганізацыях, зацікаўлены ў гэтым?» — звярнуўся з пытаннем да аўдыторыі Прэзідэнт Беларусі. Сусветную супольнасць сёння не можа не хваляваць той факт, што градус недаверу і канфрантацыі паміж Усходам і Захадам дасягнуў мяжы. Эксперты ў галіне бяспекі ды раззбраення з абодвух бакоў ужо малююць жудасную ў сваім праўдападабенстве карціну. Усяго за некалькі хвілін Расія і НАТА, напрыклад, могуць прайсці шлях ад ненаўмыснага лакальнага канфлікту да ядзернай вайны. Пасля нядаўняга выхаду з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці двух ключавых яго ўдзельнікаў працэс разбурэння архітэктуры кантролю над узбраеннямі фактычна выйшаў на фінішную прамую. Апошні рубеж — Дамова па стратэгічных наступальных узбраеннях. Калі бакі не дамовяцца пра яго падаўжэнне, усяго праз два гады свет апынецца ў сітуацыі, калі адносіны ў сферы ядзерных узбраенняў наогул не будуць нічым рэгулявацца.
Толькі адзін гэты факт дазваляе Прэзідэнту Беларусі зрабіць выснову, што чалавецтва сямімільнымі крокамі рухаецца да рысы, за якой сапраўды — бездань. На жаль, даводзіцца прызнаць, што ў вялікіх дзяржаў ёсць падставы ставіцца адзін да аднаго з недаверам. Недружалюбныя або нават агрэсіўныя дзеянні ў мінулым укараняюць ўзаемныя падазрэнні ды асцярогі на доўгія гады наперад. Дзе, у чым бачыцца выйсце? У ідэале трэба вярнуцца да канцэпцыі еўрапейскай бяспекі, заснаванай на супрацоўніцтве. Да каштоўнасцяў Хельсінскага заключнага акта, Парыжскай хартыі для новай Еўропы. «Нам усім тэрмінова патрэбна моцная гісторыя поспеху, якая пераканае нават заўзятых скептыкаў і «ястрабаў», што, нягледзячы на глыбокія супярэчнасці і недастатковае разуменне, інтарэсы бяспекі ў Еўропе абсалютна сумяшчальныя», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Было адзначана, што за апошнія два дзесяцігоддзі Беларусь апынулася ва ўнікальнай сітуацыі. З аднаго боку, мы ваенна-палітычны саюзнік Расіі, удзельнік Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Ні ў адной дзяржавы няма такога ўзроўню адносін з Масквой, як у нас. У той жа час наша краіна заключыла міжнародныя дагаворы ў галіне бяспекі і мер даверу з усімі суседзямі, у тым ліку з дзяржавамі — членамі НАТО. А з такім суседам, як Украіна, мае больш за 120 міжнародных пагадненняў. «Мы гатовыя напаўняць гэтыя двухбаковыя пагадненні новым зместам, удасканальваць іх. Сігналы, якія атрымліваем ад нашых партнёраў, кажуць пра тое, што і яны гатовыя да такога ўзаемадзеяння, — заўважыў Прэзідэнт. — Гэта ўнікальны рэсурс у цяперашняй сітуацыі. І мы ўсе абавязаны ім скарыстацца. Каб мы, еўрапейцы, даказалі самі сабе і ўсяму свету, што архітэктура еўрапейскай бяспекі можа быць адноўлена. Што можа быць іншая мадэль стасункаў Расіі ды НАТО, Кітая і ЗША, ды яе праекцыя на Еўропу. Не такая, як у апошнія пяць гадоў». Гісторыя поспеху Беларусі як надзейнага партнёра, які карыстаецца даверам і Усходу, і Захаду, магла б стаць адказам на пытанне, ці можна зрабіць Усходнюю Еўропу трансгранічным поясам стабільнасці і канструктыўнага ўзаемадзеяння. У якасці першага кроку ў рэалізацыі гэтай амбіцыйнай місіі, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, мы абвясцілі, што, нягледзячы на разбурэнне Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, Беларусь, якая была паўнапраўным удзельнікам, працягне яго выконваць, калі не будзе адпаведных знешніх пагроз для краіны. Сёння новую гісторыю поспеху еўрапейскай бяспекі трэба збіраць літаральна па крупінках. Малыя і сярэднія дзяржавы, такія як Беларусь, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, могуць зрабіць рэальны ўнёсак у адраджэнне «духу Хельсінкі» на еўрапейскай прасторы: «Перакананы: рэалізацыя такога падыходу выгадная ўсім ключавым сусветным гульцам — і Расіі, і Еўрасаюзу, і ЗША, і Кітаю. Гэта ненармальна, калі столькі гадоў мы наогул на вышэйшым узроўні не збіраліся і не абмяркоўвалі гэтыя праблемы, каб адкрыта перагаварыць сам-насам і даць нейкі сігнал планеце. А калі не сігнал, то хаця б развеяць рознага роду міфы вакол гэтага. Навошта АБСЕ, навошта мы стваралі гэтую арганізацыю? Каб пасылаць нейкія місіі на выбары? Гэта ж Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе». Ключавое пытанне бяспекі ў Еўропе, на думку Прэзідэнта Беларусі, гэта рашэнне канфлікту ў Данбасе. Ва Украіне працягваюць гінуць людзі. Рэгіён не можа выбрацца з багны сацыяльнага, эканамічнага і гуманітарнага хаосу. Трэба вырашаць гэтую праблему. Тады дыялогі будуць мець нейкае значэнне: «Нельга папракнуць Прэзідэнта Украіны ў тым, што ён не імкнецца вырашыць гэтую праблему. Шмат што залежыць ад нас. І мы павінны ўзяць на сябе вялікую ношу, большую частку рашэння гэтай праблемы». Так, імгненнага ўніверсальнага рэцэпту нармалізацыі сітуацыі ў свеце і Еўропе няма. Але ёсць універсальны інструмент, значэнне якога немагчыма пераацаніць. Толькі шляхам спакойнага, дзелавога, мірнага дыялогу можна адысці ад краю бездані глабальнага канфлікту, у якім не будзе пераможцаў. А потым дзейнічаць, дамовіўшыся. Усё больш відавочная неабходнасць правядзення ў бліжэйшыя гады міжнароднага саміту ў рамках новага Хельсінкскага працэсу — пад эгідай АБСЕ, а магчыма, пад эгідай ААН, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Трэба прыняць дакумент стратэгічнага характару па ўмацаванні міжнароднай бяспекі ў Еўра-Атлантыцы і ў больш шырокім маштабе. Сёння, упэўнены Прэзідэнт Беларусі, немагчыма вырашаць гэтыя пытанні без такога цяжкавагавіка, як Кітайская Народная Рэспубліка. Важна ўлічваць меркаванне іншых краін, чый уплыў у свеце расце: «Мы гатовыя прасоўваць ідэю Хельсінкі-2, дыялог Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, АДКБ і НАТО, спалучэнне з кітайскім праектам «Адзін пояс і адзін шлях», з ШАС, АСЕАН, стварэнне «пояса лічбавага добрасуседства» (пра гэта ўсё больш цяпер кажуць). Будзем падтрымліваць усе канструктыўныя ідэі, накіраваныя на пераадоленне раздзяляльных ліній, захаванне міру».
Безумоўна, любы дыялог важны і каштоўны, асабліва ў перыяд нарастання геапалітычнай напружанасці. Мы жывем у вельмі складаны час, калі палітыкі перастаюць чуць адзін аднаго. Наяўнасць такіх пляцовак, дзе можна абмяняцца думкамі розных бакоў, — гэта, несумненна, вельмі каштоўна. Якраз тэма сёлетняга форуму ў Мінску звязана з неабходнасцю прадухілення эскалацыі канфліктаў. І для беларускага боку важна прасоўваць свае ініцыятывы, напрыклад, такія як Хельсінкі-2. Яшчэ адзін важнейшы аспект — недапушчэнне размяшчэння ракет малой і сярэдняй далёкасці ў сувязі з крахам Дамовы. Трэба меркаваць, што ўсе канструктыўныя пасылы беларускага боку на гэты конт будуць пачутыя як на Захадзе, так і на Усходзе. Бо там ужо, што відавочна, надаецца вялікая значнасць мінскай пляцоўцы як эфектыўнаму каналу камунікацыі. Мы бачым актыўнасць і вялікае жаданне розных экспертаў, афіцыйных асоб удзельнічаць у канферэнцыях «Мінскага дыялогу».
Што ж, сутнасць сучасных міжнародных адносін заклікае ўсіх да павагі міжнароднага права. Нам патрэбныя агульныя сістэмы бяспекі, якія базуюцца на прынцыпе Статута ААН, а таксама Хельсінкскага дагавора. Трэба прадпрымаць рашучыя і сур’ёзныя меры для вырашэння патэнцыйных рызык, якія падрываюць нацыянальнае адзінства і бяспеку дзяржаў. Правілы і абмежаванні перыяду халоднай вайны сышлі, і цяпер дзяржавы ўсё яшчэ застаюцца з разбуральнай зброяй і сур’ёзнымі праблемамі па стварэнні свету, які грунтаваўся бы на павазе права і талерантнасці. А Беларусь, несумненна, з’яўляецца важным донарам бяспекі ў рэгіёне. Роля краіны ў перамоўных працэсах па шматлікіх канфліктных пытаннях — і не толькі па цяперашняй Украіне, можна ўспомніць і даволі даўнюю мінскую ініцыятыву па карабахскаму канфлікту — іграе вялікую ролю ў сучаснай міжнароднай палітыцы. І тое, што ў Мінску ўдалося сабраць досыць прадстаўнічы форум, на якім прысутнічалі расійскія даследчыкі, а таксама прадстаўнікі колаў, якія выпрацоўваюць палітычныя рашэнні, і прадстаўнікі з еўрапейскіх краін, Злучаных Штатаў, — гэта вельмі важна. На жаль, дыялог у сучасным свеце становіцца ўсё больш і больш складаным. І мінская — адна з тых пляцовак, якая дае магчымасць для дыялогу, для лепшага паразумення, для разумення «чырвоных ліній», якія існуюць у кожнага з бакоў. І па сутнасці, дае магчымасць прыйсці да новых сэнсаў.
Уладзімір Міхайлаў
Фота БелТА
Адкрытым тэкстам
Каментуючы даклад пра будучыню Еўразійскага рэгіёну і забеспячэнні бяспекі ў ім, прадстаўлены на форуме Сеткай маладых лідараў еўра-атлантычнай бяспекі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў заўважыў:
— Мы знаходзімся на зямлі, якая добразычліва ставіцца да нас, якая шматразова паказвала самае шчырае стаўленне да ўсіх гасцей, што прыязджалі на гэтую гістарычную зямлю. Усім дыпламатам у Мінску камфортна працуецца і ў рамках сістэмы адносін з кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, Кіраўніком дзяржавы, урадам, міністэрствам замежных спраў. Аднак размова пра рэгіянальную бяспеку ў тым трохкутніку, які зададзены ў дакладзе маладымі дыпламатамі ды экспертамі, — Еўрасаюз — Расія — Кітай, будзе вельмі абмежаваным, калі мы не ўспомнім пра існаванне яшчэ аднаго цэнтра сілы — Злучаных Штатаў Амерыкі. Мне здаецца, размова будзе змястоўнай толькі тады, калі мы будзем улічваць і гэты фактар.
Брэд Фрэд, дырэктар офіса Усходняй Еўропы Дзяржаўнага дэпартамента ЗША:
— Мы з нецярпеннем чакаем умацавання нашага супрацоўніцтва з Беларуссю па тых напрамках, па якіх у нас ёсць агульныя інтарэсы. І яшчэ адзін момант, які важна падкрэсліць, — гэта тое, што не трэба патрабаваць ад Беларусі выбару паміж Захадам і Расіяй. У нас добрыя адносіны з Беларуссю, і мы мяркуем, улічваючы геаграфічнае становішча гэтай краіны, яе палітычныя і эканамічныя адносіны, што яна заўсёды будзе мець асаблівы фармат адносінаў са сваім суседам на ўсходзе. І ў нас абсалютна няма ніякіх намераў змяняць гэтыя адносіны.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/partnerstva