26 кастрычніка на 55-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр выдатны беларускі кампазітар-песеннік Алег Молчан.
Алег Молчан скончыў сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, вучыўся ў кансерваторыі па класе кампазіцыі.
З 1987 году ён працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, складаў песні і песенныя цыклы для салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, харавых калектываў і вакальных ансамбляў. Міжнароднае прызнанне здабыў у перыяд супрацоўніцтва з ансамблем "Песняры" і яго мастацкім кіраўніком, народным артыстам Беларусі Уладзімірам Мулявіным, які высока цаніў талент кампазітара і адмыслова для яго ўвёў пасаду музычнага кіраўніка ансамбля.
Для "Песняроў" Алег Молчан напісаў песенныя цыклы "Вянок", "Ave Solе, Або Словы Скарыны" і мноства папулярных песень: "Стася", "Маргарыта", "Мілая жанчына", "Падмані мяне", "Кума", "Юнацтва " і іншыя.
Сапраўдным духоўным гімнам Беларусі стала песня Алега Моўчана на вершы Янкі Купалы "Малітва", якая ўпершыню прагучала ў выкананні Уладзіміра Мулявіна, а затым неаднаразова выконвалася на самых ўрачыстых і важных дзяржаўных мерапрыемствах, у тым ліку падчас акцыі "Малітва за Беларусь" у 2015 годзе з удзелам Прэзідэнта Беларусі.
Алег Молчан распавядаў [3], што ён сапраўды хацеў, каб твор быў падобны на гімн, але ў той жа час з мелодыяй, лёгкай для разумення публікі.
Публіка прыняла песню адразу: на прэм'еры, якая адбылася 24 ліпеня 1994 года на "Славянскім базары", затым у верасні ў Мінску на юбілейным канцэрце "Песняроў".
А вось ці думаў Алег Молчан, што стварае культавы твор? "Кожны аўтар марыць аб шчаслівым лёсе для свайго твора, – кажа кампазітар. – Аднак нічога немагчыма прадбачыць. «Малітва» – не зусім звычайная песня. Тут не проста вершы класіка, гэта сапраўды духоўны твор, і каб напісаць музыку, трэба было, як кажуць, шмат што мець за душой. А я сапраўды тады не думаў, што «Малітву» праз некалькі гадоў будуць называць вяршыняй маёй творчасці. Якая вяршыня, калі мне было 29 гадоў! Усё, што ўкладзена мной у «Малітву» – гэта шчыра, ад душы. Вось пра гэта я думаў, каб атрымалася ўсё сумленна".
А па-іншаму ён і не ўмеў працаваць. Таму што ўсе песні Молчана, перш за ўсё, пакараюць сваёй шчырасцю, меладызмам. Ён шмат увагі надаваў падбору вершаў і выканаўцаў. Да таго ж Алег Молчан валодаў і талентам арганізатара, бо мала было стварыць песню, трэба, каб яна дайшла да публікі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/muzyka
[3] http://zviazda.by/be/news/20190725/1564050860-malitva-molchana-kupaly-pesnya-no-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/aleg-molchan