Генеральны менеджар брэсцкага клуба Максім Краснабаеў жорстка пракаментаваў рашэнне кантрольна-дысцыплінарнага камітэта АБФФ адносна падзей матча з "Шахцёрам" (1:1), піша by.tribuna.com [1].
"Прадстаўнікоў "Дынама" адхілілі ад пасяджэння, не даўшы нічога сказаць па разглядаемых пытаннях. Такім чынам, мы не маглі ні аспрэчыць, ні ўнесці нейкія каментары. Лічым, што з боку АБФФ гэта нейкае цкаванне. Не ведаем, каму гэта трэба. Людзі робяць, што хочуць. Мабыць, яны хочуць вайны. Яны атрымаюць гэтую вайну", - сказаў Краснабаеў.
Брастаўчане лічаць, што суддзя нядзельнага паядынку Віктар Шымусік несправядліва не заўважыў гульню рукой у штрафной плошчы "Шахцёра" і не прызначыў пенальці, а ў самым канцы паядынку адмяніў гол.
Пазней Беларуская федэрацыя футбола афіцыйна прызнала, што суддзя памылкова не прызначыў пенальці.
Пасля пасяджэння кантрольна-дысцыплінарнага камітэта АБФФ брэсцкае "Дынама" сумарна было аштрафавана на 700 базавых велічынь (17 850 рублёў). Сяргея Кісляка асобна аштрафавалі за абразы суддзі на 1275 рублёў і дыскваліфікавалі на пяць матчаў. Таксама штрафы атрымалі Арцём Мілеўскі і Марцэл Лічка.
Спасылкі
[1] https://by.tribuna.com/football/1079875704.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/dynama-brest
[3] https://zviazda.by/be/tags/shtraf