Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эйнарсам Семанісам.
Паслом у нашу краіну спадар Семаніс быў прызначаны сёлета ў пачатку жніўня. Да гэтага ён прадстаўляў Латвію ў Літве, Мальтыйскім ордэне, Ватыкане, Польшчы, Фінляндыі, Балгарыі, Кітаі, ЗША.
— Мы ведаем, што ў вас ужо вельмі вялікі вопыт дыпламатычнай работы і ў суседніх з Рэспублікай Беларусь дзяржавах, і ў далёкім замежжы. Разлічваем, што і ваш вопыт, і наша актыўная работа дазволяць выпрацаваць новыя кірункі супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі, — сказаў, вітаючы госця, Уладзімір Андрэйчанка. — Мы зацікаўленыя, каб супрацоўніцтва ўмацоўвалася ў далейшым, былі ўзаемапаразуменне, давер, і не толькі паміж Беларуссю і Латвіяй, але ў цэлым у нашым рэгіёне.
У апошні час значна актывізаваліся міждзяржаўныя, парламенцкія кантакты, адзначыў спікер і выказаў упэўненасць, што будучы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Латвію надасць сур'ёзны імпульс нарошчванню двухбаковых адносін.
Што датычыцца парламенцкага супрацоўніцтва, то яно развіваецца не толькі на двухбаковай аснове, але і на міжнародных пляцоўках, дадаў старшыня Палаты прадстаўнікоў. У гэтай сувязі ён нагадаў пра сумесную работу над рэзалюцыямі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ і прапанаваў працягнуць такую практыку, бо яна спрыяе ўсталяванню даверу паміж краінамі і бяспецы ў рэгіёне.
«Нам трэба актыўна выкарыстоўваць і пляцоўку Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора. Мы зацікаўленыя атрымаць там статус назіральніка», — заявіў беларускі парламентарый. Пры гэтым ён са шкадаваннем заўважыў, што пакуль не адбылося сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў парламентаў, і выказаў надзею, што падчас місіі спадара Семаніса ў Беларусі гэта «недарэчнасць будзе выпраўленая».
Стратэгічным пытаннем для абедзвюх краін Уладзімір Андрэйчанка назваў супрацоўніцтва ў транспартна-транзітнай сферы. «Думаю, дэпутатам трэба актыўна падтрымліваць праекты, выгадныя Латвіі і Беларусі», — выказаў думку старшыня ніжняй палаты беларускага парламента.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/latviya
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka-0