Дадэмісію акцый бабруйскай "Белшыны" можа выкупіць самы буйны банк краіны Беларусбанк. Пра гэта TUT.BY [1] распавялі крыніцы, блізкія да абодвух бакоў здзелкі.
Зараз статутны фонд "Белшыны" сфармаваны з 129,9 млн акцый. Усе яны знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы. Нядаўна стала вядома аб тым, што плануецца выпусціць 23,7 млн акцый "Белшыны" наміналам 1,18 рубля на суму амаль у 28 млн рублёў. Заяўкі на набыццё акцый будуць прымацца з 16 лістапада да 13 снежня. З кароткай інфармацыі аб эмісіі акцый вынікае, што паперы хочуць прадаць рэзідэнтам Беларусі "для папаўнення абаротных сродкаў" "Белшыны".
— Акцыі выкупіць Беларусбанк. Рашэнне ўзгоднена ў Саўміне. Засталося выканаць фармальнасці, — сказаў TUT. BY інфармаваная крыніца. — Прадстаўнікі дзяржбанка ўвойдуць у назіральны савет "Белшыны" і такім чынам будзе сфарміравана новае карпаратыўнае кіраванне.
— Сапраўды, Дзяржбанк можа выкупіць дадэмісію і такім чынам папоўніць абаротны капітал прадпрыемства. Потым банк прадасць гэты пакет акцый. Для яго гэта няпрофільны актыў, — растлумачыў іншы суразмоўца. — Урад спрабуе ўкараніць новае карпаратыўнае кіраванне на дзяржзаводах. І купля акцый — адзін з такіх механізмаў.
Ужо некалькі гадоў фінансавае становішча "Белшыны" складанае. Кампанія генеруе страты на фоне нізкай рэнтабельнасці і высокай закрэдытаванасці. Мадэрнізацыя шыннага камбіната каштавала сур’ёзных сродкаў. Але даходы пакуль не дазваляюць пакрыць выдаткі ў поўным аб’ёме.
У цяперашні час Беларусбанк цалкам валодае наступнымі кампаніямі: "АСБ Лізінг", "АСБ Брокер" і "АСБ Кансалт", а таксама санаторыямі "Спадарожнік" і "Сонечны". Акрамя таго, галоўны банк краіны мае пакеты акцый у Банкаўскім працэсінгавым цэнтры (49,28%), нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі АРІП (26,37%), "Белінкасгруп" (49%) і плацежная сістэма Белкарт (40,19%).
Спасылкі
[1] https://news.tut.by/economics/660508.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/belarusbank-2
[3] https://zviazda.by/be/tags/belshyna-0