Знойдзеныя на гары Гедыміна астанкі паўстанцаў XIX ст. былі ўрачыста пахаваны на сталічных могілках Роса.
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка прыняў удзел [3] ва ўрачыстай цырымоніі дзяржаўнага перапахавання кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў у Вільнюсе. У складзе беларускай дэлегацыі — супрацоўнікі дыпмісіі нашай краіны ў Літве, прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства культуры, Нацыянальнай акадэміі навук, служачыя Следчага камітэта Беларусі.
Разам з прэзідэнтамі Літвы і Польшчы Ігар Петрышэнка прыняў удзел у святой імшы ў Кафедральным саборы-базіліцы Святога Станіслава і Святога Уладзіслава. Сёння раніцай у гэтым саборы былі выстаўлены труны з парэшткамі кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання для грамадскага развітання.
Пасля цырымоніі ўскладання кветак кіраўнікі дэлегацый выступілі з прамовамі.
Раней паведамлялася, што чатыры магілы з астанкамі 20 паўстанцаў былі знойдзеныя на гары Гедыміна ў цэнтры Вільні восенню 2017 года. Дакладна ўстаноўлена, што ў адной з магіл былі астанкі Зыгмунта Серакоўскага. Ускосна пацверджана, што знойдзены і астанкі кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага.
Падчас урачыстай цырымоніі іх труны былі дастаўлены ў Віленскі Кафедральны сабор, а затым перавезены на могілкі Роса. Імёны паўстанцаў будуць напісаны на літоўскай, польскай і беларускай мовах.
Жыхары Вільнюса змогуць назіраць за цырымоніяй з усталяваных на Кафедральнай плошчы вялікіх экранаў, яе таксама транслююць па літоўскім і польскім тэлебачанні.
У беларускім грамадстве неаднаразова ўздымалася тэма магчымага перапахавання кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з журналістамі на выбарчым участку 17 лістапада выказаў свой [4] пункт гледжання з гэтай нагоды.
«Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце, грамадзянінам. Гэта быў чалавек нашай дзяржавы, і ад гэтага нікуды не дзенешся". Што тычыцца перапахавання астанкаў Кастуся Каліноўскага, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што іх чапаць не трэба. «Гэта мая пазіцыя. Пахавалі чалавека - няхай ён там спакойна ляжыць». «Я хачу, каб падобныя праблемы не размяжоўвалі, а аб'ядноўвалі народ», - рэзюмаваў беларускі лідар.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://www.zviazda.by/be/news/20191122/1574426878-igar-petryshenka-asoba-kalinouskaga-nazauzhdy-upisana-u-gistoryyu-belarusi
[4] http://zviazda.by/be/news/20191117/1573980398-alyaksandr-lukashenka-pragalasavau-na-parlamenckih-vybarah
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhaunaya-cyrymoniya-perapahavannya-astankau-paustancau-1863-1864-gadou
[6] https://zviazda.by/be/tags/kastus-kalinouski
[7] https://zviazda.by/be/tags/vilnyus