Мароз у восем градусаў жорстка шчыпаў за шчокі, нос, рукі, але гэта не перашкодзіла жыхарам Белай Дубровы, што ў Касцюковіцкім раёне, і іх гасцям адзначыць вясёлае народнае свята ў духу старадаўніх кірмашоў. Раней вёска, а сёння перспектыўны аграгарадок, заўсёды славілася сваімі гусінымі гаспадаркамі. Старажылы кажуць, што былі часы, калі ўся Бесядзь, адна з галоўных рэчак Касцюкоўшчыны і сапраўднае ўпрыгажэнне гэтага населенага пункта, была белая ад вялікай колькасці гусей. Жыццесцвярджальнае «га-га-га» і сёння даносіцца з тутэйшых падворкаў. А значыць, ёсць нагода для вясёлага фестывалю.
Цяпер кожны, хто завітае ў Белую Дуброву, будзе ведаць: гусь для гэтай мясцовасці — не проста птушка, гэта яшчэ знак багацця і дабрабыту. Якім той сімвал павінен быць, вырашалі не толькі аграгарадком, але і ўсім раёнам. Канчатковы эскіз зрабіла мясцовая мастачка Таццяна Хобатава, а ўвасобіў яго ў метале майстар Сяргей Курбанаў — расіянін з паходжання, але вялікі прыхільнік беларускай культуры. Атрымаўся гэтакі разухабісты гусак з гармонікам і кепкай. Адкрыццё прымеркавалі менавіта да Гусінага свята. У народным календары яно пазначана ў студзені, але ў Белай Дуброве лічаць, што ўсё ж такі лепш рабіць гэта на пачатку зімы. Менавіта цяпер ідзе актыўная нарыхтоўка гусінага мяса на зімовы перыяд, а потым птушку лепш не чапаць — яна нагульвае тлушч, рыхтуецца да абзавядзення нашчадкамі.
— Нарэшце мы вырашыліся з датай: будзем адзначаць Гусінае свята ў апошнюю суботу лістапада, — агучыў дату падчас адкрыцця старшыня Беладубраўскага сельсавета Мікалай Кажамякін. Ён асабіста прыклаў шмат намаганняў, каб у аграгарадка быў свой сімвал.
На адкрыццё арт-аб'екта прыехалі мясцовае кіраўніцтва, старшыні ўсіх сельсаветаў (іх у раёне сем). Мясцовую славутасць стваралі, як той казаў, усім светам. Вялікую дапамогу аказалі старшыня райвыканкама Дзмітрый Малашэнка, вядучыя прадпрыемствы раёна. Лясгас, напрыклад, зрабіў новую альтанку, і, як паабяцаў старшыня сельсавета, да лета прадпрыемства дапаможа яшчэ больш акультурыць месца адпачынку ў Белай Дуброве. У стварэнні аб'екта бралі ўдзел райаддзел па НС, камунальнікі, мясцовыя жыхары... Дарэчы, пастамент для гусака — камень вагой дзевяць тон — быў знойдзены ў кар'еры Высокае цэмзавода, што ў Касцюковічах. Падымала яго некалькі брыгад з дапамогай 10-тоннага крана. Ужо на месцы ратавальнікі дапамаглі «пасадзіць» камень, а будаўнікі паклалі вакол яго плітку.
Дарэчы, разам з Гусіным святам аграгарадок адзначыў і свой юбілей — 325 гадоў.
— Тут заўсёды жыло працавітае насельніцтва, якое трымала парасят, гусей, іншую жыўнасць, — кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Касцюковіцкага райвыканкама Святлана Лістраценка, якая шэсць гадоў працавала ў Белай Дуброве дырэктарам школы. — Гусей было шмат, таму што рака Бесядзь побач. На жаль, маладыя не вельмі любяць займацца гаспадаркай, магчыма, свята натхніць яшчэ кагосьці завесці гэтую птушку.
Жартаўлівую гісторыю пра гаспадынь, якія адна перад адной выхваляюцца, у каго гусі лепшыя, стварылі па народных матывах артысты мясцовага цэнтра культуры.
— Нічога не прыдумана, усё так і было, — сведчыць намеснік кіраўніка цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Святлана Захарэнка. — Гэта наша брэндавае мерапрыемства, па якім пазнаюць раён. Ездзілі з фальклорнымі экспедыцыямі да старажылаў, збіралі песні, абнавілі рэпертуар Гусінага свята, зрабілі яго больш шырокім і маштабным. У праграме задзейнічалі іншыя калектывы, у якіх быў фальклорны матэрыял па свяце. Цяпер мы яго возім па ўсіх форумах і рэкламуем. А каб было цікава і моладзі, старадаўнія традыцыі вырашылі асучасніць у адпаведнасці з праектам «Ад вытокаў да сучаснасці». Робім свята на новы лад, але з традыцыйнымі элементамі — гусінымі бягамі, кірмашом, прыпеўкамі. У гульнявой форме паказваем, як з печкай абыходзіцца, як віламі карыстацца і гэтак далей. На той жа штанзе ў нас замест металічных дыскаў — важкія гарбузы.
— Гусіная тэма нас усіх аб'яднала, — усміхаецца Мікалай Кажамякін. — Майстры вельмі падтрымалі. Зрабілі сувеніры з сімволікай, гаспадыні могуць набыць сабе на памяць апрацоўчую дошку з лагатыпам — танцуючая гусь. А мясцовых жыхароў, магчыма, такі падыход натхніць на жаданне завесці больш гусей, каб наша Бесядзь, як у былыя часы, была ад іх уся белая, каб мы елі карысныя прадукты, каб наш дабрабыт рос і мы квітнелі.
Якіх толькі прысмакаў не было на гасцінных сталах!
— Рулет мясны з яйкамі і блінамі, — дэманстравала свае ядомыя творы мастацтва пенсіянерка з Белай Дубровы Таццяна Яраш. — А гэта наша асноўная дамашняя ежа — сала з яйкамі і цыбуляй, — тое, што грэе ў зімовыя халады.
Таццяна Яраш запрашае пачаставацца.
На стале Таццяны Яраш чаго толькі не было: пірог з вішнямі, блінцы з тварагом, аджыка з кетчупам — рэцэпт такі смачны, што даўно стаў адным з папулярных у Белай Дуброве і нават за яе межамі. Дарэчы, жанчына трыццаць гадоў працавала... электразваршчыкам. Родам яна з Данецкай вобласці, там жа набыла экзатычную для слабага полу спецыяльнасць. Паспела папрацаваць у якасці зваршчыка на касцюковіцкім цэмзаводзе і ў камуналцы. У Беларусі жыве ўжо 22 гады, сюды яе прывёз муж-беларус. Тут нарадзіліся іх дзеці і таксама знайшлі сабе спадарожнікаў жыцця. Шчаслівая бабуля мае чатырох унукаў.
— Жывём у вёсцы і радуемся, іншага жыцця не жадаем, — кажа яна.
Смачную грэчку з тушонкай прыгатаваў ваенны камісарыят Касцюковіцкага раёна, а шурпу з бараніны — калгас «Белая Дуброва». Гаспадарка купіла барана, а гатаваў смакату яе работнік — Віталій Лызікаў. Гаспадар, дарэчы, жыве ў Белай Дуброве і таксама трымае гусей. Да свята наварыў 80 літраў шурпы!
Гасцей у Белую Дуброву прыехала, як пяецца ў вядомай песні, «з розных валасцей». Алена, напрыклад, турыст-аматар з Мінска. Прызналася, што працуе бухгалтарам і, каб не скіснуць зусім ад гэтых лічбаў, актыўна падарожнічае па народных святах. Адрасы знаходзіць на сайтах цэнтраў народнай творчасці. У Касцюковіцкі раён прыехала сваім ходам, прычым упершыню. І была ў захапленні. Цікавілася, як даехаць да Саматэвіч, каб на свае вочы ўбачыць славутую Свята-Троіцкую царкву, пра якую пішуць у інтэрнэце.
Таццяна Крымкова — жыхарка аграгарадка, прыйшла разам з мужам Русланам, сынам Данілам і дачкой Вікторыяй. У сям'і, дарэчы, чацвёра дзяцей. Зразумела, без гаспадаркі такому вялікаму сямейству на вёсцы не абысціся. На падворку ёсць свінні, куры. Цяпер Таццяна задумалася, каб завесці яшчэ і гусей. Свята вельмі натхніла.
А вось Соф'і Яфрэменцы, якой ужо за 80, хапае яшчэ сіл не толькі гусей глядзець, але і цялушку. Вясной карміцелькі не стала, дык жанчына папрасіла старшыню мясцовай гаспадаркі, каб дапамог прыдбаць цельную кароўку.
— Дзетачкі, трымайце гусей, трымайце жывёлу, а то развялося шмат сабак, а кароў няма, — перажывае пенсіянерка. — Вось я хачу, каб кароўка была на двары. Цяжка, але ж хачу, каб была менавіта свая. І гусей таксама павінна быць шмат. Выйду, пагляджу на нашу Бесядзь — так прыгожа, лес вакол. А раней, кажуць, тут толькі дуб рос ды бяроза. Таму і вёску сталі называць Белая Дуброва. Тут заўсёды жылі працавітыя людзі. Без працы якое жыццё? Калі нешта робіш, ніколі хварэць не будзеш. Варушуся — і ўсё нармальна, а лягу — галава, як у п'янай.
Стараста Белай Дубровы Людміла Стральцова таксама трымае гусей і іншым раіць. «Па-першае, мяса смачнае, па-другое, чысты прадукт, без дабавак: асноўная ежа гусей — трава ды вада. Я гатова кожнаму ахвотнаму падказаць, як разводзіць птушку. Не трэба будзе купляць у чужых, будзем гадаваць сваіх — беладубраўскіх.
Дэгустацыі, гульні, конкурс прыпевак, узнагароджанне работнікаў АПК — свята сапраўды атрымалася вясёлае і грунтоўнае. Прыпевачніцы, калектывы мастацкай самадзейнасці ад сельсаветаў, механізатары, трактарысты — найлепшыя з лепшых атрымалі дыпломы і сувеніры.
Галоўны сімвал свята.
— Па сутнасці, мы сёння падводзім вынікі сельскагаспадарчага года. Ён быў напружаны і складаны, але ўсе добра папрацавалі і маюць права добра адпачыць, — заўважыў старшыня Беладубраўскага сельсавета Мікалай Кажамякін.
— Для жыхароў аграгарадка гэта доўгачаканае свята, яго аднавілі дзякуючы ініцыятыве сельсавета, работнікаў культуры і ідэалогіі. Мерапрыемства атрымала раённы ўзровень, і гэта дае магчымасць адзначаць яго з раённым размахам. А для жыхароў аграгарадка ёсць магчымасць сабрацца разам і ў добрым настроі пабавіць час. Гэта аб'ядноўвае і выхоўвае любоў да малой радзімы, да сваёй зямлі, — адзначыла намеснік старшыні Касцюковіцкага райвыканкама Ірына Петрусевіч.
— Плануем, каб кожны населены пункт меў свой сімвал, сваё свята, — канстатавала Святлана Лістраценка. — Вось у Забычанні нядаўна адбылося Свята бульбы. Гэта ж наш другі хлеб, чаму б не прынесці яму даніну павагі? Гаспадыні нарыхтавалі на шэсць сталоў смакаты з бульбы. Спачатку была выстаўка, а потым дэгустацыя. Жыхары прадавалі бульбу, цыбулю, яблыкі. Заўсёды ў такіх мерапрыемствах задзейнічаныя райспажыўкааперацыя і самадзейнасць. Народ любіць і падсілкавацца, і патанчыць. У аграгарадку Тупічына яшчэ раней прайшло Свята цыбулі. А перад ім адбыўся Ільінскі кірмаш у Новых Саматэвічах. Ён праводзіўся з даўніх часоў, яшчэ ў старых Саматэвічах, але сёння гэта выселеная вёска. Мы ж адрадзілі традыцыю, і жыхары за гэта сказалі дзякуй.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gus
[4] https://zviazda.by/be/tags/gusinae-svyata-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaya-dubrova