Валявы падбародак, цвёрды позірк, шчыльна сціснутыя вусны — нават на фота ён выглядае рашучым і бескампрамісным. Нездарма яго баявая мянушка была менавіта Грозны. Гэта ён у 1942-м наводзіў жах на немцаў у Жлобінскім раёне. Імя героя — Іоў Крышнёў, камандзір партызанскага атрада «Смерць фашызму». У сваім баявым дзённіку ён апісаў падзеі за перыяд са жніўня 1942-га да сакавіка 1943 года. Такіх рарытэтных рэчаў не вельмі шмат, і бабруйская сям'я Яўзрэзавых вельмі ганарыцца, што мае такую рэліквію.
Герой жлобінскага падполля
Пра дзённік стала вядома выпадкова. Усё пачалося з праекта настаўніцы бабруйскай сярэдняй школы № 25 Валерыі Ткачук «Знаходка года». Яна прапанавала школьнікам расказаць пра самыя каштоўныя сямейныя рэліквіі. Настаўніца выкладае ў школе матэматыку, пры гэтым вельмі актыўна займаецца краязнаўчай работай. Прычым настолькі самааддана, што заражае сваёй энергіяй дзяцей. Разам яны ездзяць па месцах баявой славы, вядуць пошукі зніклых без вестак чырвонаармейцаў, пішуць даследчыя работы. Вось і на заклік расказаць пра гонар сваёй сям'і адгукнуліся многія.
— Тут такое высветлілася, што нават ніхто не чакаў, — у захапленні расказвае настаўніца. — У аднаго нашага хлопчыка абедзве бабулі — Героі Сацыялістычнай Працы. А Даша Яўзрэзава расказала пра партызанскі дзённік свайго прадзеда. Гэта была сапраўдная сенсацыя. Дзённік мы аблічбавалі і адзін з асобнікаў перадалі ў музей Вялікай Айчыннай вайны. Там вельмі зацікавіліся знаходкай і папрасілі перадаць арыгінал. Але сям'я не пагадзілася — для іх гэта вельмі дарагая рэч. Да таго ж быў яшчэ жывы прыёмны сын героя. А ён вельмі трапятліва ставіўся да ўсяго, што датычылася яго бацькі.
Нельга сказаць, што пра Іова Крышнёва мала інфармацыі. На Жлобіншчыне, дзе ён нарадзіўся, жыў, працаваў, а потым і ваяваў, яго памятаюць і шануюць. У Жлобіне ёсць нават вуліца яго імя. Але для даследчыкаў са школы № 25 было адкрыццём, што сям'я героя жыве ў Бабруйску.
У ліпені 1920-га Іоў Крышнёў быў прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на радзіму і быў абраны старшынёй камітэта беднаты Дабрагошчанскага сельсавета. З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны вёў актыўную падпольную дзейнасць па барацьбе з ворагам. Па заданні партыі прайшоў вучобу ў дыверсійнай школе ў Маскве і ў ліпені 1942 года на чале групы з 14 чалавек быў накіраваны ў тыл ворага ў Жлобінскі раён арганізатарам партызанскага руху і сакратаром падпольнага райкама партыі. У Маскве падпольшчыкі атрымалі зброю, боепрыпасы, прадукты і ў дваццатых чыслах ліпеня перайшлі лінію фронту ў раёне Суражскіх варот, што ў Віцебскай вобласці. Да Жлобінскага раёна яны прайшлі пешшу 600 кіламетраў. У пункт прызначэння — урочышча Блакітная Града за вёскай Антонаўкай — яны прыбылі толькі ў сярэдзіне верасня. З 14 чалавек дайшлі пяцёра, астатнія загінулі. Наколькі цяжкае і небяспечнае было партызанскае жыццё, можна меркаваць па запісах у дзённіку. Крышнёў апісвае выпадак, калі іх атрад акружылі ў балоце і ім давялося пэўны час галадаць. Сілы падтрымлівалі горкай рабінай. Спрабавалі пячы ягады, каб горычы не было, але ж атрымалася яшчэ горш. Ёсць запіс пра тое, як аднойчы траіх байцоў захапілі немцы, аднаго забілі, а двое ўцяклі. Забітага мясцовыя жыхары потым пахавалі, а вось уцекачы ў атрад не вярнуліся. Так, людзі былі розныя, не ўсе вытрымлівалі жорсткія выпрабаванні. Але ж колькасць партызан у атрадзе «Смерць фашызму» не памяншалася. Спачатку пад камандаваннем Іова Крышнёва ваявалі 37 чалавек, у лютым 1943-га атрад налічваў ужо 175 байцоў, а ў красавіку — 400. Калі колькасць змагароў перасягнула за тысячу, былі створаны два атрады. Іоў застаўся пры атрадзе «Жалязняк», з якога ў верасні 43-га ўтварылася партызанская брыгада. У хуткім часе яна злучылася з Чырвонай арміяй.
Ён замяніў яму бацьку
Мы сядзім з Аляксандрам Яўзрэзавым і яго дачкой у іх дома і згадваем пра іх гераічнага дзеда і прадзеда. На стале, засланым ручніком, ляжыць некалькі тоўстых сшыткаў, спісаных дробным почыркам, узнагароды, фотаздымкі.
— Дзённік адзін, але дзед двойчы перапісаў яго пасля вайны, — расказвае Аляксандр. — Гэта не проста копіі, там ёсць нейкія ўдакладненні і дапаўненні. Адзін асобнік дзед прысвяціў майму бацьку — Аркадзю. Гэта былі 60-я гады, бацька тады ўзначальваў саўгас «Мармоль» — на яго тэрыторыях якраз ваяваў дзед.
Сямейная гісторыя крыху заблытаная. Наогул Іоў Афанасьевіч Крышнёў не меў сваіх дзяцей. Але бацька Аляксандра — Аркадзь — замяніў Крышнёву сына. Герой стаў апекуном хлопчыка яшчэ да вайны. У сястры яго жонкі дзяцей было аж чацвёра. Калі іх бацька загінуў падчас фінскай вайны, удава пагадзілася аднаго з трох сваіх сыноў, Аркадзя, аддаць на выхаванне сястры Фядоры Еўдакімаўне і Іоу Афанасьевічу. Адной было цяжка падымаць дзяцей.
Бяда ў іх дом прыйшла ўжо пасля вайны. Іоў Крышнёў працаваў другім сакратаром Жлобінскага райкама партыі і ў той дзень знаходзіўся на нарадзе ў Гомелі. Толькі дома ён даведаўся, што яго маленькі Аркадзь гуляў з прыяцелем каля ракі і падарваўся на снарадзе. Кажуць, што калі мужчына пачуў пра гэта, у адзін момант пасівеў. Але хлопчык выжыў. Праўда, застаўся інвалідам: яму адарвала частку левай рукі, сур'ёзна пакалечыла нагу, а на правай руцэ засталося ўсяго два пальцы. Менавіта ў гэты дзень загінулі і два родныя браты Аркадзя. Яны пасвілі кароў на ўскрайку лесу і падарваліся. Гэта была вясна 44-га...
Справу працягнуў сын
Апошняя афіцыйная пасада Іова Крышнёва — сакратар партарганізацыі Бабруйскага прадпрыемства «Фандок». Але падарванае на вайне здароўе прымусіла раней пайсці на адпачынак. Сын Аркадзь стаў для ветэрана сапраўдным гонарам. Інваліднасць не перашкодзіла яму скончыць школу
з сярэбраным медалём, а Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках — з чырвоным дыпломам. Ён і кіраўніком быў адказным.
Апошнія гады свайго жыцця Іоў Крышнёў працаваў над мемуарамі, даваў інтэрв'ю, якія ўвайшлі ў шматлікія дакументальныя выданні пра вайну. Унук сабраў каля 10 розных кніг, дзе ёсць успаміны дзеда. Чатыры гады таму дамашняя бібліятэка папоўнілася яшчэ адным выданнем. Сачыненне Дашы пра прадзеда ўвайшло ў кнігу «Ніколі не забудзем. Унукі пра вайну», якая была прымеркавана да 70-й гадавіны Вялікай Перамогі і Дня Незалежнасці. Дарэчы, кніга надрукаваная Выдавецкім домам «Звязда».
Калі Іоў Крышнёў памёр, Аляксандру было ўсяго пяць гадоў. У памяці засталося мала чаго звязанага з ім.
— Памятаю, як ён з бабуляй вучыў мяне лічыць на каштанах, — усміхаецца Аляксандр. — А яшчэ запомнілася, што ён быў вельмі строгі. Адпавядаў мянушцы Грозны. Строгі, але справядлівы. Для яго гонар, сумленне былі не проста словы — прынцыпы жыцця. Старэйшыя браты расказвалі, што толькі з-за свайго характару ён не атрымаў зорку Героя Савецкага Саюза. Хоць усе, хто кіраваў дыверсійнымі групамі на суседніх тэрыторыях, былі ўзнагароджаны. Ён нават дазваляў сабе спрачацца з Васілём Каржом — камандзірам партызанскага аб'яднання. А прынцыповых не вельмі любяць. Частка ўзнагарод дзеда, у тым ліку яго ордэн Чырвонага Сцяга, захоўваецца ў Жлобінскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Там жа знаходзіцца і дзедаў нямецкі «Вальтар» з гравіроўкай на рукаятцы. Трафейны, дарэчы: ён яго ў нямецкага афіцэра забраў. Гэты пісталет я добра запомніў. Ужо пасля смерці дзеда яго сябры збіраліся на месцы былых баёў, згадвалі, як дзеду дастаўся пісталет, стралялі з яго. Старэйшаму і сярэдняму братам таксама далі стрэльнуць па разе, а мне — не. Сказалі, што малы яшчэ.
Так становяцца патрыётамі
Гонар канкрэтнай сям'і стаў нагодай для гонару іншых вучняў школы. Гісторыяй Грознага захапіўся сын настаўніцы — Антон Ткачук, тады яшчэ шасцікласнік. Ён нават прапанаваў прайсці па слядах гераічнага атрада. У складзе групы школьнікаў юны краязнавец пабываў у Жлобінскім раёне, а потым напісаў даследчую работу пра баявы шлях Іова Крышнёва. На гарадскім конкурсе даследчых работ па краязнаўстве яна заняла першае месца. Наогул тэма вайны так захапіла хлопца, што ён вырашыў стаць выкладчыкам гісторыі. Сёлета Антон паступіў у Мазырскі педагагічны ўніверсітэт.
Не прайшлі бясследна экспедыцыі па месцах баявой славы і для астатніх школьнікаў. Той жа Максім Алферчык сёння рэканструктар вядомага клуба «Бабруйскі рубеж». На жывых гісторыях ваеннага гераізму выхоўваюцца і сённяшнія школьнікі. І настаўніца Валерыя Ткачук ім у гэтым вельмі дапамагае.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vayna
[4] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/geroy
[6] https://zviazda.by/be/tags/fashysty
[7] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[8] https://zviazda.by/be/tags/belarus-pamyatae
[9] https://zviazda.by/be/tags/patryyatychnaya-akcyya-belarus-pamyatae