Апошні год камунальнікі ў сферы капрамонту працуюць у новых умовах, якія арыентаваны перш за ўсё на работу з кліентам — уласнікам і спажыўцом паслугі капітальнага рамонту. Новыя падыходы да арганізацыі апошняга вызначылі, у прыватнасці, парадак правядзення капрамонту ў дамах таварыстваў уласнікаў (ТУ) і арганізацый-забудоўшчыкаў за кошт сродкаў, прадугледжаных на капрамонт жылфонду. Вызначана, што ТУ і жыллёва-будаўнічыя кааператывы ў выпадку адлічэння платы за капрамонт або адначасовага пакрыцця неабходнай сумы, разлічанай з 1999 года па форме, таксама маюць права ўдзельнічаць у праграме капрамонту.
Прынята таксама абмежаванне на ўвод агульнай плошчы пасля капрамонту шляхам уводу толькі асобных пускавых комплексаў. Адно з асноўных новаўвядзенняў, унесеных Пастановай № 324, — арганізацыя і правядзенне сходаў з жыхарамі да таго, як будзе падрыхтавана заданне на праектаванне правядзення капрамонту.
Аднак, як гэта часта бывае, планы адрозніваюцца ад таго, што адбываецца па факце. Адпрацаваўшы па новых правілах амаль год, камунальнікі падвялі вынікі работ, разгледзелі праблемы, якія ўзнікаюць на аб'ектах найчасцей, і пастараліся разабрацца, чаго не хапае для эфектыўнай работы.
Дзве трэці плюс сумленнасць
Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр ЦЕРАХАЎ заўважыў:
— За апошнія пяць гадоў мы ўрэгулявалі асобныя пытанні, якія датычацца арганізацыі і правядзення капрамонту. Перш за ўсё стараліся ў кожнага, хто займаецца гэтай справай, укараніць думку, што мы працуем для спажыўца, для чалавека, ён наш самы галоўны заказчык. Таму ўся работа ў Пастанове № 324 выбудавана вакол чалавека і для чалавека. Гэта сведчыць пра тое, што ўласнік памяшкання павінен быць уцягнуты ў працэс выпрацоўкі праектных рашэнняў, іх прыняцця, а таксама ўдзельнічаць у прыёмцы работ пасля капрамонту. Аднак гэтыя патрабаванні выконваюцца не паўсюдна, і мы бачым пацвярджэнне таму праз гарачыя лініі, прыёмы, звароты грамадзян.
Ён нагадаў камунальнікам, што дзве трэці сродкаў для капрамонту накіроўваюцца бюджэтам. І неабходна эфектыўна выкарыстоўваць кожны бюджэтны рубель пры разліку кошту выканання работ на кожным квадратным метры жылля. «Хочацца, каб у гэтай паслузе працавалі людзі, якія прафесійна ставяцца да пытання», — падкрэсліў міністр.
Тым больш што Указ Прэзідэнта № 327 аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры правядзенні энергаэфектыўных мерапрыемстваў вось-вось увойдзе ў сілу (у снежні), і неабходна неадкладна вырашаць пытанні, якія звязаны з практычнай рэалізацыяй гэтага дакумента — магчыма, і перагледзець Пастанову № 324, якая датычыцца набору работ і кошту квадратнага метра жылля.
Агульны сход і яго мэты
Каб прыцягнуць уласнікаў да планавання і правядзення капрамонту, задоўга да разгортвання будаўнічага гарадка жыхарам неабходна расказаць, што мяркуецца зрабіць падчас рамонту згодна з вынікамі абследавання будынка. Фактычна рамонт разгортваецца за год да яго фізічнага пачатку, канстатуе Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі ЖКГ:
— Трэба расказваць людзям аб перавагах уцяплення і ўстаноўкі індывідуальных прыбораў уліку цеплаэнергіі. Прапаноўваць правесці дадатковыя работы па цеплавой мадэрнізацыі дома, каб зрабіць жыллё больш камфортным і ў будучыні эканоміць на паслузе ацяплення. Звяртаць увагу спажыўцоў, што дзяржава прапануе ім падтрымку ў вырашэнні гэтага пытання і арганізацыі работ у цэлым. У прыватнасці, абмяркоўваць магчымасць пераводу дамоў з газавымі калонкамі і пячным ацяпленнем на электрычнае абсталяванне.
Падчас агульнага сходу можна таксама высветліць праблемы ў асобных кватэрах, якія не ўдалося знайсці пры абследаванні дома: вызначыць стан балконаў, наяўнасць вільгаці ў пакоі або прамярзання сцен ці неабходнасць замены інжынернага абсталявання.
— Як паказвае практыка, гэтыя сходы, на жаль, не заўжды праводзяцца. Да грамадзян не даводзіцца важная інфармацыя, у выніку расце колькасць зваротаў і нараканняў, — абазначыў начальнік упраўлення. — Некаторыя кіраўнікі лічаць сходы непатрэбнай мерай — што спажыўцам гэта не трэба, і сход толькі марнуе час, маўляў, людзі або не прыйдуць, або не выкажуць ніякіх прапаноў.
На сходах жыхарам павінны паведаміць інфармацыю аб прыёмных днях грамадзян, аднак часта такія прыёмы ўвогуле адсутнічаюць.
— Вынікі сходу павінны афармляцца пратаколам, які ў шэрагу іншых дакументаў з'яўляецца падставай для фарміравання заданняў на праектаванне па капрамонце і ўключэння ў праект дадатковых рамонтных работ, — падкрэсліў міністр.
Абследаванне, інфармацыя, дагавор
Непасрэдна перад пачаткам работ законам прадугледжана не пазней чым за 10 дзён правесці выніковы сход са спажыўцамі, падчас якога трэба прадставіць адказнага за правядзенне работ з боку падрадчыка, заказчыка і паведаміць пра віды работ, якія ўвайшлі ў склад праекта з улікам абследавання і прапаноў жыхароў. Неабходна таксама заключыць дагаворы з людзьмі на правядзенне работ.
— Часта замест гэтага дагаворы проста кідаюць людзям у паштовыя скрыні. А аб'явы пра сход вывешваюць на інфармацыйных дошках, дзе яны праіснуюць пару дзён, а новыя ніхто дадаткова не клеіць, — каментуе сітуацыю Андрэй Рамашка. — Вядома, пры такой арганізацыі інфармавання пра сход на яго ніхто не прыйдзе. А дагаворы будуць заключаны ўжо падчас работ, а то і перад уводам будынка ў эксплуатацыю.
Больш за траціну ўсіх праектаў па капрамонце мае патрэбу ў дапрацоўцы і вяртаецца для ўнясення змен. Гэта адбываецца ў выніку няякаснага абследавання дамоў на перадпраектнай стадыі, лічыць спецыяліст:
— Ёсць выпадкі, калі арганізацыі, якія праводзяць перадпраектнае абследаванне, няправільна ўказваюць матэрыял сцен, цокаля і іншых канструктыўных элементаў дома, а таксама іх геаметрычныя памеры. Гэта прыводзіць да няправільнага цеплатэхнічнага разліку, выбару матэрыялаў, вымушаных дадатковых работ па ўцяпленні і тынкаванні. Прынамсі, ёсць выпадкі, калі заказчык вяртаецца на аб'ект пасля завяршэння капрамонту, каб спраектаваць і замяніць балконы, якія не былі даследаваны на пачатковай стадыі.
Жыхары часта скардзяцца на нізкую якасць выканання работ падраднымі арганізацыямі. На думку Андрэя Рамашкі, гэта звязана з невыкананнем заказчыкам сваіх абавязкаў:
— На працягу ўсяго рамонту заказчык павінен каардынаваць дзеянні структур і арганізацый, ад якіх залежыць своечасовасць выканання работ на аб'екце, а таксама сачыць за іх якасцю і ажыццяўляць сувязь з насельніцтвам. Няякасныя работы не прымаюцца і не аплачваюцца, а ўсе дэфекты павінны выпраўляцца падчас капрамонту. Каб жыхары маглі вырашаць індывідуальныя пытанні і не закідваць зваротамі дзяржорганы, людзі павінны ведаць прозвішча і кантакты інжынера капрамонту. Большасць пытанняў можна вырашыць на аб'екце ў рабочым парадку. Аднак ні на адным аб'екце капрамонту, які мы наведалі, няма звестак ні пра прыёмныя дні, ні пра адказных асоб.
Смецце і кампетэнцыі
Вялікая і агульная праблема падчас капрамонту — немагчымасць падрадчыка дамовіцца з жыхарамі, каб трапіць у кватэру для замены інжынерных сетак і ўзгаднення графіка адключэння вады і газу. Гэта таксама вынікае з дрэннай арганізацыі дыялогу са спажыўцом на перадпраектнай стадыі. Разам з тым падпісаны з кожным уласнікам дагавор на правядзенне капрамонту павышае шанцы работнікаў трапіць у кватэры грамадзян, бо ён прадугледжвае двухбаковую адказнасць за своечасовае правядзенне работ.
— Выклікае нараканні і стаўленне падрадчыка да жыхароў, калі адключаны асноўныя сеткі газа- і водазабеспячэння, а альтэрнатыўныя варыянты не арганізаваны, напрыклад, той жа падвоз вады, калі неабходна, — дадае спецыяліст. — А таксама тэрміны правядзення работ у кватэрах, калі пасля замены сетак тыднямі не выконваецца аднаўленне адстройвання, а людзі мусяць жыць літаральна ў гразі.
Праблемы ўзнікаюць і з арганізацыяй будаўнічых гарадкоў і пляцовак для захоўвання матэрыялаў. Часам яны ляжаць пад адкрытым небам і ў выніку псуюцца або не падвозяцца ў час, што замаруджвае тэмпы работ.
— Будаўнічае смецце, невыкананне поўнага комплексу работ, прадугледжанага дакументацыяй, адсутнасць некаторых дакументаў, неабходных для ўводу аб'екта ў эксплуатацыю, ігнараванне падрадчыкам выяўленых недахопаў і іх ліквідацыі вядуць да павелічэння тэрмінаў будаўніцтва і кошту капрамонту, — упэўнены Андрэй Рамашка. — Прымаць у эксплуатацыю будынак можна толькі па завяршэнні ўсіх работ.
Новыя падыходы да арганізацыі капрамонту вымушаюць работнікаў мець большыя кампетэнцыі. Гэта патрабуе дадатковай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі.
— Улічваючы наяўнасць праблемных пытанняў, а таксама часам неразуменне арганізацыямі самога працэсу капрамонту, наспеў час стварыць асобны навучальны курс па павышэнні кваліфікацыі работнікаў, — лічыць начальнік упраўлення.
У гэтым кірунку ўжо зроблены першыя крокі. Створаны метадычныя рэкамендацыі па капрамонце. Распрацоўваюцца рэкамендацыі па правядзенні энергаэфектыўных мерапрыемстваў, што будуць змяшчаць у тым ліку і пытанні іх арганізацыі ў комплексе з правядзеннем капрамонту, а таксама больш падрабязнае апісанне методыкі і спецыфікі работы з насельніцтвам, у прыватнасці адносна правядзення сходаў.
Як бачым, і жыхарам, і камунальнікам яшчэ неабходна вучыцца разуменню і выкананню сваіх абавязкаў. А пакуль усе разам чакаем снежня і магчымасці ўцяпляць і мадэрнізаваць дом падчас капрамонту з улікам усіх пажаданняў жыхароў.
Ірына СІДАРОК
Прэв'ю: sari.rk.gov.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/kapitalny-ramont
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhkg