Для нашых спартсменаў гэта галоўны турнір у сезоне: акрамя медалёў, яны паспрачаюцца за алімпійскія ліцэнзіі. Спаборніцтвы праходзяць у сучасным гімнастычным цэнтры «Арыэйк», узвядзенне якога завяршылася роўна месяц таму. Менавіта батутыстам, а таксама прадстаўнікам двайнога міні-трампу і акрабатычнай дарожкі выпаў гонар першымі выпрабаваць знакавы аб'ект, на якім ужо налета пройдуць алімпійскія спаборніцтвы ў скачках на батуце, спартыўнай і мастацкай гімнастыцы.
З 28 лістапада да 1 снежня за 15 камплектаў узнагарод чэмпіянату свету спрачаюцца 340 спартсменаў з 37 краін. Па восем фіналістаў у мужчынскіх і жаночых індывідуальных скачках атрымаюць запаветныя ліцэнзіі на Алімпіяду, аднак ёсць абмежаванне: пуцёўку ў канкрэтным відзе атрымае максімум адзін спартсмен ад краіны.
У беларускім складзе мужчынскай каманды — вопытныя Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў, а таксама юныя Іван Літвіновіч і Аляксей Дудараў, усе яны выступаюць у індывідуальных скачках. У сінхронных беларускія пары выглядаюць так: Аляксей Дудараў і Арцём Жук, а таксама дзеючыя чэмпіёны Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў. У заяўцы жаночай каманды — Марыя Махарынская, Ангеліна Хацян і Валянціна Багамолава. Дзве апошнія дзяўчыны складуць адзіную беларускую пару ў сінхронных скачках. У скачках на акрабатычнай дарожцы Беларусь прадставіць Дзмітрый Навасёлаў.
Адзначым, што Уладзіслаў Ганчароў зараз лідзіруе ў сусветным рэйтынгу, у гэтым сезоне ён ужо перамагаў на этапах Кубка свету.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Прэв'ю: noc.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/skachki-na-batuce