У паўфінальных спаборніцтвах ICPC, якія завяршыліся ў Санкт-Пецярбургу, прынялі ўдзел 310 універсітэцкіх каманд з 11 краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кіргізіі, Латвіі, Літвы, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Беларусь прадстаўлялі тры зборныя БДУІР, пяць каманд БДУ і па адной камандзе ад ГрДУ імя Я.Купалы, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і БНТУ.
Паўфінал Чэмпіянату свету праходзіў адначасова ў Санкт-Пецярбургу, Алма-Аце, Барнавуле і Тбілісі. Удзельнікам прапаноўвалася вырашыць 12 задач за 5 гадзін. Хлопцы распрацоўвалі алгарытм, даказвалі яго правільнасць і аптымальнасць, пісалі праграму на адной з моваў праграмавання і адпраўлялі для праверкі ў аўтаматызаваную сістэму. Згодна з рэгламентам, кожная каманда працавала на адным камп’ютары. Перамога прысуджалася зборнай, якая вырашыла большую колькасць задач за найменшы час.
У фінале чэмпіянату свету па праграмаванні, які пройдзе ў чэрвені 2020 года ў Маскве, Беларусь упершыню будуць прадстаўляць студэнты адразу трох ВНУ: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, БДУІР і БНТУ.
"Задачу, якая была пастаўлена перад камандамі БДУІР, мы выканалі — прайшлі ў наступны фінальны этап спаборніцтваў. А гэта каля 120 найлепшых каманд універсітэтаў з усяго свету. Безумоўна, вынік мог быць лепшы, без памылак не абышлося, як, напэўна, у любым відзе спорту. Але зараз у каманды ёсць паўгода да фіналу, каб працягнуць трэніроўкі і выйсці на сваю пікавую форму ", - адзначыў трэнер каманд Belarusian SUIR # 1 і # 2 Аляксей Ропан.
Чэмпіянат свету па праграмаванні сярод студэнтаў (ICPC ) праводзіцца з 1977 года. Штогод у ім бяруць удзел каля 50 тысяч студэнтаў з больш чым 3000 універсітэтаў.
Надзея НІКАЛАЕВА
На фота: зборная студэнтаў ФКСіС БДУІР Belarusian SUIR #2: Уладзіслав Вішнеўскі, Валерый Шавель, Іван Удовін і іх трэнер Аляксей Ропан
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[2] https://zviazda.by/be/tags/pragramiravanne
[3] https://zviazda.by/be/tags/studenty