У аграгарадку Пагранічная планавае правядзенне флюараграфіі скончылася здарэннем. Пацыент збіў урача перасоўнага рэнтген-кабінета і пашкодзіў абсталяванне ў аўтамабілі медыкаў.
Усё здарылася каля поўдня. Па інфармацыі УУС Брэсцкага аблвыканкама, памочніца ўрача на вуліцы запісвала ахвотных прайсці флюараграфію. Адзін з пацыентаў пасля працэдуры пачаў фліртаваць з ёй, усяляк спрабуючы ўзяць за рукі. Пазбавіцца на час ад назойлівага мужчыны дапамог калега, паклікаўшы дзяўчыну ў рэнтген-кабінет.
Вясковец аказаўся залішне настойлівым. Спачатку ён патрабаваў упусціць яго ў кузаў, а затым і зусім кінуўся з кулакамі на ўрача, парваўшы ў таго халат і прычыніўшы розныя цялесныя пашкоджанні. Калі мужчыну адцягнулі мінакі, пацярпеламу атрымалася забегчы ў кабінет і зачыніцца знутры.
Аднак крыўдзіцель працягнуў хуліганіць: біў рукамі і нагамі спецаўтамабіль, а таксама пашкодзіў ў ім электраабсталяванне. У выніку 43-гадовага пацыента затрымала міліцыя.
Па гэтым факце следчыя распачалі крымінальную справу за хуліганства. Падазраванаму можа быць прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв'ю: kpsu.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kamyanecki-rayon-1