Пра гэта паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.
У Ваўкавыскі РАУС патэлефанаваў мясцовы жыхар 1973 года нараджэння, які паведаміў, што выявіў патроны, калі распіваў спіртныя напоі. На месца небяспечнай знаходкі выбыла следча-аператыўная група.
Ужо ў ходзе далейшай праверкі ўдалося ўстанавіць больш дакладныя абставіны здарэння. Аказалася, што грамадзянін распавёў не ўсю праўду пра тое, як выявіў боепрыпасы. У мужчыны быў таварыш, якога ўжо няма ў жывых. За некаторы час да сваёй смерці ён праводзіў земляныя работы і выявіў патроны, якія схаваў у бляшанку ад фарбы і пакінуў на ўчастку. Пасля смерці таварыша грамадзянін вырашыў пазбавіцца ад небяспечнай знаходкі і паведаміў пра ўсё ў міліцыю.
Боепрыпасы былі канфіскаваныя супрацоўнікамі РАУС і накіраваны для правядзення балістычнай экспертызы ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці. У бляшанцы аказалася 120 патронаў.
Паводле заключэння эксперта, яны выраблены завадскім спосабам і з'яўляюцца англійскімі вінтовачнымі патронамі -- боепрыпасамі да ваеннай вінтоўцы “mod.1”, паляўнічым вінтоўкам “Lee” і “Winchester mod.95” і інш. Патроны прадастаўлены на экспертызу ў непрыдатным для стральбы стане. Большая частка з іх выраблена ў 1939 годзе.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв'ю: Вікімедыя
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/patrony
[2] https://zviazda.by/be/tags/vaukavysk