Крымінальная справа за незаконнае пазбаўленне волі распачата ў дачыненні да 24-гадовага жыхара вёскі Хатамель. У сярэдзіне кастрычніка мужчына залез у дом аднавяскоўкі, збіў яе сужыцеля, а затым абодвух звязаў і пакінуў ляжаць на падлозе, паведамілі ў МУС.
Пацярпелых выявіла суседка, якая зайшла ў госці і адразу ж выклікала міліцыю. Гаспадары распавялі, што ўжо спалі, калі пачулі, як нехта вырваў металічную клямку, на якую замыкаліся ўваходныя дзверы. Няпрошаным госцем апынуўся знаёмы, які шукаў кампанію выпіць з ім гарэлкі.
Пара адмовілася ладзіць застолле і папрасіла аднавяскоўца сысці. Замест гэтага сусед пачаў лаяцца, а затым збіў мужчыну, які спрабаваў яго выправадзіць. Гаспадыня хацела абараніць каханага, аднак у выніку абодва апынуліся на падлозе са звязанымі рукамі і нагамі. У якасці падручных сродкаў падазраваны выкарыстаў шторы і кавалак шпагату. Перад сыходам ён збіў звязанага мужчыну гумовым шлангам, які знайшоў у двары.
У той жа вечар сышчыкі знайшлі маладога чалавека. З яго слоў, на злачынства ён рашыўся з-за моцнага ап'янення і адмовы пацярпелых выпіць з ім.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alkagol