У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі заззяла «Калядная зорка» — XXIII рэспубліканская выстаўка дэкаратыўна-прыкладной творчасці з вырабаў, змайстраваных рукамі дзяцей.
Больш за 400 работ з паперы, саломы, футра, нітак, дрэва і іншых матэрыялаў ператварылі залу ў сапраўдную скарбніцу чараўніцтва. Навагоднія цацкі, казачныя дрэвы, саламяныя анёлы, дзіўныя кветкі, смешныя жывёлы — багата тут усяго. Адной толькі мышы — гадоўнага сімвала надыходзячага года я налічыла штук 20: і з ніцей, і з тканіны, і з футра…
Дзед Мароз са Снягуркай павіншавалі і ўручылі падарункі малым з SOS-вёскі ў Бараўлянах, сталічнай дапаможнай школы-інтэрната № 7, дзіцячага дома №7 «Сем Я» у Мінску, рудзенскай дапаможнай школы інтэрната, сацыяльна-педагагічнага цэнтра Маскоўскага раёна сталіцы.
Аляксандр КАДЛУБАЙ, намеснік міністра адукацыі, пажадаў рабятам дасягаць новых вышынь у вучобе, спорце і творчасці:
— Мы сёння ў цудоўнай атмасферы пераднавагодняга цуда. Гэтай акцыяй мы нагадваем дарослым, каб яны заўважылі маленькіх грамадзян, якім гэты цуд патрэбны. Каб дапамаглі Дзеду Марозу і Снягурцы здзейсніць усе пажаданні і мары.
Дзеці, у сваю чаргу, танчылі і спявалі, вадзілі карагоды, а яшчэ кожны змайстраваў сабе навагоднюю адкрытку на адмысловым майстар-класе.
Ірына СІДАРОК, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-centr-mastackay-tvorchasci
[5] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[6] https://zviazda.by/be/tags/novy-god
[7] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci