У цэнтральным універмагу Магілёва пройдуць дабрачынныя канцэрты з удзелам юных музыкантаў Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў, піша [1] БЕЛТА са спасылкай на метадыста гімназіі-каледжа Таццяну Шлягер.
"Музыка дабра" - гэта валанцёрскі атрад гімназіі-каледжа. Навучэнцы арганізуюць дабрачынныя выступленні, каб сабраць сродкі для здзяйснення дзіцячых жаданняў. Дзякуючы такім канцэртам у 2018 годзе яны змаглі спраўдзіць мару Лёшы Хрысцічэнкі, вучня Асіповіцкай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату - хлопчыку падарылі ноўтбук.
"У гэтым годзе ў канцэртных праграмах будуць удзельнічаць больш за 20 чалавек. Але пройдуць не толькі канцэрты. Валанцёры "Музыкі дабра" будуць працаваць з наведвальнікамі ўнівермага "Цэнтральны" - раздаваць флаеры, расказваць, чыю мару яны змогуць здзейсніць напярэдадні Новага года. Канцэрты будуць праходзіць з 26 па 30 снежня", - адзначыла Таццяна Шлягер.
У Цэнтральным універмагу Магілёва будуць выступаць лаўрэаты і ўдзельнікі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. "Галоўная мэта такіх выступленняў - сабраць грошы, каб здзейсніць у навагоднія святы жаданні цяжкахворых дзяцей. Гэта добрая традыцыя зарадзілася ў 2018 годзе. Тады за чатыры дні канцэртаў мы змаглі сабраць больш за Br2 тыс. - падзялілася Таццяна Шлягер. - Такога ніхто не чакаў. Дзеці былі вельмі рады, што іх ініцыятыву падтрымала не толькі кіраўніцтва ўнівермага, дзе праходзілі канцэрты, але і магіляўчане. У гэтым годзе дзеці ўжо са жніўня цікавіліся, каму мы будзем дапамагаць на гэты раз".
У першы дзень, 26 снежня, канцэрт пройдзе ў 12.15. А 27 снежня выступленне юных музыкантаў адбудзецца ў 16.19. Паводле слоў Таццяны Шлягер, гэта зроблена для таго, каб вызначыць, калі людзі найбольш адкрытыя для дапамогі іншым. Пасля будзе вырашана, у які час пройдуць астатнія канцэрты.
Прэв'ю: culture.ru
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/pasluhats-muzyku-dabra-mozhna-budze-u-magileve-z-26-snezhnja-83743-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kancert
[3] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/magilyou