У Заводскае РУУС сталіцы звярнуўся 62-гадовы гараджанін: з яго кватэры і аўтамабіля была выкрадзена маёмасць.
Праваахоўнікам мінчанін распавёў, што заўважыў прапажу курткі і кія толькі праз некалькі гадзін пасля таго, як вярнуўся дадому з прагулкі. Не знайшоўшы рэчы, мужчына вырашыў праверыць прыпаркаваны каля дома аўтамабіль. Агледзеўшы машыну, заяўнік заўважыў, што з яе таксама выкрадзена частка маёмасці.
Аператыўнікі ўстанавілі, што да ўсяго гэтага аказаўся датычны раней судзімы непрацуючы 39-гадовы жыхар сталіцы. Праваахоўнікам ён растлумачыў, што трапіў у жыллё пацярпелага, калі прыходзіў у госці да свайго таварыша. Спускаючыся па лесвіцы, мужчына звярнуў увагу на незачыненыя ўваходныя дзверы адной з кватэр. Прыадчыніўшы іх, зламыснік выцягнуў куртку і кій. У кішэні вопраткі ён знайшоў ключы ад аўтамабіля. З дапамогай бірулькі сігналізацыі атрымаў доступ да машыны, з якой прыхапіў шліфавальную машынку і дамкрат.
Частку маёмасці ў мужчыны канфіскавалі. Устаноўлена, што інструмент ён прадаў свайму суседу за 15 рублёў, а выкрадзенай курткай карыстаўся сам, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.
Раней мужчына ўжо неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўчыненне аналагічных дзеянняў.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв'ю: primarie6.ro
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni
[2] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk